Прапагандысты вінавацілі ў генацыдзе беларускага народа Захад, а вінаватыя аказаліся на Усходзе

Задача беларускіх сілавікоў і прапагандыстаў — знайсці сувязь нацыстаў і іх памагатых з тымі, хто сёння не падабаецца рэжыму Лукашэнкі. Але кажучы пра віну еўрапейцаў, яны дэманструюць дакументы, якія сведчаць пра віну не Еўропы, не Украіны і не Польшчы, а расійскіх радыкальных нацыяналістаў. 

image649cba05241cdlg.jpeg

Выданне Флагшток прааналізавала дэталі расследавання, паказаныя на Гомельскім рэгіянальным тэлеканале.

Крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Другой сусветнай вайны і пасляваенны перыяд была ўзбуджаная Генеральнай пракуратурай у красавіку 2021 года. У яе аснову ўвайшлі матэрыялы расследавання, праведзенага ў 1940-х гадах, якія знаходзяцца ў архівах КДБ.

Па матэрыялах следства Гомельскім тэлебачаннем было знята некалькі дакументальных фільмаў, у якіх вінаватымі ў злачынствах супраць мірнага насельніцтва называюцца пераважна ўкраінцы, «беларускія нацыяналісты» і жыхары еўрапейскіх краін. Аднак прадэманстраваныя гледачам матэрыялы з архіваў КДБ кажуць пра іншае. Асобы, названыя надзвычайнай камісіяй адказнымі за злачынствы супраць беларускага народа, былі членамі «Рускай вызвольнай арміі».

Паказанні падследных сведчаць, што памагатыя фашысцкага рэжыму называліся «расійскай паліцыяй»:

«Саўдзельнікі фашысцкіх катаў Сямёнаў С. П. і Лазбекін А. І. на следстве паказалі, што пры СД меліся: следчая група, следчы турэмны корпус і канцэнтрацыйны лагер. Акрамя таго, у цесным кантакце з “СД” і пад яе непасрэдным кіраўніцтвам “працавала” так званая — “руская” паліцыя, якая складаецца з мацёрых здраднікаў савецкага народа».

Тэкст нямецкай улёткі пра набор добраахвотнікаў заклікае да рускага нацыяналізму:

«Грамадзянін рускага народа! Доўг кліча цябе! Несвядомая шайка людзей, якая не мае душэўна нічога агульнага з рускім народам, цягаецца, рабуючы і падпальваючы па тваіх вёсках... Заяўляйцеся для аховы свайго ўласнага гаспадарчага раёна ў фармуюцца ўзброеныя рускія атрады самаабароны».

Але ўсё ж з прадстаўленых паказанняў вынікае, што калабарантамі рухалі не нацыяналістычныя, а антысеміцкія настроі. Што пацвярджае пракурор Гомеля Юрый Булынка:

— Першае, з чым сутыкнулася насельніцтва горада Гомеля — тэрор у дачыненні да габрэяў. 4 гета былі створаны ўжо восенню 1941 года. І ўжо да 4-5 лістапада ўсіх габрэяў расстралялі. Асноўныя, хто рэалізоўваў гэта ўсё, гэта былі ў тым ліку здраднікі. Квартальныя наглядчыкі, якія займаліся пагромамі яўрэйскага насельніцтва. У тым ліку і забойствамі.

На падставе архіўных дакументаў следчая камісія лічыць устаноўленым, што толькі на працягу лістапада-снежня 1941 года немцамі ў Гомелі вынішчана 2500 чалавек савецкіх грамадзян габрэйскай нацыянальнасці. Усяго ж за час акупацыі Гомеля нямецка-фашысцкія захопнікі замучылі і расстралялі больш за 4000 чалавек савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці.

Паводле паказаных дакументаў, вінаватыя ў злачынствах наступныя асобы:

«Швех — обер-лейтэнант, першы камендант гор. Гомеля; Якобі — генерал, другі камендант гор. Гомеля; Краўзэ — шэф Гомельскага СД (служба бяспекі); Лебадан — шэф «ГФП» (тайнай палявой паліцыі); фон Майбум (Майбат) — обер-лейтэнант, ад'ютант каменданта гор. Гомеля Швеха; Шульц — ад'ютант каменданта г. Гомеля Якобі; Шперлінг — яфрэйтар, начальнік следчай турмы пры ГФП».

image649cbd74c730flg.jpeg

Нягледзячы на факты, прадстаўленыя ў дакументах, намеснік дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Канстанцін Мішчанка абвінавачвае ў злачынствах супраць беларусаў тых, хто таксама з'яўляўся ахвярай у той вайне.

— Армія Краёва, Польшча і тыя ж нацыяналісты ўкраінскія. Не важна, там гэта былі бандэраўцы ці гэта былі, так бы мовіць, іншыя, так бы мовіць, начальнікі ў іх. Але тым не менш яны здзяйснялі шматлікія злачынствы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, нават Гомельскай вобласці, асабліва на Палессі.

На ўкраінскім следзе акцэнтуе ўвагу і загадчык аддзела археалогіі і аховы гісторыка-культурнай спадчыны музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Юрый Панкоў:

— Немцы тут сфармавалі ўсходнія батальёны, якія падпарадкоўваліся войскам вермахта. Да прыкладу, у 221-й ахоўнай дывізіі, якая была раскватараваная ў Гомелі, і ўласна да яе быў аднесены лагер ваеннапалонных ДУЛАГ-220 і ДУЛАГ-121, да прыкладу дзейнічала ўкраінская рота.

