Абстрэл авіябазы Расіі ў Сірыі: тэхнікі знішчылі больш, чым на 200$ млн

Адзін з наймацнейшых удараў па расійскай вайсковай авіябазе Хмеймім за ўсе гады паветранай аперацыі ў Сірыі: 31 снежня мінамётным агнём былі фактычна знішчаныя 7 самалётаў, узарваны склад боепрыпасаў, маглі быць параненыя больш за 10 вайскоўцаў.

 Фота, апублікаванае Раманам Сапаньковым

 Фота, апублікаванае Раманам Сапаньковым

Такую інфармацыю выданне «Коммерсантъ» апублікавала са спасылкаю на дзве вайскова-дыпламатычныя крыніцы. Артыкул адразу вызначаў і нападнікаў: радыкальных ісламістаў, нібыта натрэніраваных амерыканцамі. Толькі пасля гэтай публікацыі Міністэрства абароны Расіі прызнала факт абстрэлу авіябазы 31-га снежня.

«З наступленнем ночы аэрадром Хмэймім трапіў пад раптоўны мінамётны абстрэл мабільнай дыверсійнай групы баевікоў. У выніку абстрэлу два вайскоўцы загінулі», — паведамілі ў мінабароны РФ.

Як можна атакаваць базу, якую добра ахоўваюць?

Хутчэй за ўсё, базу атакавалі 82-мілімітровымі мінамётамі, устаноўленымі на аўтамабілях, або пераноснай версіяй рэактыўнай устаноўкі «Град», распрацаванай для дыверсантаў, мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

«Там і брыгада марской пяхоты, і спецназ. І С-400 дзяжурыць, ахоўвае. Сістэма «Панцыр». Абарона вельмі сур’ёзная. Напасці на такі абʼект можна толькі наскокам, калі мабільная дыверсійная група выпускае некалькі мінамётных ці рэактыўных снарадаў і зʼязджае», — кажа ён.




Падобна, з’ехалі паспяхова

Паводле Мінабароны Расіі, цяпер сірыйскія ўрадавыя войскі шукаюць нападнікаў. Сам факт абстрэлу Хмейміму — моцны ўдар па іміджы расійскіх войскаў. Усяго пару тыдняў таму на гэтым аэрадроме Уладзімір Пуцін абвясціў, што заданне барацьбы з узброенымі бандамі ў Сірыі выканалі, і выканалі паспяхова. І чарговы раз загадаў выводзіць войскі.

Згодна з інфармацыяй «Камерсанта», 31-га снежня мінамётным агнём знішчаныя два знішчальнікі Су-35С — кожны каштуе $ 60–70 млн, адзін транспартнік Ан-72 — каля $ 35 млн, і чатыры бамбавікі Су-34 — $ 10 млн кожны. Такая сур’ёзная шкода авіяцыі патрабуе пацверджання, напрыклад, здымкамі са спадарожнікаў.

«Самалёт — вельмі буйная цэль, і нанясенне пашкоджанняў, тым больш пажар, пашкоджанне крылаў і хваставога апярэння лёгка фіксуецца са спадарожніка, тым больш з беспілотніка. Так што, я думаю, калі ў гэтыя цэлі патрапілі, інфармацыя б прасякнула праз выведную супольнасць ЗША і краінаў Захаду ў медыі»,— упэўнены Аляксандр Алесін.

Сёння ж здымкі з пашкоджанай авіяцыяй з авіябазы апублікаваў расійскі ваенны журналіст Раман Сапанькоў, напісаўшы пра 9 пашкоджаных самалётаў і адзін верталёт.

Міністэрства абароны Расіі не прызнае неафіцыйнай інфармацыі

«Паведамленне «Коммерсанта» пра нібыта «фактычнае знішчэнне» сямі расійскіх ваенных самалётаў на авіябазе Хмеймім — фэйк», — запэўнілі ў Мінабароны.

Амаль тое самае Мінабароны заяўляла пра пажар на авіябазе ў раёне Эт-Тыясу, калі баевікі знішчылі 4 верталёты і 20 грузавікоў — афіцыйна «ўсе расійскія баявыя верталёты выконваюць планавыя заданні, стратаў няма». Але потым агенцтва «Stratford» апублікавала здымкі, дзе было дакладна відаць рэшткі верталётаў.

Таксама Мінабароны зняпраўджвала нанясенне авіяўдару па гуманітарным канвоі ААН у 2016-м і заяўляла пра напад баевікоў з мінамётамі, а на месцы атакі знайшліся расійскія авіябомбы ФАБ.

Самы свежы прыклад «фэйкаў» — афіцыйна апублікаванае Міністэрствам абароны фота з подпісам «бясспрэчныя доказы» таго, як ЗША прыкрываюць тэрарыстаў гэтак званай «Ісламскай дзяржавы». Фота аказалася скрыншотам з кампʼютарнай гульні. Мінабароны пасля выкрыцця спаслалася на тэхнічную памылку новага працаўніка.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»