Сёння Польшча адзначае Дзень Канстытуцыі 3 траўня

3 траўня 1791 году Сойм Рэчы Паспалітай прыняў Канстытуцыю, якую прынята лічыць першым у Еўропе і другім у свеце асноўным законам, пасля Канстытуцыі ЗША.



Копія Канстытуцыі 3 траўня, выстаўленая ў Сенатараскай залі. By Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, commons.wikimedia.org

Копія Канстытуцыі 3 траўня, выстаўленая ў Сенатараскай залі. By Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, commons.wikimedia.org

Канстытуцыя 3 траўня была прынятая ў вострай барацьбе паміж магнатамі, якія намагаліся захаваць свае прывілеі, і патрыятычнай шляхтай, якая хацела ўратаваць Рэч Паспалітую ад знішчэння. Канстытуцыя Рэчы Паспалітай была мала падобная да асноўных законаў сучасных краінаў і захоўвала шмат перажыткаў феадалізму. Аднак гэты дакумент значна набліжаў тагачасную манархію да сучаснай прававой дзяржавы.

Канстытуцыя гарантавала мяшчанам асабістую недатыкальнасць і недатыкальнасць маёмасці, а таксама дазваляла ім займаць любыя дзяржаўныя пасады.

Улада была падзеленая на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Канстытуцыя не адмяняла прыгоннае права, але вельмі моцна яго абмяжоўвала. Таксама гэты дакумент адмяняў права «лібэрум вэта» ды ствараў адзіны ўрад і армію для ўсяе Рэчы Паспалітай.

Якое значэнне мае Канстытуцыя 3 траўня для гісторыі Беларусі? І ці варта беларусам ушаноўваць гэты дзень, так як робяць у суседніх краінах? На гэтыя пытанні “Польскае радыё” папрасілі адказаць беларускіх гісторыкаў.

Гісторык Захар Шыбека лічыць, што Канстытуцыя 3 траўня аб'явіла грамадзянскія свабоды, таму яе прыняцце павінна адзначацца ва ўсіх краінах-нашчадках Рэчы Паспалітай.

Аднак так лічаць не ўсе. Некаторыя даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што Канстытуцыя 3 траўня фактычна пазбаўляла Вялікае Княства Літоўскае аўтаноміі ды магла служыць паланізацыі беларускага насельніцтва. Менавіта таму беларускія нацыянальныя дзеячы пачатку ХХ стагоддзя адмаўляліся святкаваць 3 траўня. Пра гэта распавядае гісторык Уладзімір Ляхоўскі.

Гісторык Алесь Смалянчук не лічыць, што Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ліквідавала аўтаномію беларуска-літоўскай дзяржавы, а таксама вяла да паланізацыі беларускага насельніцтва. Справа ў тым, што ані беларускага, ані літоўскага, ані польскага народаў у сучасным разуменні гэтага слова ў тыя часы яшчэ не існавала.

Гісторык Алесь Белы кажа, што Канстытуцыя 3 траўня вартая ўшанавання хаця б таму, што традыцыю Рэчы Паспалітай немагчыма выкрасліць з дзяржаўнай традыцыі Рэспублікі Беларусь.

На думку Захара Шыбекі, Канстытуцыя 3 траўня не адчыняла дзверы да паланізацыі ні беларускага, ні літоўскага народаў. Яна закладала фундамент дэмакратычнай дзяржавы,у якой кожны з народаў, што толькі пачыналі фармавацца, меў бы права развіваць сваю культуру.

На жаль, Канстытуцыя 3 траўня пратрымалася ўсяго адзін год. Частка шляхты, незадаволеная стратай былых уплываў, абʼядналася ў так званую Таргавіцкую канфэдэрацыю ды папрасіла дапамогі ў чужых дзяржаваў.

Армія Расійскай Імперыі ўступіла на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя была звергнутая, а саму Рэч Паспалітую хутка падзялілі паміж сабой суседнія агрэсіўныя манархі.

Канстытуцыя, па словах аднаго з яе стваральнікаў Гуга Калантая, стала «апошнім запаветам згаслай свабодалюбівай краіны».

www.radyjo.net