«Рана ці позна ўсё зменіцца. Не можа абсурд цягнуцца доўга!» Шчырае інтэрв'ю лепшага шахматыста Беларусі

27-гадовы Уладзіслаў Кавалёў расказвае «Свабодзе», як чыноўнікі пазбавіліся перспектыўнага спартсмена, пасля таго як ён выступіў супраць гвалту.

9008276a_8a83_48de_bba9_c372f9641abc_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp

Хто такі Ўладзіслаў Кавалёў?

Найлепшы шахматыст Беларусі. Мае найвышэйшы рэйтынг сярод беларускіх шахматыстаў і 125-ю пазіцыю ў свеце паводле FIDE.

Летась у жніўні быў сярод першых падпісантаў ліста спартоўцаў за свабодныя выбары і супраць гвалту. Пасля гэтага яго звольнілі з Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі. Ён адмовіўся выступаць у чэмпіянаце краіны на знак пратэсту супраць парушэння сваіх канстытуцыйных правоў.

Узімку з'ехаў з Беларусі.

Цяпер насупраць прозвішча Уладзіслава Кавалёва ў афіцыйным рэйтынг-лісце пазначана FIDE (Міжнародная федэрацыя шахмат).

Уладзіслаў Кавалёў — сяміразовы чэмпіён і неаднаразовы прызёр Беларусі сярод моладзі рознага ўзросту. Удзельнік сусветных шахматных алімпіяд у Стамбуле (2012), Тромсё (2014), Баку (2016) і Батумі (2018) у складзе зборнай Беларусі. Чэмпіён Беларусі ў 2016. Майстар спорту міжнароднага класу. Стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клубу (2009–2015).

«Падпісаць ліст свабодных спартсменаў не было спантанным рашэннем»

Уладзіслаў кажа, што падпісаць ліст свабодных спартсменаў для яго не было спантанным рашэннем. Спачатку выказваўся непублічна.

«Я быў дзеючым спартсменам, лідарам зборнай, ды яшчэ і прызыўнога ўзросту. Таму рабіць рэзкія рухі на той момант было немагчыма. Я і так, у адрозненне ад іншых сяброў зборнай, некалькі разоў адмаўляўся ад удзелу ў праўладных мерапрыемствах, якія ладзіла Міністэрства спорту. Калі ўзнікла пытанне ўдзелу ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, я спачатку не хацеў гуляць — з некалькіх прычын: склад турніру быў слабы, і да таго яшчэ федэрацыя ўпершыню за ўсю гісторыю не выдзеліла ніякага прызавога фонду. Які сэнс ва ўсім гэтым удзельнічаць? Некаторыя адмовіліся загадзя. Дый абстаноўка вакол была сумная: гвалт на вуліцах гораду працягваўся», — расказвае Уладзіслаў.

Ён кажа, што бацькі ўгаварылі яго згуляць «у якасці трэніроўкі» — маўляў, ён ужо амаль восем месяцаў не гуляў у «жывых» турнірах з прычыны пандэміі. На адкрыцці чэмпіянату пасля жараб’ёўкі яму ўручылі на подпіс дадатковае пагадненне да кантракту. Тлумачыць, што з некаторымі пунктамі пагаднення ён аніяк не мог пагадзіцца, бо яны «парушалі яго канстытуцыйныя правы». Падпісваць гэтае пагадненне Уладзіслаў адмовіўся.

«І адразу ж у адказ пасыпаліся фразы: «цябе звольняць», «не працягнуць кантракт на наступны год», «незаменных няма», «іншых падрыхтуем». Але нешта не з'явілася ў Беларусі ніводнага новага гросмайстра з таго часу, як я стаў ім у 2013 годзе. Амаль праз 8 гадоў я працягваю насіць ганаровае званне «самы малады гросмайстар Беларусі». Толькі ўявіце — яшчэ нядаўна мне спявалі дыфірамбы, ганарыліся маімі поспехамі, а цяпер, аказваецца, усё забыта, і я стаў непатрэбны. Трываць усе гэтыя знявагі і абразы я не хацеў. Таму адмовіўся ад удзелу ў чэмпіянаце на знак пратэсту і падпісаў ліст свабодных спартсменаў», — тлумачыць шахматыст.

Адразу ж гэтая навіна разляцелася ў інтэрнэце. Уладзіслаў кажа, што не чакаў і не хацеў такога рэзанансу. Паводле ягоных словаў, праз пару дзён у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў яго адбылася кароткая размова з дырэктарам. Агульны сэнс — або дырэктар звальняе шахматыста, або звальняюць яго самога.

