Любімчык Пуціна зладзіў скандал на матчы з мінскім «Дынама»
Сын алігарха, які перамагае ў хакеі з дапамогай дзюдо і Пуціна, псіхануў у матчы з мінскім «Дынама»: нахабна клікаў суддзю, перамогу беларусаў называў «цудам на лёдзе». Пра гэта распавядае «Трыбуна».
Мінскае «Дынама» з апошняга прахаднога месца ў плэй-оф вельмі бадзёра трымаецца ў супрацьстаянні з піцерскім СКА — пераможцам гладкага сезона КХЛ: напярэдадні «зубры» на выездзе саступілі ў пятым матчы з лікам 3:6 (дзве апошнія шайбы прапусцілі, зняўшы варатара), і хоць наступная сустрэча на "Мінск-Арэне" можа стаць апошняй у супрацьстаянні да чатырох перамог (пакуль што расіяне наперадзе 3:2), наўрад ці ім будзе проста.
Адным з самых яркіх эпізодаў пятнічнай гульні ў Санкт-Пецярбургу стаў зрыў галоўнага трэнера гаспадароў Рамана Ратэнберга ў канцы другога тайма — ён распачаў сварку з гульцамі мінчан, спрабуючы ім нешта давесці па-ангельску. Потым грэблівым жэстам вырашыў паклікаць арбітра сустрэчы.
Падставай для такіх паводзінаў Ратэнберга стаў эпізод паміж
форвардам СКА Маратам Хуснутдзінавым і абаронцам «Дынама» Джозэфам Душакам
(менавіта яго вербальна атакаваў трэнер): амерыканец спрабаваў выканаць кідок,
але расіянін паспеў выбіць шайбу з-пад яго клюшкі — і тады праз імгненне клюшка
прыляцела ў твар Хуснутдзінаву.
Суддзі не ўбачылі ў гэтым моманце злога намеру з боку Душака
і не выдалілі яго, Хуснутдзінаў жа адправіўся ў распранальню, дзе яму зашылі
губу — вось так выглядаў твар хакеіста пасля інцыдэнту.
Пацярпелы вярнуўся на пляцоўку ў трэцім перыядзе і нават зрабіў асіст на заключную шайбу СКА. Але Ратэнберг пасля заканчэння матча не астыў і выказаўся яшчэ і на прэс-канферэнцыі. Трэнер абазначыў перакананасць, што Душак нанёс траўму яго гульцу спецыяльна, і заклікаў "канадцаў" (Душак, нагадаем, амерыканец) да разумення, што ёсць "жыццёвыя правілы"; задаўся пытаннем, чаму расійскія хакеісты, якія з'язджаюць у НХЛ, "сабе такога не дазваляюць", а таксама сказаў, што на такія моманты яго каманда будзе адказваць галамі.
Ратэнберг ужо скардзіўся на правакацыі пасля другой гульні каманд. Тая сустрэча скончылася перамогай СКА 5:2. Тады ён увогуле сказаў, што перамагчы дапамагло тое, што «армейцы» бяруць прыклад з Уладзіміра Пуціна, які выкарыстоўвае філасофію дзюдо — паварочваць моцныя бакі суперніка супраць яго ж.
А ў студзені прыхільнік ваеннага злачынца — а да таго ж Раман Ратэнберг з'яўляецца сынам набліжанага да Пуціна алігарха Барыса Ратэнберга — як першы віцэ-прэзідэнт Федэрацыі хакея Расіі выказваўся пра перамогу зборнай Беларусі над расіянамі ў аслабелым Кубку Першага канала — ён назваў гэта "цудам на лёдзе", падобным да перамогі зборнай ЗША над зборнай СССР на Алімпіядзе-1980.
Ну а на сітуацыя паміж Душакам і Хуснутдзінавым адрэагаваў яшчэ былы гулец зборнай Расіі Аляксандр Юдзін. Ён таксама лічыць, што амерыканец дзейнічаў наўмысна.
— Лупіць клюшкай па твары, калі бачыш і разумееш, што гулец ужо ляжыць на лёдзе — гэта проста нізка і не па паняццях як у Расіі, так і ў любой іншай хакейнай краіне. Так рабіць нельга, Душак мог пазбегнуць гэтага кровапраліцця і траўмы ў суперніка, — сказаў Юдзін.
На словы Ратэнберга пра брудную гульню дынамаўцаў адказаў Крэйг Вудкрафт, зазначыўшы, што яго каманда гуляе не больш брудна, чым супернік — у матчы, што прайшоў, каманды нахапалі аднолькавую колькасць штрафных хвілін (10). Ды і ў цэлым па серыі ў мінчан з піцерцамі па выдаленнях роўнасць: у двух матчах больш штрафаў нахапала "Дынама", у двух іншых — СКА.