25 рублёў прызавых і ніякай будучыні. Як існуе беларускі паралімпійскі футбол
Нароўні са звычайным вялікім футболам ёсць у Беларусі футбольныя каманды, якім дастаецца не так шмат увагі. Але яны любяць і ўмеюць гуляць у футбол — і з не меншым імпэтам, чым прафесійныя спартсмены.
Наш суразмоўца паралімпіец Аляксандр Ігнатовіч некалькі гадоў адгуляў у нацыянальнай зборнай па футболе для атлетаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Ён распавёў пра паралімпійскі беларускі футбол і пра тое, як стаўленне грамадства адбіваецца на атлетах з павышанымі патрэбамі.
Аляксандру Ігнатовічу 34 гады, ён — дзевяціразовы чэмпіён краіны па футболе ў сваёй катэгорыі здароўя.
Аляксандр жыве ў Мінску, гадуе дваіх дзяцей. Сашава хвароба называецца сірынгаміелія — гэта стан, калі ў спінным мозгу чалавека з’яўляюцца пустоты. Праз гэта парушаецца рух чалавека. Для Аляксандра спускавым кручком хваробы стала аварыя, у якую ён трапіў ва ўзросце трох гадоў.
Ужо некалькі гадоў, паводле слоў Аляксандра, у Беларусі не існуе футбольнай «нацыяналкі» для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Больш за тое, чатыры гады (да леташняга ліпеня) не праводзіўся адмысловы чэмпіянат краіны па футболе для такіх спартсменаў, бо не маглі знайсці гульцоў і, адпаведна, не выдзялялася фінансаванне.
Як у Беларусі знаходзяць удзельнікаў для паралімпійскіх спаборніцтваў? Звычайна, як тлумачыць Ігнатовіч, усё адбываецца праз таварыствы інвалідаў, якія прыцягваюць спартсменаў да розных мерапрыемстваў. То-бок, у кожным вялікім горадзе і вобласці ёсць свой спартыўны клуб для людзей з інваліднасцю, які павінен прапагандаваць спорт і здаровы лад жыцця. Але на самой справе гэта не так часта адбываецца. Зборная, у якой гуляў Ігнатовіч, таксама існавала не толькі пры падтрымцы клуба — дапамагаў адзін з мінскіх рэабілітацыйных цэнтраў, што спецыялізуецца на праблемах апорна-рухальнага апарату.
Паводле Аляксандра, клубам прасцей не ствараць новыя каманды і выхоўваць новых гульцоў, а праводзіць турніры сярод тых, хто ёсць. Для «птушачкі», як кажуць.
— Гэта не маштабны фармат прасоўвання, а мястэчкавы, раённы, — дзеліцца Ігнатовіч. — Маўляў, мне добра, і пры гэтым мне ўсё роўна, што астатнія думаюць пра такое развіццё спорту. Людзі, якія прытрымліваюцца такіх поглядаў, робяць тое, што выгадна ім, і не думаюць пра іншых.
Некалі існавалі планы нават пра стварэнне Беларускай федэрацыі паралімпійскага футбола, што дазволіла б гульцам наведваць міжнародныя спаборніцтвы — чэмпіянаты Еўропы і свету. Аднак з цягам часу федэрацыя не з’явілася, да і тыя ўмовы, якія мелі спартсмены-інваліды, сталі пагаршацца. У Аляксандра багата гісторый пра тое, як гэта спраўдзілася на практыцы.
Напрыклад, на працягу некалькіх год футбольны чэмпіянат краіны для спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату праходзіў на гумовым полі ў Стайках. Паміж фрагментамі гумы, што і складаюць поле, існуюць шчыліны, на полі шмат ям і выбоін. Вось на такой пляцоўцы даводзілася гуляць у футбол спартсменам з дыягназамі накшталт ДЦП.
Была і больш уражваючая гісторыя. Некалі чэмпіянат Беларусі вырашылі правесці ў Гомелі, на стадыёне «Лакаматыў». Спартсмены не мелі нічога супраць, бо гэты гомельскі стадыён добра вядомы: на «Лакаматыве» гуляе аднайменны клуб першай лігі. Але аказалася, што для футбалістаў-інвалідаў арганізатары выдзелілі не асноўнае поле стадыёна, а маленькае поле для размінкі, якое было пакрытае купінамі. У дадатак да гэтага гомельскі чэмпіянат прынёс гісторыю, якая запомнілася нашаму суразмоўцу на ўсё жыццё.