«Ён папрасіў напісаць заяву па згодзе бакоў. І што калі наступіць «іншы час» — чакаюць мяне назад», — удакладніў Уладзіслаў.

5cf8017c_c4fc_4302_b486_41ebe6bade5b_w650_r0_s.webp.crdownload

«Толькі пакінуўшы Беларусь, я здабыў псіхалагічны спакой»

Пасля звальнення з РЦАП Уладзіслаў даў некалькі інтэрв'ю. А ўжо праз некалькі тыдняў на атэстацыі нават не разглядалася ягоная кандыдатура ў асноўную зборную на наступны год. Нягледзячы на тое, што Ўладзіслаў быў адзіным у Беларусі гросмайстрам з рэйтынгам звыш 2600 і на той момант уваходзіў у топ-100 уладальнікаў сусветнага рэйтынгу.

На той момант, кажа Ўладзіслаў, міжнародныя турніры так і не аднавіліся, а выехаць з краіны ўжо стала праблематычна. У той жа час рэпрэсіі толькі ўзмацняліся.

«Знаходзіцца ў Мінску стала некамфортна і небяспечна. Я не прымаў удзелу ў вулічных акцыях пратэсту. Але гледзячы на тое, як шмат людзей затрымлівалі ні за што, не хацеў выпрабоўваць лёс. Не было сэнсу заставацца ў Беларусі. Ніякіх прапаноў ад федэрацыі не паступала. Таму я вырашыў часова выехаць. Не было іншага выбару, як Расія, бо мая жонка — грамадзянка Расіі. І толькі пакінуўшы Беларусь, я здабыў псіхалагічны спакой», — кажа спартсмен.

«Федэрацыя не адказала на маю заяву. Як быццам мяне не існуе!»

Уладзіслаў не рабіў спробаў змяніць федэрацыю. Тлумачыць гэта тым, што заўсёды хацеў выступаць за Беларусь. А для таго, каб прадстаўляць краіну, не абавязкова жыць там стала.

Спартсмен згадвае, што некалькі месяцаў таму ўзнікла сітуацыя, калі «ў нашых шахматных функцыянераў быў шанец зрабіць крок насустрач пасля звальнення з РЦАП».

«FIDE прыняло рашэнне аб правядзенні Кубку свету ў Сочы ў ліпені-жніўні. Раней на Кубак адбіраліся праз чэмпіянат Еўропы. Але з прычыны абмежаванняў праз ковід афіцыйны чэмпіянат Еўропы не адбыўся ў прызначаны тэрмін. І яшчэ сёлета FIDE дало кожнай нацыянальнай федэрацыі па адным месцы на Кубку свету. Я пра гэта даведаўся выпадкова ад трэціх асоб і адразу ж напісаў заяву ў выканкам федэрацыі з просьбай даць гэтае месца мне на той падставе, што я з'яўляюся лідарам нацыянальнага рэйтынгу з вялікім адрывам. Прасіў улічыць і маю жыццёвую сітуацыю, што не магу прыняць удзел у афіцыйным адборы. Аднак у Беларусі ніякага афіцыйнага адбору да Кубку свету не праводзілася. Я спадзяваўся, што пытанне вырашыцца на маю карысць», — кажа Ўладзіслаў.

Ён кажа, што ў адказ атрымаў «адпіску», што на Кубак свету паедзе Кірыла Ступак, сябра зборнай, 10-ы нумар па рэйтынгу.

«Хачу заўважыць, што мацнейшыя гульцы краіны не бралі ўдзелу ў гэтым турніры. Я зноў напісаў у федэрацыю з просьбай патлумачыць, на якой паставе мая заява не была разгледжана па правілах, і задаў пытанне: ці мае намер федэрацыя супрацоўнічаць са мной нейкім чынам? На гэтую заяву я ўвогуле не атрымаў адказу. Як быццам мяне не існуе!»

Уладзіслаў кажа, што найбольш яго расчаравалі паводзіны некаторых людзей.

