Анджэй Дуда: Сувалкаўскі калідор можа стаць зонай правакацый РФ
Прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што атака на мяжы з Беларуссю нездарма называецца «гібрыднай», і яна добра задакументавана.
У інтэрв'ю «П*льскаму радыё» прэзідэнт Польшчы сказаў, што адказнасць за напады на польскай мяжы нясуць беларускія службы:
— Адказнасць нясе беларускі рэжым, беларуская дзяржава. Гэта пацвярджаецца і тым, што службы выціскаюць мігрантаў да мяжы і прымушаюць іх атакаваць яе — не дазваляюць пераходзіць праз памежныя пераходы ў адпаведнасці з законамі, а праз «зялёную мяжу», нелегальна.
Дуда падкрэсліў, што Польшча мае дакументы, якія пацвярджаюць: рэжым Аляксандра Лукашэнкі адказны за «гібрыдную атаку» на межы ЕС з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў.
Прэзідэнт Анджэй Дуда папярэдзіў, што сітуацыя можа паўтарыцца і ў Сувалкаўскім калідоры, які можа стаць абʼектам гібрыдных нападаў.
Сувалкаўскі калідор — сухапутны «калідор» даўжынёй каля 100 кіламетраў, які мог бы злучыць тэрыторыю Беларусі з Калінінградскай вобласцю Расіі. Цяпер па гэтай тэрыторыі праходзіць мяжа Польшчы з Літвой, нагадвае «Позірк».
Сувалкаўскі калідор, лічыць Дуда, можа стаць зонай магчымых правакацый.
«Менавіта таму я, колькі разоў бываю ў штаб-кватэры НАТА, <...> размаўляю з генеральным сакратаром Енсам Столтэнбергам, столькі разоў звяртаю ўвагу на Сувалкаўскі калідор, на <...> гэты ўчастак польска-літоўскай мяжы паміж Расіяй (Калінінградскай вобласцю) і Беларуссю», — заявіў Анджэй Дуда ў эфіры «П*льскага радыё».
Паводле яго слоў, «менавіта тут НАТА мусіць быць асабліва адчувальным і засяроджаным».
Таксама Дуда казаў пра небяспеку агульнай мяжы Польшчы з РФ. «Украіна павінна абараняцца, гэта ўмова і гарантыя нашай бяспекі; калі б Украіна не абаранялася, мы б мелі мяжу з Расіяй, якая, безумоўна, выцягнула б свае кіпцюры за іншымі краінамі», — пра гэта прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў у праграме «П*льскага радыё».
Нагадаем, міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся вясной 2021 года. Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасць за яго на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеянні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
Учора таксама стала вядома, што ўрад Літвы ўхваліў ініцыятыву Мінюста краіны аб прыцягненні беларускіх улад да адказнасці за незаконны ўвоз мігрантаў, паколькі, на думку Вільні, гэта робіцца па ўказцы Мінска. Беларускім уладам будзе прад'яўлены пазоў за невыкананне палажэнняў Пратакола аб незаконным увозе мігрантаў па сушы, моры і паветры, які дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.