Аднак Юрый Панкоў не гэтак катэгарычны, адкрыта называючы вінаватымі расійскіх манархістаў.

— За гады акупацыі ў Гомелі праз лагеры ваеннапалонных прайшлі сотні тысяч палонных чырвонаармейцаў. Многія з іх загінулі, хтосьці выжыў, хтосьці змог збегчы, а некаторыя паступілі на службу вермахта і сталі здраднікамі Радзімы.

З палонных фармаваліся і нацыянальныя батальёны. Сюды прыязджаў сумна вядомы калабарацыяніст казак Конанаў, які агітаваў палонных уступаць у Камітэт вызвалення народаў Расіі. Тут фармаваліся ўкраінскія батальёны, каўказскія батальёны, нават беларускія і РОА (Руская вызвольная армія).

Самым вядомым нацысцкім калабарантам У Гомелі ў адным з фільмаў названы былы палкоўнік Чырвонай арміі, начальнік Гомельскай гарадской і акруговай паліцыі Васіль Кардакоў. З прадэманстраваных архіўных даных вынікае, што Кардакоў лічыў сябе рускім, а ў верасні 1943 года па яго асабістай просьбе быў адкамандзіраваны для службы ў РОА.

За непадпарадкаванне лагернаму рэжыму Кардакоў асабіста збіваў ваеннапалонных, увёў у якасці меры пакарання слупы ганьбы, да якіх прывязвалі ваеннапалонных на тэрмін да 7 гадзін. Увёў гаўптвахту і штрафны барак, у якім да ваеннапалонных ужывалі катаванні. За час знаходжання Кардакова ў ДУЛАГУ было знішчана амаль 20 тысяч ваеннапалонных. Пасля за ўчыненыя злачынствы Васіль Кардакоў атрымаў 25 гадоў турмы.

image649cc0407a991lg.jpeg

Нягледзячы на прадэманстраваныя пратаколы следства ў дачыненні да сябра РОА, намеснік дырэктара Гомельскага абласнога музея ваеннай славы Канстанцін Мішчанка агучвае супрацьлеглыя высновы:

— Прадстаўнікі многіх еўрапейскіх народаў... Практычна сучасны Еўрасаюз. Многія служылі ў так званых дапаможных батальёнах. То-бок, гэта калабаранты тамтэйшыя, Вафен-СС, і таму іх і мелі на ўвазе, што гэта фашысты. Іх сёння спадчыннікі, якім ганарыцца няма чым, яны спрабуюць перапісаць гісторыю.

Яшчэ адну маніпуляцыю фактамі можна знайсці ў перадачы, якая распавядае пра дзейнасць у Чачэрскім раёне «Белай каманды» пад кіраўніцтвам Аляксандра Буглая.

Падчас акупацыі ў Гомельскай вобласці ў кожным горадзе і вёсцы былі створаны апорныя паліцэйскія пункты для барацьбы з партызанамі. У 1942 годзе быў створаны атрад у чачэрскіх лясах, дзе асабліва актыўна развіваўся партызанскі рух. Кіраваў ім Аляксандр Буглай. Яго супрацоўніцтва з акупантамі пачалося ў пачатку вайны. У 1941 годзе 30-гадовы беларус, ураджэнец Нясвіжа, добраахвотна з'явіўся ў нямецкую камендатуру і прапанаваў свае паслугі ў барацьбе з савецкай уладай. У Баранавічах падключыўся да нямецкай камендатуры, пасля прыбыў у Гомель.

У фільме Аляксандра Буглая прапагандысты называюць «беларускім нацыяналістам». Аднак прадэманстраваныя архіўныя матэрыялы сведчаць пра іншае. З тэксту ліста нямецкага генерала Кестрынга Буглаю вынікае, што нямецкае камандаванне называла яго падраздзяленне «рускім батальёнам».

«Дарагі Спадар Буглай! Вам і вашаму батальёну маё сардэчнае дзякуй за віншаванні з нагоды ўручэння мне Рыцарскага крыжа За заслугі з мячамі. Я асабліва быў рады, што вы мяне не забыліся і прашу вас гэта асабліва вашаму батальёну паведаміць і падкрэсліць. Гэтай узнагародай фюрэр асабліва ацаніў здабытыя поспехі добраахвотніцкіх войскаў. З гэтай нагоды я асабліва згадваю Н-скі Рускі батальён, які пад вашай камандай адважна змагаўся. А вам і вашаму батальёну і ў будучыні жадаю салдацкага шчасця».

У верасні 1943 года «Белая каманда» адбыла на тэрыторыю Мінскай вобласці, дзе неўзабаве за асаблівыя заслугі перад рэйхам была перайменавана ў батальён імя Буглая. Пазней выданне «Старонка добраахвотніка», якое выпускалася Рускай Вызвольнай арміяй, выяўляе Буглая як «камандзіра рускіх добраахвотнікаў».

Такім чынам, дзякуючы прапагандысцкім матэрыялам, сёння выразна акрэсліваецца адна з ідэалагічных задач крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа — знайсці сувязь нацыстаў і іх памагатых з тымі, хто сёння не падабаецца рэжыму Лукашэнкі (беларускія нацыяналісты, украінцы, Еўрасаюз, Армія Краёва і іншыя). Праводзячы такія паралелі, ідэолагі робяць абсурдныя заключэнні, якія ніяк не звязаныя з гістарычнымі даследаваннямі.

Пры гэтым прапагандыстаў зусім не цікавіць, што яны паказваюць — бо глядач не паспее прачытаць дакументы з экрана і зразумець іх рэальную сутнасць.