«Мяне не падтрымалі некаторыя людзі, на вачах якіх я вырас як шахматыст і як асоба. З якой пары я зрабіўся для іх чужым? Я разумею, што яны працуюць у дзяржаўнай сістэме. Але можна было па-чалавечы пагаварыць са мной асабіста, патлумачыць сітуацыю. Гэтага не адбылося. Прасцей прыкрывацца так званым «спартыўным прынцыпам« і «ніякай палітыкі». Ці гэта было зроблена адмыслова — стварыць для мяне непрымальныя ўмовы, каб была нагода пазбавіцца ад таго, хто «не даспадобы», і вызваліць месца для чарговага «свайго»?» — разважае шахматыст.

Тады Уладзіслаў звярнуўся да прэзідэнта FIDE Аркадзя Дварковіча. Ад яго ён атрымаў станоўчы адказ на пытанне прадстаўлення права ўдзелу ў Кубку свету і «быў бязмерна шчаслівы».

«У гэты няпросты для шахмат час удзел у такім прэстыжным турніры — выдатная магчымасць зноў нагадаць пра сябе. Дый фінансавы складнік тут, бясспрэчна, важны», — дадаў шахматыст.

«На Кубку свету дайшоў да чацвёртага круга, што не ўдавалася ніводнаму беларускаму шахматысту»

Уладзіслаў кажа, што калі ягонае прозвішча з'явілася ў спісах удзельнікаў Кубку свету ад Беларусі, доўгі час не было аніякай рэакцыі. Толькі пасля на сайце Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі аб удзельніках Кубку Уладзіслава пазначылі як «сябра нацыянальнай каманды».

«Для мяне гэта стала адкрыццём. Як гэта разумець? Выкарыстоўваецца прыём падвойных стандартаў. Калі гаворка ідзе пра тое, каб што-кольвек зрабіць для мяне, для працягу маёй шахматнай кар’еры, — мяне не існуе. А калі я самастойна дабіўся права ўдзельнічаць у Кубку — тады да іх вяртаецца памяць. Якая крывадушнасць! Таму я звярнуўся ў FIDE, каб мне дазволілі гуляць на Кубку свету пад сцягам FIDE. Рашэнне было прынятае за некалькі дзён да пачатку турніру. Гэтая навіна хутка разляцелася па сетках. І, здаецца, стала шокам для многіх да такой ступені, што перасталі пісаць любую інфармацыю не толькі пра мяне, але і агулам пра Кубак свету. Нават пра «свайго» прадстаўніка не напісалі, які прайграў у першым кругу і выбыў», — зазначыў спартсмен.

Ён лічыць, што чыноўнікі ад спорту проста не ведалі, як выкруціцца з гэтай сітуацыі. А Уладзіслаў на Кубку свету дайшоў да чацвёртага круга, чаго, паводле ягоных словаў, не ўдавалася ніводнаму беларускаму шахматысту.

«Здаецца, нават у трэцім кругу ніхто не гуляў», — удакладніў гросмайстар. Гэта поспех, якім Уладзіслаў «бязмерна ўсцешаны».

«Недзе мне дапамагала ўдача, недзе давялося прымяняць свае байцоўскія якасці, упартасць і вынослівасць. На жаль, у чацвёртым крузе сапраўднай барацьбы не адбылося. Я прайграў даволі хутка, што стала нечаканасцю для мяне. Супернік быў больш свежы і падрыхтаваны. Я, мусіць, шмат сілаў аддаў на тай-брэйку ў другім крузе. Можа, стома, можа, адбілася доўгая адсутнасць гульнявой практыкі і трэніровачнага працэсу. Бо да гэтага турніру я не гуляў амаль паўтара года, таму не было матывацыі сур’ёзна трэніравацца. Пра тое, што буду гуляць на Кубку свету, даведаўся літаральна за два тыдні да яго пачатку. Улічваючы ўсё гэта, вынік лічу выдатным. Я яго прысвячаю свайму любімаму дзядулю Аляксандру Сямёнавічу Савічу, які сышоў ад нас у час турніру. Ён заўсёды ганарыўся маімі поспехамі», — кажа Ўладзіслаў.

«Я не шкадую, што выступіў супраць улады. Я паступіў паводле сумлення»

Цяпер Уладзіслаў збіраецца шукаць новую федэрацыю. Але дагэтуль не можа сабе патлумачыць, як можна было адмовіцца ад паспяховага спартсмена.

Ён першым сярод беларускіх шахматыстаў пераадолеў планку рэйтынгу 2700 у класічных шахматах, у той перыяд уваходзіў у топ-40. Меў некалькі буйных перамог у прэстыжных турнірах. Згуляў амаль ва ўсіх кругавых супертурнірах нароўні з сусветнай шахматнай элітай.

