«Мы ахілесава пята Лукашэнкі» або Што чакае беларускі спорт?
Міжнародны алімпійскі камітэт распачаў спецыяльнае расследаванне адносна Беларусі. У фокусе — факты рэпрэсій спартсменаў, якіх садзяць на суткі і звальняюць з працы.
Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Лукашэнка. Фота БЕЛТА.
Пытанне: з чаго ўсё пачалося? Адказ: з дыскрымінацыі пасля 9 жніўня
…Алена Леўчанка сядзіць перад маніторам пасля 15 сутак зняволення і выразна кажа ў мікрафон: «Няма гарачай вады… Нельга хадзіць у душ… Не працуе зліў у прыбіральні… Аднойчы не выводзілі на прагулку пяць дзён… Забралі матрац і пасцельную бялізну… У мяне пагоршылася здароўе, з'явіліся вошы…»
Зорка сусветнага жаночага баскетбола адседзела на Акрэсціна ў жудасных умовах. Яе пазбавілі свабоды за ўдзел у мірнай дэманстрацыі, і гэты факт гучна разляцеўся па спартыўным свеце. У выніку Леўчанку актыўна падтрымалі шматлікія калегі з розных краін, а па абодва бакі ад Атлантыкі падняўся магутны інфармацыйны вэрхал. Зразумела, што гэты дзівосны кейс не дадаў Беларусі ўвогуле і беларускаму спорту, у прыватнасці, пазітыўнага іміджу і міжнароднага аўтарытэту.
…Мікалай Казека сядзіць перад журналістамі і гаворыць важка — як сталы 70-гадовы мэтр, які прывозіць медалі з кожнай Алімпіяды: «Мяне звальненне Раманоўскай дзіка абурыла, пакрыўдзіла, нават абразіла. Каго? Гонар нашага калектыву, лідар каманды, да слоў якога прыслухоўваюцца не толькі спартсмены, але і трэнеры. Яна — аўтарытэт. І яе так бесцырымонна выкідваюць за дзверы за адзін прагул ... Надуманы прагул — калі Саша павезла ў лякарню бацьку, у якога здарыўся інсульт. Што гэта такое? Ні ў якія вароты…»
Фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская яшчэ ўчора была лепшай спартсменкай Беларусі 2019 года, а сёння яна ўжо беспрацоўная. Тое ж самае (плюс буйнае грашовае спагнанне) пагражае Казеку. Падставы ўсе надуманыя — па факце прафесіяналаў сусветнага ўзроўню караюць за прынцыповую грамадзянскую пазіцыю. Якая, канешне, не супадае з афіцыйнай.
…Святлана Кудзеліч піша ў instagram: «Я разумею адну простую рэч: мая павага і любоў — не ўзаемныя! Мяне лёгка можна выкінуць са зборнай і звольніць з працы! Можна не памятаць мае медалі, п'едэсталы, рэкорды, кроў і слёзы! Можна ўсё ім — і нічога нельга нам! А не — можна выконваць усё тое, што загадваюць. І толькі паспрабуй не паслухайся. А калі выкажаш сваё меркаванне — хутка развітаюцца! Вось такія законы ў маёй любімай Беларусі…»
Лёгкатлетка Кудзеліч падпісала адкрыты зварот спартсменаў (зараз пад ім ужо больш за 800 прозвішчаў), і наступствы не прымусілі сябе доўга чакаць. Святлану звольнілі з працы, яе спартыўная кар’ера паляцела пад адхон.
Такіх гісторый у беларускім спорце сёння хапае. Спіс можна працягваць — хопіць на цэлы марціролаг. Тытулаваны шматборац Андрэй Краўчанка доўга лячыўся і вельмі хацеў паехаць на чарговую Алімпіяду. Не паедзе. Футбольны трэнер Васіль Хамутоўскі апекаваў варатароў у брэсцкім «Дынама» — любімую працу прыйшлося пакінуць. Хакейны трэнер Аляксандр Румо таксама сышоў у адстаўку — яму недвухсэнсоўна патлумачылі, што «каб працаваць са зборнай, трэба падтрымліваць дзеючую ўладу». Гандбольны клуб «Віцязь» падтрымаў Алену Леўчанку і быў выключаны з чэмпіянату краіны.
Загрымелі на суткі Аляксандра Сітнікава (шматразовая чэмпіёнка Беларусі па тайскім боксе), тытулаваны трэнер тайбаксёраў Юрый Булат, гулец у амерыканскі футбол Ігар Баяр, трэнер па дзюдо Канстанцін Палей, рэгбістка Марыя Шакура.
Карціна маслам, як кажуць. Зрэшты, яна — карціна — нечакана займела адваротны бок.
