Ландсбергіс заклікаў ЕС скасаваць выдадзеныя шэнгенскія візы грамадзянам Беларусі і Расіі

Кіраўнік МЗС Літвы заклікаў усе краіны Еўрасаюза ануляваць доўгатэрміновыя шматразовыя шэнгенскія візы, якія былі выдадзеныя грамадзянам Расіі і Беларусі.

Артыкул  Ландсбергіса ў Politico.

Артыкул  Ландсбергіса ў Politico.

Габрыэлюс Ландсбергіс прапанаваў не толькі не выдаваць новыя візы грамадзянам Беларусі і Расіі, але і ануляваць тыя, што былі выдадзеныя раней. Пра гэта Габрыэлюс Ландсбергіс разважае на старонках выдання Politico.

Ландсбергіс нагадвае, што Літва давала прытулак расійскім і беларускім дысідэнтам, актывістам апазіцыі, а таксама тым, хто ўцякаў ад рэпрэсій абедзвюх краін. А 10 сакавіка Літва прыняла рашэнне выдаваць візы грамадзянам гэтых дзвюх краін толькі з гуманітарных меркаванняў ці з іншых прычынаў, якія разглядаюцца як міжнародныя абавязанні. Такое рашэнне, адзначае кіраўнік МЗС Літвы, даказала сваю эфектыўнасць і справядлівасць.


Але ў шмат якіх краінах ЕС застаюцца рознагалоссі наконт выдачы візаў. Цяпер расійскія турысты, якім улады Балтыі адмовілі ў візе, могуць па-ранейшаму падаць заяўку на візу ў любой іншай краіне-сябры ЕС. І пасля поспеху многія з расіян усё роўна едуць не ў тыя краіны, дзе ім была выдадзена віза, а ў краіны, бліжэйшыя да расійскіх і беларускіх межаў — гэта значыць у краіны Балтыі. Цяпер на літоўскіх курортах ужо назіраецца рост расійскіх турыстаў, якія прыехалі ў краіну па візах іншых краінаў ЕС.

Краінам ЕС неабходна знайсці сумеснае рашэнне, каб зрабіць забарону на выдачу віз «максімальна эфектыўнай», адзначае Ландсбергіс, — «гэта ж павінна быць выразным «не» расійскім і беларускім турыстам». Забарона «павінна ўключаць скасаванне ўжо выдадзеных доўгатэрміновых шматразовых віз, па меншай меры, да заканчэння вайны», — лічыць міністр замежных спраў Літвы.


Нагадаем, як пісаў НЧ, расійскі гісторык Юрый Фельштынскі лічыць, што ў ініцыятывы не выдаваць візы расіянам ёсць адзін значны мінус: гэта перашкодзіць збегчы з РФ нармальным грамадзянам, бо «збегчы з Расіі цяпер — вельмі правільна, натуральна, мудра». І прапануе не толькі скасаваць візы расіянам, але і пайсці нашмат далей, чым забарона на выдачу візаў: «Я лічу, што павінна быць адменена ўзгоднена ўсімі краінамі заходняга свету, уключаючы ЗША і ЕС, сістэма падвойнага грамадзянства».