«Хэлоў, Раша»? У ЗША сын беларускага хакеіста трапіў у скандал

Сын беларускага хакеіста Аляксандра Гальчанюка Алекс трапіў у чарговы скандал: у нецвярозым стане ён пагражаў парэзаць паліцэйскіх. Ці стане гэты інцыдэнт канцом яго кар'еры ў ЗША? 

Алекс Гальчанюк. Фота: championat.com

Алекс Гальчанюк. Фота: championat.com

У канцы чэрвеня «Нэшвіл» пасля абмену з «Каларада» не стаў працягваць кантракт з 29-гадовым нападнікам Алексам Гальчанюком, адпусціўшы хакеіста на рынак свабодных агентаў. Форвард з'яўляецца сынам экс-гульца зборнай Беларусі Аляксандра Гальчанюка, які з'ездзіў на Алімпіяду-1998 і чатыры чэмпіянаты свету. Ураджэнец Мінска пачынаў кар'еру ў сталічным «Дынама», а пазней пагуляў у Расіі, ЗША, Германіі, Італіі і Швейцарыі. Падчас выступаў за акіянам у Гальчанюка-старэйшага нарадзіўся сын Алекс, у якога цяпер толькі амерыканскі пашпарт — пасля адмовы ад расійскага грамадзянства больш за дзесяць гадоў таму, піша «Трыбуна».

На пачатку лета Гальчанюк-малодшы нядоўга знаходзіўся без клуба. 2 ліпеня «Арызона» абвясціла пра заключэнне двухбаковага кантакту з бронзавым прызёрам ЧС-2013 на адзін сезон. Нападнік ужо меў досвед выступаў за «каётаў»: ён абараняў іх колеры ў сезонах-2018/19 і 2021/22. Згодна з пагадненнем, Гальчанюк павінен быў атрымаць за сезон 775 тысяч долараў. Калі б хакеіста адправілі ў фарм з АХЛ, то гадавы заробак упаў бы да 225 тысяч долараў.

Аднак нават гэтых грошай Алекс не атрымае ад «Арызоны». Не прайшло і двух тыдняў, як «каёты» скасавалі кантракт з форвардам і змясцілі таго на драфт адмоў. Пры гэтым у клубе адзначылі, што не будуць каментаваць расстанне са сваім пачаткоўцам. У той жа дзень амерыканскія журналісты напісалі, што гэтая пастанова не мае дачынення да спартыўнага складніка, а звязаная з «сітуацыяй па-за лёдам». Такая пазіцыя клуба не спадабалася асацыяцыі хакеістаў НХЛ, дзе пачалі вывучэнне гісторыі з Алексам.


Глядзіце таксама

Крыху пазней стала вядома, што Гальчанюк з 9 ліпеня знаходзіцца ў гарадской турме паліцэйскага дэпартамента Скотсдэйла, куды трапіў за два дні да паведамлення пра расстанне з «Арызонай». На наступны дзень хакеіст атрымаў абвінавачанне за аварыю на прыватнай уласнасці, уцёкі з месца здарэння, хуліганства, непадпарадкаванне, супраціў арышту, пагрозы і запалохванне. Паводле справаздачы паліцэйскіх са Скотсдэйла, у штаце Арызона два чалавекі на «BMW» урэзаліся ў дарожны знак і бардзюр, што засталіся ляжаць на паркоўцы. Пазней кампанія працягнула свой шлях, пакуль яе не спыніў паліцэйскі патруль. Афіцэр заўважыў, што мужчыны ў салоне знаходзіліся ў стане моцнай інтаксікацыі.

У гэты час Гальчанюк паспрабаваў выбрацца з машыны з боку пасажырскага месца. Гэта ў хакеіста не атрымалася, і таму той пачаў пагражаць паліцэйскаму.

«Вы ж бачыце мае вочы, так? Вы ж разумееце, што я парэжу вас усіх — цябе, тваю жонку і дачку!» — прыводзяць словы хакеіста арызонскія СМІ. Пасля пагроз расправы ад Гальчанюка далей пайшлі нецэнзурныя словы на адрас афіцэраў. Адзначаецца, што нападнік неаднаразова абражаў аднаго з паліцэйскіх на расавай глебе. Акрамя гэтага, паведамілі ў паліцыі, у выніку ДТЗ пацярпела толькі прыватная маёмасць — ніхто не атрымаў траўм.

