Міністр унутраных спраў Літвы: Магчыма, і беларусаў з турыстычным шэнгенам прапускаць не будзем
Улады Літвы не выключаюць, што забарона на ўезд па шэнгенскіх турыстычных візах, якая пачала дзейнічаць у дачыненні да грамадзян Расіі, будзе распаўсюджаная і на беларусаў.
«Пакуль мы не бачым прыкмет заканчэння вайны. Пакуль Расія дзейнічае агрэсіўна, мы, відаць, павінны будзем прымаць пэўныя рашэнні», — сказала міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ.
Яна заўважыла, што зараз вырашаюць пытанне, ці не прыняць такое ж рашэнне наконт беларусаў.
«Я ясна бачу, што беларускі рэжым таксама ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях і арганізуе гібрыдныя атакі супраць Літвы, выкарыстоўваючы нелегальных мігрантаў. Я думаю, што гэта сур'ёзныя аргументы для вырашэння пытання беларусаў», — заўважыла Білатайтэ.
Генерал Рустам Любаеў прадставіў статыстыку: з паўночы да 9 гадзін у Літву не ўпусцілі 11 грамадзян Расіі. «Большасць з іх спрабавалі трапіць у Літву праз КПП Кібартай. Астатнія спрабавалі праехаць праз беларуска-літоўскую мяжу», — сказаў літоўскі генерал.
Яшчэ нядаўна дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка запэўніваў, што падобныя абмежаванні на выезд з турыстычнымі візамі не будуць закранаць беларусаў.
Як бачым, пытанне, на жаль, яшчэ не вырашана цалкам.