«Я быў на ўздыме і верыў, што ўдасца прагрэсаваць і наблізіцца да эліты. Але ў адзіночку гэта зрабіць нерэальна. Для гэтага патрэбная каманда прафесіяналаў. У Беларусі гэта аказалася нікому не патрэбна. Я мог бы, канечне, проста гуляць у асабістых турнірах, нічога не змяняючы. Але без фінансавай падтрымкі гэта складана. Удзел у некаторых прыстойных турнірах — немалыя грошы. І не факт, што ты кампенсуеш прызавымі свае выдаткі на дарогу, пражыванне і харчаванне. Таму, як правіла, у спартсменаў высокага ўзроўню ёсць падтрымка ці ад федэрацыі, ці часткова ад дзяржавы, ці асабістыя спонсары. Калі я быў у зборнай, то атрымліваў заробак як спартсмен-інструктар (ён быў ніжэйшы, чым сярэдні па краіне), часткова РЦАП аплачваў удзел у міжнародных турнірах, а таксама была стыпендыя ад Прэзідэнцкага спартыўнага фонду. Пасля звальнення з асноўнага складу я страціў усё. Безумоўна, я быў бы рады, каб у мяне з'явілася нейкая спонсарская падтрымка, каб я мог працягнуць сваю шахматную карʼеру».

Але пра зробленае Уладзіслаў не шкадуе.

«Я паступіў паводле сумлення. Лепш так, чым быць залежным ад нечых амбіцый», — кажа ён і паўтарае, што хоча вярнуцца ў Беларусь.

«У Беларусь, дзе воля народу будзе вышэй за ўсё, дзе выконваюцца законы, дзе цэніцца сам чалавек, дзе людзі могуць гуляць спакойна па цэнтры гораду, не баючыся быць затрыманымі за адзенне «няправільных колераў», — кажа Уладзіслаў. — «Я веру, што рана ці позна гэта адбудзецца. Не можа гэты абсурд цягнуцца так доўга! Шмат людзей пакутавала і працягвае пакутаваць. Я не разумею тых, хто падтрымлівае гэтую сваволю! А ў шахматным атачэнні ёсць і такія людзі. Дарэчы, на Кубку свету мяне шчыра падтрымлівалі вельмі шмат людзей. Прыемна было чытаць вашы паведамленні, дарагія заўзятары. Вялікая падзяка за цёплыя словы. Мне гэта дапамагала падчас турніру».

«Душой і сэрцам я заўсёды з роднай Беларуссю»

Пасля звальнення са зборнай Уладзіслаў заснаваў сваю шахматную онлайн-школу. Кажа, што так атрымалася, што сабралася каманда трэнераў — сяброў Уладзіслава, якія ў той ці іншай ступені пацярпелі ад дзеянняў уладаў. Гэта іх аб’яднала. Трэнерская праца Уладзіславу спадабалася, ён атрымлівае ад яе задавальненне і запрашае да заняткаў усіх ахвотных.

«Я яшчэ не сказаў свайго апошняга слова як гулец. Мне ўсяго 27 гадоў. Многія вядомыя шахматысты дасягаюць свайго максімуму бліжэй да 30 гадоў. Але гэта магчыма пры некаторых умовах, пра якія я казаў вышэй. Паглядзім, што будзе далей», — кажа шахматыст.

Ён кажа, што стараецца сачыць за падзеямі ў Беларусі.

«Цяпер у некаторых зацікаўленых колах часта ўжываюць фразу «спорт па-за палітыкай». Лічу, што гэтай фразай зручна прыкрываць сваю баязлівасьць. Мая гісторыя — яскравы прыклад гэтаму. Ды яшчэ знойдзецца шмат такіх гісторый у Беларусі. Таму хачу пажадаць свабодным спартсменам удачы і цярпення! Вы ўсё робіце паводле сумлення, народ з вамі. Мая магчымая змена федэрацыі ні ў якім разе не азначае, што я адмаўляюся ад Беларусі. Душой і сэрцам я заўсёды з роднай Беларуссю. Проста змяню месца працы. Можна гэта расцэньваць і так. Спадзяюся, што беларусы будуць заўзець за мяне нават пад іншым сцягам. Я думаю, гэта будзе сцяг нейкай дэмакратычнай краіны, якая шчыра жадае дабра ўсяму беларускаму народу», — кажа Уладзіслаў Кавалёў.