Актывісты з Бураціі папрасілі Байдэна дапамагчы аддзяліцца ад Расіі

«Ліга свабодных нацый», якая аб'яднала прадстаўнікоў «паняволеных Масквой народаў», звярнулася па дапамогу да прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Актывісты з Бураціі, Мардовіі і Татарстана папрасілі амерыканскага прэзідэнта падтрымаць іх народы ў рэалізацыі права на самавызначэнне.

Бурацкія салдаты, якія бралі ўдзел у зверствах у Бучы

Бурацкія салдаты, якія бралі ўдзел у зверствах у Бучы


Адкрыты ліст актывісты прымеркавалі да штогадовага Тыдні паняволеных народаў, які праходзіць ў ЗША з 1959 года. Прадстаўніца Бураціі Раджана Дугар-ДэПантэ, татарын Іршат Хабі і прадстаўнік фіна-вугорскага народа эрзя Віталь Рамашкін зладзілі акцыю ў Вашынгтоне са сцягамі сваіх народаў.
«Мне як буратцы балюча ўсведамляць, што Крэмль выкарыстоўвае бурацкіх хлопцаў для дасягнення сваіх злачынных мэт — захопу новых тэрыторый і пашырэння межаў імперыі. Вайна — гэта ўсё, што Масква здольная прапанаваць хлопцам з бурацкіх вёсак. Гінуць як гарматнае мяса на чарговай захопніцкай вайне рускіх. Я не жадаю такой будучыні для Бураціі і свайго народа», — заявіла Раджана Дугар-ДэПантэ.
Яна мяркуе, што народы Расіі сталі фактычна закладнікамі маскоўскага рэжыму, у якіх не засталося выбару, акрамя вайны або турмы.
«Мы не бачым будучыні нашых народаў у складзе Расіі і не хочам адказваць за ваенныя злачынствы Крамля», — дадаў Рамашкін.
«Сёння мы ў тым жа становішчы, што і Украіна, Эстонія, Літва ці Латвія 40 гадоў таму. Мы будзем дамагацца дэкаланізацыі», — сказаў Іршат Хабі.
«Ліга свабодных нацый» гэта саюз башкірскага, бурацкага, інгерманландскага, казацкага, калмыцкага, татарскага і эрзянскага нацыянальных рухаў, якія адкрыта дэкларуюць мэту стварэння новых нацыянальных дзяржаў і выхаду са складу Расіі.
Нагадаем, сёння ў Нью-Ёрку прайшоў Марш паняволеных народаў, у якім узялі ўдзел і беларусы.