Топ-6 жахаў з «Гульні тронаў», заснаваных на рэальных падзеях

Гісторык Аляксандр Гелагаеў шукае паралелі паміж самымі шакавальнымі момантамі серыялу і падзеямі еўрапейскае даўніны.

cqkmnuzmsyw_1024x683.jpg


Серыял «Гульня тронаў» заснаваны на кнігах «Песня Лёду і Полымя» Джорджа Марціна, які сам казаў, што мноства падзеяў з ягоных кніг не выдуманыя для драматычнасці, але ўзятыя з рэальнай гісторыі.
Паглядзім, наколькі гэта адпавядае праўдзе.

Сувязь паміж братам і сястрой


Важнейшую ролю ў сюжэце грае раман паміж бязлітаснай каралевай Сэрсэй і яе братам Джэймі Лэністэрам. Усё дзеці каралеўскай сямʼі нарадзіліся не ад караля, што робіцца прычынай жорсткай грамадзянскай вайны.

880bfc0d_f63e_43e0_bd60_2c594c217ca1.jpg


Непасрэдных і даказаных прыкладаў падобных скандальных падзеяў у гісторыі Еўропы няма – хрысціянства ўсё ж дапамагала трымаць у пэўных межах паводзіны феадалаў. Аднак абвінавачанні і чуткі пра інцэст часам зʼяўляліся пераважна ўжо пасля Сярэднявечча – у часы Рэнесансу.
Гэтак, адным з абвінавачанняў супраць жонкі ангельскага караля Генрыха VIII Ганны Балін была сувязь з яе братам Георгам. Ганну Балін пакаралі смерцю ў 1536 годзе.
У тым жа стагоддзі трохі пазней хадзілі падобныя (нічым не пацверджаныя) чуткі і пра Маргарыту дэ Валюа – французскую прынцэсу, гераіню рамана Аляксандра Дзюма «Каралева Марго».

Залатая карона


Прынц Візэрыс Таргэр’ен, не надта разумны старэйшы брат Дэнэрыс, падняў зброю на сваю сястру пры яе мужы Кхале Дрога і заявіў, што Дрога не выконвае сваё абяцанне – за сястру Візэрысу паабяцалі каралеўскую карону. Дрога растапіў свае залатыя ўпрыгожванні і забіў сваяка, выліўшы метал на ягоную галаву.

game_of_thrones_a_golden_crown.png


Марк Ліцыній Крас быў палітычным хаўруснікам Юлія Цэзара і лічыўся самым заможным чалавекам у Рыме. Аднак ён хацеў не толькі золата, але і вайсковай славы ня меншай, чым у Цэзара, таму павёў свае войскі супраць парфянаў – коннікаў-качэўнікаў, падобных на ваяроў Кхала Дрога. Паход праваліўся, пасля чаго паўстала легенда, што парфяне залілі ў рот палоннаму Красу расплаўленае золата, каб задаволіць ягоную смагу да чужога дабра.

Чырвонае вяселле


Заможны лорд Ўолтэр Фрэй парушыў старадаўнія звычаі гасціннасці і бязлітасна забіў караля Поўначы Роба Старка, ягоную жонку і ягоную маці Кейтлін Старк на вяселлі сваёй дачкі Разалінды і лорда Эдмура Талі.

game_thrones_red_wedding_episode.jpg


Падобным чынам у 1410-м забілі маладых кіраўнікоў магутнага шатландскага клану Дугласаў – іх запрасілі на абед з 10-гадовым каралём Джэймзам, а потым старэйшыя дарадцы караля знянацку арыштавалі гасцей і хутка забілі пасля фармальнага суду. Падзея атрымала назоў «Чорны абед».
Іншая гісторыя такога плану адбылася ў 1692 годзе. Тады 38 шляхцічаў з шатландскага клану Макдоналд былі забітыя ўжо сваймі гасцямі – ангельскімі афіцэрамі і жаўнерамі.

