Армія Венесуэлы прыведзена ў баявую гатоўнасць

Венесуэльскія ваенныя перакрылі межы з астраўнымі аўтаноміямі Аруба, Банэйра і Кюрасаа, каб не прапусціць гумдапамогу з ЗША. Кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура чакае дапамогу з РФ.

47594522_303.jpg

Армія Венесуэлы прыведзена ў баявую гатоўнасць у сувязі з анансаванымі раней пастаўкамі гуманітарнай дапамогі з ЗША. У аўторак, 19 лютага, цалкам перакрытыя межы з астраўнымі аўтаноміямі Аруба, Банэйра і Кюрасаа, якія адносяцца да юрысдыкцыі Нідэрландаў. Армія будзе абараняць «тэрытарыяльную цэласнасць» краіны, заявіў верны кіраўніку Венесуэлы Нікаласу Мадура міністр абароны Уладзімір Падрына.
Раней часовы прэзідэнт Венесуэлы і лідар апазіцыі Хуан Гуайдо запатрабаваў ад урада Мадура не перашкаджаць пастаўкам гумдапамогі з ЗША і да 23 лютага прапусціць на тэрыторыю Венесуэлы грузы медыкаментаў і прадуктаў харчавання. Гуайдо таксама заклікаў ваеннаслужачых Венесуэлы «ўстаць на бок канстытуцыі» і не перашкаджаць дастаўцы гумпдапамогі.

Мадура чакае дапамогу з Расіі

У сваю чаргу, Мадура катэгарычна адмаўляецца прапускаць грузы з ЗША пад той падставай, што пастаўкі гумдапамогі стануць прыкрыццём для амерыканскага ваеннага ўварвання. У тэлезвароце да нацыі ён заявіў, што чакае 300 тон гуманітарнай дапамогі з Расіі, а таксама Кітая, Турцыя і ААН.

Раней, 18 лютага, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыгразіў венесуэльскім ваенным цяжкімі наступствамі ў тым выпадку, калі яны працягнуць падтрымліваць Мадура. «Калі вы вырашыцеся на гэты шлях, вы не пазбегнеце адказнасці, не знойдзеце лёгкага выхаду і не зможаце выратавацца, вы страціце ўсё», — заявіў кіраўнік Белага дома.

10 лютага Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў «аб прыбыцці ў калумбійскі горад Кукута першай партыі неадкладнай дапамогі для жыхароў Венесуэлы». Каля 200 тон прадуктаў харчавання, харчовых дабавак, медыкаментаў і гігіенічных прылад былі сабраныя ў ЗША і Пуэрта-Рыка і затрыманыя на мяжы Калумбіі і Венесуэлы. Па загадзе Мадура венесуэльскія салдаты заблакавалі пагранічны пераход блізу Кукуты.

DW