Расія. Наступным прэзідэнтам будзе Гары Потэр?
Расію ахапіла новая мода — высоўваць сябе кандыдатам на пасаду прэзідэнта на выбарах 2018 года. Першым, як вядома, вырашыў падацца ў расійскія гаранты апазіцыйны блогер Аляксей Навальны. На наступны дзень пра свае амбіцыі заявіў Дзмітрый Дзёмушкін, адзін з лідараў расійскага нацыяналістычнага руху.
Праўда, найбольшы інтарэс у грамадстве выклікалі словы Дзёмушкіна пра тое, што ён і яго прыхільнікі гатовыя падтрымаць ліберальнага палітыка накшталт Керанскага, калі ён дапаможа не дапусціць пераабрання Пуціна.
На гэтым марафон кандыдатаў не закончыўся. Пра намер прыняць удзел у кампаніі заявіла створаная яшчэ ў 2003 годзе ініцыятыўная група паліттэхнолагаў «Гары Потэр». Гэта група лічыць, што добрыя шансы на выбарах мае палітык, які напярэдадні выбараў зменіць пашпартныя дадзеныя, стаўшы цёзкай добрага чараўніка Гары Потэра. Імя гэтага палітыка, безумоўна, будуць трымаць у тайне да апошняга дня.
Па словах паліттэхнолагаў, Потэр настолькі папулярны ў рускім грамадстве, што кандыдату адразу гарантавана як мінімум 10 працэнтаў. Праўда, магчыма, праект «Гары Потэр» ніколі не ўвасобіцца ў жыццё. Ходзяць плёткі, што яго прыдумалі ўлады, каб адцягнуць увагу ад Навальнага.
Паводле расійскай прэсы