Масавае знішчэнне прыхільнікаў новай рэлігійнай плыні


У мінулым сезоне серыялу Сэрсэй пайшла на масавае забойства сваіх канкурэнтаў з іншай арыстакратычнай сямʼі і адначасова верхавіны «вераб’ёў» – рэлігійнай групы, якая паставіла на абнаўленне традыцыйнай рэлігіі.

game_of_thrones_cersei_burn.jpg


Несумненна тут можна ўбачыць здань разні святога Варфаламея, якая адбылася ў 1572 годзе ў Парыжы. Тады частка французскай каталіцкай арыстакратыі паставіла на знішчэнне лідараў пратэстантаў-кальвіністаў. Аднак тое, што задумвалася як кропкавыя палітычныя забойствы гугенотаў, праз масавае далучэнне абуранага масавым прыездам іншаверцаў парыжскага насельніцтва прывяло да крывавай лазні, у якой загінула некалькі тысяч чалавек.
Арганізацыю Варфаламееўскай ночы звычайна прыпісвалі маці французскага караля Карла XI Кацярыне Мэдычы (тое ж мы бачым і ў серыяле), аднак сучасныя гісторыкі аспрэчваюць гэтае меркаванне.

Штурм Сцяны


Агромністая сцяна больш чым 200 метраў у вышыню, уздоўж якой Чорная варта ўтрымлівае некалькі пастоў, абараняе кантынент Ўэстэроўз з поўначы: ад дзікуноў Вольнага народу, веліканаў і жывых мерцвякоў – белых хадакоў. Напад дзікуноў вельмі дорага каштуе Чорнай варце і толькі дапамога Станіса Баратыёна ратуе становішча.
Рымскі імператар Адрыян у 122 годзе пабудаваў на поўначы Брытаніі сцяну ад мора да мора, каб абараняцца ад барбараў-кельтаў. Дзесьці ў 5 стагоддзі н. э. у сувязі з заняпадам Заходняй Рымскай імперыі сцяна згубіла сваё абарончае значэнне – кельты з Ірландыі і з Шатландыі абышлі сцяну Адрыяна па мору.

«Дзікі агонь»


Спаленне варожага флоту, знішчэнне святыні з палітычнымі ворагамі і любыя іншыя хуткія і масавыя забойствы найлепш атрымліваюцца ў герояў серыялу з ужываннем гэтай небяспечнай алхімічнай субстанцыі, якая гатовая лёгка выбухнуць і гарыць нават на вадзе.

wildfire_explosion.jpg


У нашай гісторыі вядомы так званы грэцкі агонь – гаручая сумесь, якая выкарыстоўвалася ў Сярэднявеччы. У марскіх бітвах яна дапамагала візантыйскаму флоту перамагаць праціўнікаў. Два разы грэцкім агнём былі спаленыя арабскія флаты, якія падыходзілі да Канстанцінопалю. Такім чынам горад захоўваў марскую сувязь з астатняй імперыяй і мог ператрываць доўгую аблогу.

Не ўсё было так дрэнна


У рэальнай гісторыі еўрапейскага Сярэднявечча падобны паказанаму ў серыяле і ў кнігах узровень гвалту і злачыннасці ніколі не меў месца. Арміі былі значна меншымі (войска ў некалькі тысяч чалавек ужо лічылася вельмі вялікім), войны вяліся з абмежаванымі мэтамі і звычайна закраналі толькі невялікія тэрыторыі.
Пашырэнне хрысціянства заўважна змякчыла стаўленне ваяроў да мірнага насельніцтва, абмежавала гвалт, павялічыла правы жанчын. Пад уплывам новай рэлігіі мяняліся і адносіны паміж людзьмі, змякчаліся норавы. Палепшылася палажэнне нават нявольнікаў, якіх у антычнасці, напрыклад, проста не лічылі за людзей. Само нявольніцтва паступова сыходзіла ў нябыт.
Канешне, нашыя продкі жылі не так камфортна і бяспечна, як мы, і мноства жахаў з серыялу і раманаў Джорджа Марціна мелі месца ў еўрапейскай гісторыі.
Аднак аўтару прыйшлося збіраць прататыпы і падзеі за апошнія амаль 2000 год, каб добра шакаваць чытача. Такім чынам мы бачым тысячагадовую галерэю жорсткасці і крыві, якая сканцэнтраваная ў некалькі год дзеяння фантастычнай эпапеі.
Аляксандр Гелагаеў, «Белсат»