Беларусы Нью-Ёрка: Сіла супраціву нашага народа — у руках саміх беларусаў
У нядзелю, 31 кастрычніка, у цэнтры Нью-Ёрка, на Манхэтане, каля будынка Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, сабраліся амерыканскія беларусы, каб выказаць сваю падтрымку змаганню беларускага народа супраць гвалту і рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі. Мітынг арганізавала Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА).

Беларусы Нью-Ёрка выказваюць салідарнасць з народам Беларусі:
«Беларускі народ перажывае цяжкія часы рэпрэсій і гібрыднага генацыду. Тысячы людзей знаходзяцца ў турмах па фальшывых абвінавачаннях і незаконных прысудах. У турмах людзей катуюць, зненважаюць іх чалавечую годнасць, адмыслова ствараюць умовы для страты здароўя і нават смерці. Катаванне людзей з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці і падлягае міжнароднаму суду і пакаранню. Тыя, хто ажыццяўляе гэтыя злачынствы, не пазбегнуць адказнасці».

Беларусы Нью-Ёрка адзначылі, што сіла супраціву нашага народа ў руках саміх беларусаў, што трэба шанаваць нашую мову, гісторыю, культуру і нашу нацыянальную годнасць.
«Нам трэба быць салідарнымі ў адстойванні нашых нацыянальных каштоўнасцяў, нашых правоў і нашага нацыянальнага гонару. Беларусы ўсяго свету павінны падтрымліваць усімі магчымымі сродкамі сваю Бацькаўшчыну.
Мы, амерыканскія беларусы, падтрымліваем усе формы і спосабы змагання з дыктатураю, у тым ліку і агульнананацыянальны страйк».

Паводле прэс-рэліза