Пытанне: як рэагуюць на ганенні спартсмены? Адказ: пайшлі ў наступ шырокім фронтам
Атлеты-пратэстоўцы не абмежаваліся складаннем адкрытага закліку за правядзенне новых выбараў. Гэта было б надта банальна і даўно ўжо б патанула ў інфармацыйным віры. Яны пайшлі іншым шляхам — на дзіва моцна кансалідаваліся і дапоўнілі эпісталярны жанр некалькімі красамоўнымі практычнымі крокамі. Галоўныя з іх — стварэнне Фонду спартыўнай салідарнасці і Свабоднага аб’яднання спартсменаў (САС).
Мэта Фонду — фінансавая і іншая падтрымка калег, пацярпелых за грамадзянскую пазіцію. Мэта Аб’яднання — абарона правоў ахвяр рэпрэсій у юрыдычным полі і з прыцягненнем міжнародных спартыўных арганізацый.
Сутыкнуўшыся з ціскам, чальцы САС звярнуліся наўпрост у Лазану — там месціцца офіс Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК). Ліст з Мінска паляцеў у Швейцарыю на мінулым тыдні, і ў ім аўтары звярнулі ўвагу на вышэйзгаданыя факты дыскрымінацыіі калег з боку беларускай ўлады — у тым ліку Міністэрства спорта і Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК). Фактаў набралася ажно 22, а сярод іншага пратэстоўцы звярнулі ўвагу МАК на парушэнні афіцыйным Мінскам Алімпійскай хартыіі.
Алімпійская хартыя — гэта «Ойча наш» сусветнага алімпійскага руху, прынцыпы якога павінны няўхільна выконваць усе краіны, што ўдзельнічаюць у Гульнях. Ад Злучаных Штатаў і Германіі — да Туркменістана і Паўночнай Карэі. За КНДР не скажам, але наш цэнтр Еўропы ад міжнароднай супольнасці не схаваць. Хартыя між тым прадугледжвае непрымальнае стаўленне да любога ціску — палітычнага, рэлігійнага, эканамічнага, юрыдычнага. І надзяляе мясцовы НАК абавязкам такім з’явам супрацьстаяць.
У сваім звароце, аднак, спартсмены адзначылі, што беларускі НАК бяздзейнічае — не звяртае ўвагі на гвалт, катаванні, пагрозы і дыскрымінацыю сваіх калег. І зрабілі моцны акцэнт на фігуры кіраўніка дзяржавы.
Цытуем: «Дзеючы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нясе поўную адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне. Ён узначальвае НАК Беларусі шмат гадоў. Першым віцэ-прэзідентам НАК з 2019 года з’яўляецца яго сын Віктар Лукашэнка, які з 2005 года і па сёння працуе памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па нацыянальнай бяспецы, а з 2007-га — і членам Рады Бяспекі Беларусі. То бок практычна ўзначальвае праваахоўныя органы і службы бяспекі краіны».
Гэта быў неверагодна смелы зварот — такога ў беларускім спорце дакладна не было ніколі. У фінале аўтары папрасілі МАК правесці расследаванне фактаў дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненні спартсменаў, прыняць неабходныя рашэнні для нармалізацыі сітуацыі, дапамагчы пацярпелым з удзелам у чарговых Гульнях, а таксама праявіць салідарнасць з народам Беларусі.
Свае подпісы пад лістом у Лазану паставілі 13 чалавек — Аляксандр Апейкін, Канстацін Якаўлеў (абодва — гандбол), Кацярына Сныціна, Ягор і Мікіта Мешчараковы (усе — баскетбол), Аляксандра Герасіменя, Яўген Цуркін (абодва — плаванне), Артур Удрыс (валейбол), Аляксандра Раманоўская (фрыстайл), Андрэй Краўчанка (лёгкая атлетыка), Васіль Хамутоўскі (футбол), Сцяпан Папоў (самба) і Іван Ганін (кікбоксінг).
Пытанне: як адрэагаваў МАК? Адказ: распачаў расследаванне
За падзеямі ў Беларусі зараз з боллю назірае ўвесь свет. Таму нельга здзіўляцца, што Міжнародный алімпійскі камітэт адказаў на мінскую карэспандэнцыю надзвычай аператыўна. Ужо, бадай, на наступны дзень прэзідэнт МАК Томас Бах асабіста выступіў з афіцыйнай заявай па беларускім пытанні.
Падкрэсліўшы, што «мы вельмі занепакоены атрыманай інфармацыяй», адзначыўшы непарушнасць прынцыпаў Алімпійскай хартыі, немец Бах паведаміў аб неадкладна распачатым расследаванні сітуацыі ў Беларусі.
Колькі часу спатрэбіцца Лазане на тое, каб разабрацца, дакладна не скажаш. Але і словы Баха дзяжурнымі таксама не назавеш — дарма што МАК, як і любая еўрапейская бюракратыя, даволі асцярожны ў прыняцці санкцыйных рашэнняў.