За кратамі Алекс прабыў усяго суткі: на наступны дзень нападніка адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Толькі пасля гэтага «Арызона» пацвердзіла, што скасоўвае кантракт са сваім новым хакеістам.

«Мы ведаем пра інцыдэнт з Алексам Гальчанюком і рашуча асуджаем такія паводзіны. Як толькі клубу стала вядома пра абвінавачанні, мы адразу ж пачалі працэс скасавання яго кантракту па адпаведных каналах сумесна з НХЛ. У выніку "Арызона" скарысталася правам на скасаванне кантракта з Алексам Гальчанюком праз істотнае парушэнне ўмоў дагавора», — гаворыцца ў заяве клуба.


Глядзіце таксама

Гэтая гісторыя не першая ў Гальчанюка, звязаная з паліцыяй. У лютым 2015-га найлепшы сябар хакеіста Ніяль Якупаў, з якім Алекс па юнацтве разрываў OHL, расказваў, што аднойчы ноччу хакеісты на машыне вырашылі з'ездзіць у «Макдональдс». На шляху за фастфудам спартсмены зразумелі, што абодва забыліся пасведчанні кіроўцаў. Аднак гэты факт не збянтэжыў ні Алекса, ні Наіля, і хлопцы працягнулі рух на аўтамабілі. На зваротным шляху за машынай хакеіста ўвязаўся паліцэйскі патруль.

«Чымсьці не спадабаліся мы відавочна, хоць хуткасць не перавысілі. Страху, вядома, нацярпеліся тады, але ўсё завяршылася добра. Не трапіліся. Галоўнае, мы так смачна паелі потым!» — згадваў Якупаў.

У наступным годзе адбылася куды больш сур'ёзная гісторыя. У студзені 2016-га, калі Гальчанюк выступаў за «Манрэаль», яго дзяўчыну Шанэль Ляшчынскі затрымала паліцыя. Інцыдэнт адбыўся ў гатэльным нумары Алекса, дзе праходзіла вечарына. Раніцай з невядомай прычыны паміж хакеістам і дзяўчынай узнік канфлікт, у выніку якога Ляшчынскі ўдарыла спартсмена. У гэты час у кватэры знаходзіліся сябры Гальчанюка, у тым ліку яго партнёр па камандзе Дэвантэ Сміт-Пелі.

Калі паліцыя прыбыла на месца здарэння, Шанэль арыштавалі як завадатарку бойкі. Пазней Ляшчынскі адпусцілі. Гальчанюк вырашыў не падаваць скаргу, але паліцыя ўсё роўна перадала справу ў пракуратуру.

Зараз кар'ера абранага трэцім на драфце НХЛ-2012 Гальчанюка знаходзіцца ў піку. Таму не дзіўна, што будучыню форварда з нхлаўскім досведам у 654 матчы і 354 (146+208) балы апошнім часам звязваюць з КХЛ. Мінулым летам на хакеіста пасля непераканаўчага сезона ў «Арызоне» выйшлі адразу некалькі клубаў з Расіі: «Салават Юлаеў», «Авангард», маскоўскае «Дынама» і «Лакаматыў». У Яраславе хацелі бачыць Гальчанюка больш за ўсіх і прапанавалі форварду самы вялікі кантракт, які па выніку не быў падпісаны: Алекс не губляў надзею працягнуць кар'еру ў НХЛ.

Неўзабаве з'явілася прапанова ад «Каларада», якая завяршылася падпісаннем двухбаковага кантракта на год. Аднак ужо ў снежні 2022-га новы клуб выставіў Гальчанюка на драфт адмоў. Да таго моманту Алекс паспеў правесці за «Каларада» 11 матчаў без набраных балаў. Ніхто з іншых клубаў НХЛ не захацеў бачыць форварда ў сваіх шэрагах, таму кіраўніцтва «Эвеланш» адправіла хакеіста ў сваёй фарм з АХЛ. Да канца сезона Гальчанюк правёў у гэтай лізе 42 матчы, набраўшы 42 (16+26) балы.

Як ужо гаварылася вышэй, у чэрвені «Каларада» выставіла Алекса на драфт адмоў, дзе форварда няўдала падпісала «Арызона». Гэтым летам Гальчанюк таксама мог апынуцца ў КХЛ, адкуль ён атрымаў прапанову ад ЦСКА. Аднак і гэтым разам нападнік адказаў адмовай і заявіў, што хоча працягваць выступаць у НХЛ.