— У апошні дзень спаборніцтваў, у нядзелю, — успамінае Ігнатовіч, — нам трэба было прыняць душ перад тым, як ехаць у Мінск. Поле было брудным, таму хацелі прывесці сябе ў парадак, каб не запэцкаць арандаваныя машыны. Планавалася, што ў распранальнях будзе працаваць душ, але, калі мы прыйшлі туды, вады ў душы не было. Тады адзін са спартсменаў, які шмат бегаў і падаў падчас гульні і моцна запэцкаўся, знайшоў самую вялікую лужыну і мыўся ў ёй. Шмат хто хіхікаў, нехта здымаў тую сцэну на відэа.
Аляксандр распавядае яшчэ адну гісторыю пра стаўленне да спартсменаў з асаблівымі патрэбамі. Сітуацыя, пра якую ідзе гаворка, здарылася на адным з чэмпіянатаў Мінска для гульцоў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.
— Да нас на турнір запрасілі чалавека з Беларускай футбольнай федэрацыі (АБФФ). Не памятаю дакладна, хто гэта быў, здаецца, былы трэнер футбольнай «нацыяналкі». Натуральна, што ўзровень спаборніцтваў быў не надта высокі: дваровая пляцоўка, парваныя сеткі на варотах. Гэты чыноўнік павінен быў узнагароджваць пераможцаў турніра, і перад гэтай цырымоніяй я пачуў, як ён кажа свайму асістэнту: «Слухай, каб мяне на такую х…ню больш не запрашалі». Мяне гэта вельмі ўзлавала. Таму, калі той чыноўнік мяне ўзнагароджваў, я не паціснуў яму руку і не падставіў шыю, каб ён павесіў мне медаль.
Праз непаразуменне з кіраўніцтвам частка гульцоў нацыянальнай зборнай сышла з каманды, і замену ім не атрымалася знайсці. Аляксандр задаецца пытаннем: як можна гаварыць пра нейкае развіццё, калі ніхто не жадае шукаць новых гульцоў? Ды і тыя, што ёсць, вымушаныя самі шукаць сабе магчымасці для трэніровак і фінансаванне.
— Большасць кампаній, калі разглядаюць магчымасць спонсарства, думаюць пра тое, наколькі гэты від спорту папулярны і наколькі шырока будуць асвятляць тое ці іншае спаборніцтва. Натуральна, што для іх больш выгадна правесці спаборніцтвы, дзе будзе здалёк бачная расцяжка з эмблемай іх кампаніі, чым калі тая ж самая эмблема з’явіцца на рукаве ў гульца. Таму, калі б Мінспорту і таварыствы інвалідаў больш займаліся прасоўваннем і развіццём паралімпійскага спорту, нам было б лягчэй знаходзіць сабе спонсараў і, адпаведна, наведваць спаборніцтвы за мяжой.
А што ж атрымліваюць паралімпійскія гульцы за свае намаганні? Пару месяцаў таму прайшоў чарговы футбольны чэмпіянат краіны для спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Узнагароды атрымалі толькі чэмпіёны краіны, і прызавыя склалі 25 рублёў на чалавека. Пазней спартсмены яшчэ атрымалі пайкавыя грошы — 39 рублёў на чалавека за тры дні пражывання. Дарэчы, на тым чэмпіянаце каманда гульцоў, што аказаліся па-за межамі зборнай, забілі 35 галоў, што больш, чым сумарная колькасць галоў усіх астатніх каманд турніру.
Але няўжо сумныя беларускія гісторыі — гэты адзіны варыянт таго, як можа развівацца паралімпійскі спорт? Няўжо нельга па-іншаму?
Пытаюся ў Ігнатовіча, як справы з паралімпійскім футболам за мяжой. Вось прыклад Расіі.
— Ёсць каманды ад інваліднага руху, якія замацаваныя за вялікімі футбольнымі клубамі. Напрыклад, такая каманда належыць клубу «Спартак», адзін з чэмпіёнаў Паралімпіяды-2000 працуе там трэнерам. У іх нават ёсць дзве дзіцячыя групы падрыхтоўкі, якія займаюцца асобна адна ад адной. Яны прыходзяць, трэніруюцца і паказваюць вынік, потым гульцоў адбіраюць і адпраўляюць на вялікія турніры. Вось так і павінен развівацца інваспорт.