Тым больш на арганізацыю паступова пачала ціснуць міжнародная спартыўная супольнасць. Канкрэтна — рух «Global Athlete» і Сусветная асацыяцыя гульцоў, якія паўсталі на бок пацярпелых беларускіх атлетаў. У кантэксце міжнародных санкцый, якія прымаюць у дачыненні да Беларусі розныя краіны і нават ЕС, гэта відавочна маштабуе эфект і, як быццам, нічога добрага Лукашэнку і К не абяцае.
А тут яшчэ і спартсмены працягваюць атакаваць. На першыя ролі ў гэтым асобна ўзятым пратэстным руху афіцыйна выйшла Аляксандра Герасіменя. «Залатая рыбка» айчыннага плавання ўзначаліла Фонд спартыўнай салідарнасці і для актыўных дзеянняў імкліва пераехала ў Вільнюс. Цяпер яе місія — наладжваць міжнародныя кантакты і прасоўваць тэму ў еўрапейскі кантэкст як мага глыбей. Першы крок ужо паспяхова зроблены — у пятніцу трохразовая алімпійская прызёрка правяла рабочую сустэчу з прэзідэнтам НАК Літвы.
Пытанне: дык што будзе ў выніку? Адказ: у Беларусі могуць забраць сцяг
Алімпійская хартыя — шматстаронкавы дакумент, напісаны нуднай юрыдычнай мовай. Можаце пагугліць і пачытаць, але лепш паверце — санкцыіі на выпадак прашэнняў там таксама прапісаны. Ад кропкавых да самых радыкальных.
Радыкальныя — адхіленне ці ўвогуле выключэнне нядбайнага НАК з ліку рэзідэнтаў МАК. Гэта будзе адзначаць, што Беларусь як суб’ект алімпійскага руху проста знікне з сусветнай карты. Зрэшты, такі вердыкт здаецца зусім малаверагодным. Наша сітуацыя дыктуе Баху і яго калегам выключна паважліва ставіцца да беларускіх спартсменаў — асабліва да тых, хто папаў пад раздачу. І каго-каго, а іх барані Бог не чапаць. Атлеты ні ў чым не вінаватыя.
Выхад тут напрашваецца сам — пакараць сістэму і зберагчы людзей. Такое МАК ужо праходзіў, прычым нядаўна. У зімовых Гульнях-2018, што адбыліся ў карэйскім Пхенчхане, у якасці так званых «нейтральных атлетаў» выступалі расіяне. Яны былі нібыта самі па сабе — без знакаў адрознення ў выглядзе роднага трыкалора. Расійскі НАК — а з ім і расійскі сцяг — былі выкраслены з алімпійскага парадку дня. Прыйшлося нашым суседзям спаборнічаць пад нейтральнымі колерамі — белым палотнішчам з пяццю кольцамі.
Расія зняважыла хартыю тым, што на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва санкцыянавала ўжыванне атлетамі допінгу. Беларусь ідзе па гэтых самых слядах — з той толькі розніцай, што дзяржава перакручвае спартсменаў ў жорнах рэпрэсій. І, відаць, рызыкуе прыкладна тым жа — застацца на Алімпіядзе без свайго сцяга. І аб гэтым са спасылкамі на свае крыніцы ўжо пачынае пісаць заходняя прэса.
Здаецца, палітычнай волі ў МАК павінна хапіць, каб пакараць Беларусь нейкім падобным. Другая справа, ці хопіць доказаў дыскрымінацыіі спартсменаў? Альбо так: ці палічаць у Лазане гэтыя доказы вычарпальнымі і дастатковымі, каб ударыць у самы мур беларускага алімпізму? Што ж, пачакаем-паглядзім.
А ў чым сумневу няма аніякага — дык гэта ў рашучасці спартсменаў, якія кінулі выклік дзяржаве. Іх зайдросная сіла духа і вера ў поспех — гэта тое, чаго не хапае сёння іншым беларусам. Улады могуць задушыць стачкі на заводах, утаймаваць студэнтаў пагрозамі адлічэння, а медыкаў ці навукоўцаў застрашыць звальненнямі. Супраць адчайных атлетаў інструментаў уплыву не праглядаецца ад слова «наогул». Як казаў адзін кінагерой, няма ў вас метадаў супраць Косці Сапрыкіна.
«Мы ахілесава пята Лукашэнкі», — кажа Канстанцін Якаўлеў. «Мая рашучасць толькі расце», — дадае валейбаліст Артур Удрыс. «Нас пазбавілі базавых чалавечых правоў, я не магу безуважна за гэтым назіраць», — канстатуе Аляксандра Герасіменя.
І не падобна на тое, што яны жартуюць.