Пашанцавала. Беларускія футбалісты застаюцца ў Лізе Нацый — і нават без скандалаў (амаль)
Зборная-суседка — літоўская каманда — не хацела ні ў якім выглядзе гуляць на адным полі з беларускімі футбалістамі. Наспяваў канфлікт, але рашэнне прыйшло нечакана.
27 лістапада кіраўнік федэрацыі футбола Літвы Эдгарас Станкявічус заявіў, што не хоча, каб каманда яго краіны гуляла стыкавыя матчы за права застацца ў дывізіёне С Лігі Нацый са зборнай Беларусі, як таго патрабавалі пастановы УЕФА. Станкявічус заявіў, што такія сустрэчы не пройдуць у Літве, але ў яго федэрацыі наогул хочуць «любой цаной пазбегнуць гэтых матчаў». Здавалася, што гэта проста заява — бо не гуляць з Беларуссю ўжо спрабавала футбольная зборная Літвы, аднак пад пагрозай бану пагадзілася (і выбіла супернікаў з кваліфікацыі на ЧС).
Але 3 снежня аказалася, што жаданне Станкявічуса здзейснілася: матчаў Літвы і Беларусі не будзе! Праўда, справа тут зусім не ў дыпламатычных поспехах літоўскай федэрацыі. Беларусь пакінулі ў дывізіёне С без стыкаў праз пацвярджэнне адхілення Расіі. «Трыбуна» тлумачыць, як так атрымалася.
Лёсаванне мінулага розыгрышу Лігі Нацый прайшло ў канцы 2021-га. Тады Расія яшчэ была паўнавартасным удзельнікам турніру, таму атрымала сваё месца ў адной з груп дывізіёна С. Але 24 лютага 2022-га Расія пачала поўнамаштабную вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Праз гэта яе адхілілі ад спаборніцтваў пад эгідай УЕФА — але мяняць ужо сфармаваныя групы Лігі Нацый не сталі, проста Ізраіль, Ісландыя і Албанія згулялі ўтрох, а за Расіяй пакінулі апошняе месца гэтага «квартэта».
Да снежня 2023-га падышоў час зацвярджаць фармат лёсавання Лігі Нацый–2024/25 — і ва УЕФА заявілі, што працягваюць адхіленне Расіі і на гэты розыгрыш. Значыць, у дывізіён B падымаюцца чатыры пераможцы дывізіёна С — а назад спускаюцца толькі тры няўдачнікі груп. Так у «С» утварылася лішняе месца, і яго таксама вырашылі заняць — зменшыўшы колькасць каманд, якія вылятаюць з гэтага дывізіёна. Да таго паводле плана ў «D» павінны былі спусціцца дзве зборныя — тыя, што прайграюць у стыкавых матчах у сакавіку 2024-га.
У выніку з дывізіёна С вырашылі знізіць толькі адну каманду — а значыць, у стыкі адправіць не чатыры найгоршыя зборныя, а толькі дзве. Імі сталі Літва і Гібралтар — а Кіпр і Беларусь, якія таксама сталі апошнімі ў сваіх групах, былі вызваленыя ад пераходных матчаў.
Чаму ж вышэй каціравалася менавіта Беларусь? Усё вельмі проста: каманда яшчэ Георгія Кандрацьева набрала ў групе тры ачкі («нічыімі» з Азербайджанам, Казахстанам і Славакіяй), а Літва з Гібралтарам у сваіх квартэтах зарабілі толькі па адным бале. На малюсенькую пірэнейскую тэрыторыю асабліва ніхто і не разлічваў — «нічыя» з Балгарыяй і так стала сенсацыяй, астатнія пяць матчаў былі прайграныя з агульнай розніцай 2:17. Ну а літоўцы самі вінаватыя: добра, два пройгрышы Турцыі, але адно ачко з Фарэрамі (1:2 у гасцях і 1:1 — дома) дакладна былі дрэнным вынікам. У апошнім туры Літва гасцявала ў Люксембурга, якому дома прайграла 0:2 — і ёй проста шанцавала да 88-й хвіліны, калі «карлікі» ўсё ж забілі адзіны мяч. Зрэшты, нават пры «нічыёй» літоўцы ў зводнай табліцы ўсё роўна аказваліся ніжэй за беларускую зборную.
Вось так адхіленне адных суседзяў і правал іншых дапамог Беларусі застацца ў дывізіёне С без дадатковых матчаў. Лёсаванне новага розыгрышу павінна прайсці 8 лютага 2024 года.