Апытанне: 77% расійцаў апошнія пяць гадоў не былі за мяжой. Шэнгенскую зону наведалі толькі 9%
Большасць расейцаў (77%) не выязджалі за межы сваёй краіны за апошнія пяць гадоў, сведчаць вынікі апытання Усерасійскага цэнтра даследавання грамадскай думкі (УЦДГД).
«За апошнія пяць гадоў замежныя паездкі здзяйснялі 23% нашых
суграмадзян. З іх 9% наведалі краіны шэнгенскай зоны — Германію, Італію, Іспанію, Францыю і іншыя, удвая больш (17%) былі там, дзе віза не
патрабуецца», — прыводзіць ТАСС вынікі даследавання.
Самай запатрабаванай краінай стала Турцыя. Там за апошнія
пяць гадоў пабывалі 8% апытаных.
Паводле даных сацыёлагаў, у цяперашні час замежны пашпарт ёсць
у 29% расіян, шэнгенскую візу маюць толькі 2% грамадзян. У 70% апытаных няма
ні замежнага пашпарта, ні шэнгенскай візы.
Атрымаць або абнавіць замежпашпарт у бліжэйшы час плануе
кожны восьмы расіянін — 12%. Падаваць дакументы на шэнгенскую візу мае намер
толькі 1% рэспандэнтаў.
З пачаткам вайны ва Украіне шэраг еўрапейскіх краін перастаў
выдаваць шэнгенскія турыстычныя візы расіянам. У верасні Еўрасаюз прыпыніў
дамову з Расіяй аб спрошчанай выдачы віз. Літва, Латвія, Эстонія і Польшча
ўвялі забарону на ўезд расійскім турыстам.