«Вырвалі перамогу ў адным з самых значных турніраў сучаснага хакея!» — кіраўнік ФХБ пра кубак расійскага прапагандысцкага канала
Можна было адразу заяўляць: «Гэта лепш за Алімпійскія гульні і чэмпіянат свету». Тым больш беларускіх хакеістаў туды не бяруць.
Зборная Беларусі па хакеі ў вырашальным матчы Кубка Першага канала (Расія) перайграла каманду Расіі ў серыі булітаў.
Старшыня ФХБ Аляксандр Багдановіч эмацыйна пракаментаваў поспех каманды:
«Тое, што стварылі нашыя хлопцы, проста неверагодна. Яны літаральна вырвалі перамогу ў адным з самых значных турніраў сучаснага хакея. Нашы зусім маладыя хлопцы літаральна ўпісалі свае імёны ў гісторыю беларускага хакея, упершыню за вельмі доўгі час перамаглі каманду Расіі, сабраную спрэс з зорных імёнаў. Яны біліся адно за аднаго і за ўсю краіну, якая, я ўпэўнены, з гонарам сачыла за гульнёй нашай зборнай на працягу ўсяго турніру. З перамогай!» — цытуе Багдановіча сайт ФХБ.
Прэс-служба Федэрацыі хакея Беларусі не адстала ад свайго кіраўніка:
«Што б там сёння ні адбылося паміж Аргенцінай і Францыяй, гэты матч пераплюнуць будзе немагчыма. БЕЛАРУСЬ АБЫГРЫВАЕ РАСІЮ І ВЯЗЕ ТРАФЕЙ ДАДОМУ!» — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, хакей у Беларусі пад наглядам у Аляксандра Багдановіча, які ў свой час плаваў на каноэ.
І там і там прысутнічае вада.
Зборная Беларусі па хакеі адхіленая ад удзелу ў гульнях Чэмпіянату свету, а таксама ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях.