Баевікі «Талібана» забілі сваяка журналіста DW
Баевікі «Талібана» забілі сваяка журналіста DW — пра гэта паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў» са спасылкай на «Deutsche Welle». DW разам з іншымі СМІ заклікала ўрад ФРГ выдаць у экстраным парадку візы мясцовым журналістам і іх сем'ям, якія працавалі для нямецкіх выданняў, каб пакінуць краіну, захопленую «Талібанам».
Баевікі «Талібана» на захадзе Афганістана забілі аднаго і цяжка паранілі яшчэ аднаго блізкага сваяка журналіста DW, паведаміла ў чацвер, 19 жніўня, кіраўніцтва медыякампаніі. Паводле яго даных, «Талібан» шукаў журналіста, які ў цяперашні час ужо знаходзіцца ў Германіі. Як паведаміла кампанія, іншыя яго сваякі змаглі выратавацца ў апошні момант і цяпер вымушаныя хавацца ад пераследнікаў.
Генеральны дырэктар DW Петэр Лімбург асудзіў гэтае злачынства і заклікаў урад Германіі да рашучых дзеянняў. «Забойства сваяка аднаго з нашых супрацоўнікаў "Талібанам" паказвае, наколькі небяспечна журналістам і іх сем'ям знаходзіцца ў Афганістане ў цяперашні час», — сказаў ён. Гледзячы па ўсім, «Талібан» мэтанакіравана шукае журналістаў. Паводле звестак DW, у Кабуле і правінцыях баевікі прыходзілі з ператрусамі ў дамы сваякоў як мінімум трох супрацоўнікаў медыякампаніі.
DW разам з іншымі нямецкімі СМІ ў адкрытым лісце заклікала ўрад ФРГ падрыхтаваць экстраную візавую праграму для мясцовых журналістаў, якія працавалі ў Афганістане для нямецкіх выданняў, а таксама членаў іх сем'яў.