Адвакат Ахмадзінежада абверг інфармацыю пра яго затрыманне
Адвакат экс-прэзідэнта Ірана Махмуда Ахмадзінежада Адэль Хейдары абверг паведамленні СМІ пра затрыманне яго кліента за падтрымку пратэстаў у гарадах Ісламскай Рэспублікі.
Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на партал навінаў Erem news.
«Інфармацыя пра арышт майго кліента, былога прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада, не адпавядае рэчаіснасці», — пракаментаваў Хейдары публікацыі ў арабскай прэсе.
Раней арабская газета Al-Quds Al-Arabi, што выдаецца ў Лондане, са спасылкай на іранскія крыніцы паведаміла, што экс-прэзідэнт быў затрыманы ў Шыразе. Прычынай, як сцвярджала газета, сталі заявы палітыка на антыўрадавых пратэстах, якія ў Тэгеране разглядаюць як заклік да «распальвання беспарадкаў».
Як паведамляе ТАСС, афіцыйнага пацвярджэння або абвяржэння з Тэгерана дагэтуль не паступала.
Пратэсты ў Іране распачаліся ў першую чаргу супраць эканамічных цяжкасцяў моладзі і рабочых, але хутка перараслі ў выступы супраць палітыкі ўладаў і супраць прывілеяў эліты, якую дэманстранты называюць адарванай ад народу.
Улада ў Іране — пяты дзень запар — праводзіла праўрадавыя мітынгі, якія падрабязна асвятляліся дзяржаўнымі СМІ, у прыватнасці і 7 студзеня 2018 году. У гэты ж дзень іранскі парламэнт правёў адмысловую сэсію за зачыненымі дзвярыма для абмеркавання антыўрадавых акцый пратэсту.