Валерый Карбалевіч: Ад амністыі Лукашэнка хоча атрымаць асалоду перамогі над пратэстамі

Палітолаг Валерый Карбалевіч распавёў пра сяброўства Беларусі ў ШАС, паслабленне Расіі, АДКБ і пра тое, ці бачыць у дзеяннях Лукашэнкi нейкі сігнал Захаду на прымірэнне.

karbalevich02_2.jpg

— Пакуль ніякай гульні з Захадам не бачу, — цытуе эксперта «Салідарнасць» са спасылкай на «6TVBie*arus». — Я бачу толькі варожую палітыку спальвання мастоў і распальвання варожасці. Гэта палітыка не спыняецца, яна праяўляецца і ў антызаходняй рыторыцы, і ў зноў развязаным міграцыйным крызісе.

Гэта праяўляцца фактычна і ў затрыманні кіраўніка дыпмісіі Еўрасаюза. Калі б улады хацелі падаваць нейкі сігнал Захаду, то затрыманне дыпламата — зусім адваротная тэма.

Таму пакуль няма ніякіх прыкмет, што Лукашэнка зацікаўлены ў размарожванні адносін з Захадам, бо тады сігнал быў бы зразумелы і адназначны, а не так, што з аднаго боку — амністыя, з другога — усё новыя і новыя прысуды.

Пра амністыю Валерый Карбалевіч выказваецца з асцярожнасцю. Ён упэўнены, што яна адбудзецца, але пытанне, хто будзе ў гэтым спісе.

— Трэба яшчэ пачакаць, ці закране яна палітычных зняволеных. На мой погляд, увогуле амністыя — таксама не сігнал Захаду, а спроба гуляць на ўнутраную аўдыторыю, спроба дэманстрацыі беларускаму грамадству сваёй перамогі над пратэстамі, свайго доказу таго, што людзі, якія выступалі супраць Лукашэнкi, цяпер зламаныя і пішуць прашэнне аб памілаванні, што для яго вялікая асалода.

Што тычыцца ўступлення Беларусі ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, якое абмяркоўвалі на фоне візіту Лукашэнкi на саміт арганізацыі, то, на думку палітолага, для Беларусі яно не будзе асабліва выніковым:

— Ад самога сяброўства з ШАС Беларусь не атрымае ніякіх дадатковых дывідэнтаў. Іншая справа, што можна часцей ездзіць на нейкія саміты, хаця гэта можна рабіць і ў статусе назіральніка. Практычнай выгады я тут не бачу. Калі эканамічныя вынікі будуць, то не ад сяброўства ў ШАС, а хутчэй ад нейкіх новых пагадненняў з Кітаем.

Карбалевіч таксама звяртае ўвагу, што некаторыя прэзідэнты на гэтым саміце спазняліся, і прэзідэнту Расіі прыходзілася іх чакаць (раней было наадварот).

— Тое, што Пуцін перастаў спазняцца — вельмі цікава і характэрна. Таксама важна, што прэм’ер Індыі Модзі крытычна ацаніў дзеянні Расіі ва Украіне. Паводле самога Пуціна, ёсць пытанні і ў Кітая. То-бок Расію не падтрымалі не толькі ў АДКБ, але і ў ШАС.

Гэта сведчыць, што замежна-палітычная і геапалітычная вага Расіі падае, і, дарэчы, гэта адзначае, што ў ШАС расце палітычная вага Кітая. І калі казаць пра практычныя дзеянні, то ваенная актывізацыя Азербайджана супраць Арменіі таксама ёсць вынік слабасці Расіі, у якой яна апынулася пасля пачатку вайны ва Украіне.

Пры гэтым палітолаг з цяжкасцю ўяўляе, што Арменія можа выйсці з АДКБ, бо, на яго думку, падтрымка Расіі — гэта гарантыя існавання Арменіі, якая заціснута паміж Турцыяй і Азербайджанам:

— Таму ўсе гэтыя размовы — элемент шантажу і ціску на Расію, каб яна дапамагла супрацьстаяць Азербайджану.

АДКБ — гэта трохі дзіўная арганізацыя, сэнс існавання якой — дэманстрацыя лаяльнасці Расіі. У гэту арганізацыю ўваходзяць краіны з вельмі розным геапалітычным становішчам, замежнымі небяспекамі, інтарэсамі. Гэтыя краіны аб’ядноўвае адно — лаяльнасць да Расіі. На гэтым і грунтуецца арганізацыя.