298 белых крэслаў з'явілася пад вокнамі расійскага пасольства ў Гаазе
У Нідэрландах пачаўся працэс па справе збіцця самалёта над Данбасам у 2014 годзе (загінула 298 пасажыраў і членаў экіпажа).
Пад вокнамі расійскага пасольства ў Гаазе з'явілася 298 белых крэслаў. Акцыю зладзілі блізкія ахвяр збітага ў ліпені 2014 года над Данбасам малайзійскага пасажырскага самалёта. Пачаўся судовы працэс пад сталіцай Нідэрландаў Амстэрдамам (бальшыня ахвяр былі нідэрландцамі). Справу апісвае Rzeczpospolita.
Працэс праходзіць пры пустых лавах падсудных. Абвінавачанні нідэрландскай пракуратуры завочна пачулі трое грамадзянаў Расіі і адзін украінец. Самы вядомы – Ігар Гіркін (Стралкоў), які быў міністрам абароны самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Яго, а таксама іншых падсудных – Сяргея Дубінскага, Алега Пулатава ды Леаніда Харчанку ўлады Нідэрландаў аб’явілі ў міжнародны вышук. Толькі Пулатаў вырашыў бараніцца – ён выслаў у Нідэрланды групу адвакатаў. Магчыма, Расія імкнецца такім чынам мець доступ да актаў справы. Па словах былога афіцэра ўкраінскай разведкі Аляксея Арастовіча, за ўсімі абвінавачанымі сочаць расійскія спецслужбы, якія не дапусцяць, каб хто-небудзь з іх пачаў даваць паказанні. Калі б хтосьці вырашыў гэта зрабіць, ён бы нават не даехаў да мяжы.
У сваю чаргу ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка дадае, што Украіна чакае, каб у справе былі расстаўленыя ўсе кропкі над «і» – што расійскі зенітны комплекс «Бук» пры ўдзеле расійскіх грамадзянаў збіў пасажырскі самалёт, адказнасць за гэта нясе Расія. Гэта пытанне юрыдычнай і палітычнай адказнасці.
Адзін з самых гучных міжнародных працэсаў апошніх гадоў пачаўся ў панядзелак, 9 сакавіка. З узлётна-пасадачнай паласы, што месціцца ў некалькіх сотнях метраў ад судовага комплексу, 17 ліпеня 2014 года стартаваў рэйс «Малайзійскіх авіяліній». Лайнер, які ляцеў у Куала-Лумпур, пацярпеў крушэнне над усходняй часткай Украіны, якую кантралююць падтрымоўваныя Расіяй сепаратысты. Усе 298 чалавек на борце, дзве траціны якіх былі грамадзянамі Нідэрландаў, загінулі.
Крымінальным расследаваннем займалася аб'яднаная следчая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Нідэрландаў, Бельгіі, Малайзіі, Аўстраліі і Украіны. Група прыйшла да высновы, што «Боінг» быў збіты ракетай з комплексу «Бук» М-1, які належаў 53-й брыгадзе СПА ў Курску, быў дастаўлены з Расіі ва Украіну, а затым вывезены назад.
Паводле папярэдніх вынікаў расследавання нідэрландская пракуратура выставіла абвінавачанне супраць трох грамадзян Расіі і аднаго ўкраінца па двух пунктах — атака на самалёт і забойства людзей на борце.
Паводле polskieradio.pl