«Нармандыя—Нёман»: французскія пілоты ў баях за Беларусь
Пілоты «Нармандыі» хутка асвоілі савецкія знішчальнікі. Але французы, вядомыя гурманы, з цяжкасцю прывыкалі да грачанай кашы. І нават скардзіліся на дрэннае харчаванне Міхаілу Калініну. Зрэшты, яны таксама былі незадаволеныя харчаваннем і ў Англіі.
«Вольная Францыя»
Пасля падпісання ў 1935 годзе дагавора паміж СССР і Францыяй разгарнулася інтэнсіўнае ваеннае супрацоўніцтва. Да прыкладу, у 1939 годзе камбрыг Сямён Крывашэін, былы камандзір механізаванага палка Шостай Чангарскай кавалерыйскай дывізіі (Гомель), праходзіў стажыроўку ў бранятанкавай частцы ў Шарля дэ Голя.
Пасля стварэння ў чэрвені 1940 года войскаў «Вольнай Францыі» былі сфармаваныя і свае ВПС. Калі брытанская армія і войскі Шарля дэ Голя захапілі авіябазу Раяк у Сірыі, французскія ВПС узмацніліся да дзвюх авіягрупаў — «Эльзас» і «Латарынгія». Лётчыкі з Сірыі і сталі асновай для франка-савецкай эскадрыллі «Нармандыя».
У верасні 1941 года Савецкі Саюз стаў першай краінай, што абмянялася дыпламатычнымі прадстаўнікамі з «Вольнай Францыяй». Дэ Голь быў у поўным захапленні, і французы прапанавалі накіраваць у РККА матарызаваную дывізію з Сірыі. Але з-за процідзеяння англічан было вырашана абмежавацца адной авіяцыйнай эскадрылляй. Магчыма, так было і лепш — амаль палову гэтай дывізіі складалі сенегальцы, наўрад ці здольныя вытрымаць нашы маразы.
Маркіз і сын анархіста
Эскадрылля была створаная ў снежні 1942 года з французскіх добраахвотнікаў — лётчыкаў і механікаў. Хросным бацькам «Нармандыі» стаў капітан Альбер Мірлес, сын меншавіка-эмігранта, у той час — начальнік «Другога бюро» ВПС «Змагарная Францыя». Курыраваў стварэнне «Нармандыі» генерал Пеці — начальнік Генеральнага штаба, што прытрымліваўся камуністычных поглядаў і знаходзіўся ў Маскве. А вось першым камандзірам «Нармандыі» быў маёр Жазэф Пулікен. У 1920 годзе ён нават удзельнічаў у інтэрвенцыі ў савецкую Расію.
Наогул, сярод французскіх добраахвотнікаў апынуліся людзі самага рознага паходжання і перакананняў. Напрыклад, маркіз дэ Панж і віконт Ралан Д’Івуа дэ ла Пуап. І выхадцы з рабочых сем’яў — Марсэль Лефеўр і Альбер Марсэль. Былі ў эскадрыллі і выхадцы з нашага рэгіёну.
Малодшы лейтэнант Канстанцін Фельдзер нарадзіўся ў заможнай габрэйскай сям’і, якая займалася прадпрымальніцтвам ва Украіне і Беларусі. Дзед будучага пілота Лявонцій Фельдзер атрымаў замову на запуск трамвая ў Беластоку Гродзенскай губерні і падаваў адпаведную заяўку на пуск першага трамвая ў Віцебску. Канстанцін Фельдзер служыў у ВПС Францыі з 1929 года, ужо ў 1940 годзе ў небе над Францыяй збіў нямецкі знішчальнік.
Пасля капітуляцыі Францыі Фельдзер разам з французскімі і польскімі пілотамі збег у Афрыку, каб працягнуць змаганне. Але пасля караблекрушэння трапіў да франкістаў у Іспанію. Зноў паспрабаваў прабрацца на афрыканскі кантынент, за што аказаўся на катарзе. Выйшаў на волю — і зноў турма. Пасля вызвалення саюзнікамі Туніса Канстанцін Фельдзер уступіў у войскі «Змагарнай Францыі», а потым паехаў добраахвотнікам у эскадрыллю «Нармандыя». Нягледзячы на тое, што ў СССР яго сваякі страцілі вялікія грошы.
Не менш каларытную біяграфію меў і Ігар Эйхенбаум. Яго бацька, Усевалад Волін-Эйхенбаум, быў адным з лідараў анархісцкага руху ў Расійскай імперыі і галоўным ідэолагам паўстанцкай арміі бацькі Махно. Пачатак Другой сусветнай вайны Ігар Эйхенбаум сустрэў механікам на Мадагаскары. Капітуляцыю Францыі не прыняў, быў арыштаваны. Але ён збег — угнаў з таварышам старэнькі самалёт. Абодва ўцекачы не ўмелі пілатаваць, але ім усё ж удалося пераляцець у Джыбуці. Адсюль ён праз Тэгеран выправіўся ў «Нармандыю».
У Маскве сустрэўся са сваім дзядзькам, прафесарам літаратуры Барысам Эйхенбаумам. У палку Ігар Эйхенбаум займаўся перакладам баявых інструкцый на французскую мову. І менавіта Эйхенбаум пачаў весці летапіс палка «Нармандыя—Нёман».
Усяго ў «Нармандыі» служылі не менш за дзясятак пілотаў і перакладчыкаў з сем’яў дарэвалюцыйных і паслярэвалюцыйных эмігрантаў.
На Заходнім фронце — перамены
На ўзбраенне эскадрыллі паступілі знішчальнікі «Як-1» — самыя сучасныя на той час, манеўраныя і хуткасныя баявыя машыны з кулямётна-гарматным узбраеннем. У якасці рухавікоў на «Яках» стаялі мадэрнізаваныя маторы «іспана-сюіза», вытворчасці СССР па французскай ліцэнзіі. Насы французскіх «Якаў» былі размаляваныя ў колеры нацыянальнага трыкалора. Акрамя таго, пілоты малявалі на машынах асабістыя эмблемы: ад партрэта Рабесп’ера да акулавых пашчаў ды мульцяшнага качаняці Дональда Дака. А вось намаляваць сімвал Нармандыі, Латарынгскі крыж, ім не дазволілі — занадта вялікая была верагоднасць пераблытаць яго з нямецкімі апазнавальнымі знакамі.
Пілоты «Нармандыі» хутка асвоілі савецкія знішчальнікі. Але французы, вядомыя гурманы, з цяжкасцю прывыкалі да грачанай кашы. І нават скардзіліся на дрэннае харчаванне Міхаілу Калініну. Зрэшты, яны таксама былі незадаволеныя харчаваннем і ў Англіі.
Затое, у адрозненне ад грэчкі, французы даволі хутка асвоілі сумесныя застоллі з савецкімі пілотамі і рускай гарэлкай. 1 студзеня новага, 1943-га года, яны вельмі бурліва сустрэлі ў кампаніі Іллі Эрэнбурга. Капітан Альбер Мірлес быў аднакласнікам яго дачкі па парыжскай школе.
Асвоіўшы савецкія машыны, французы сталі рвацца ў бой. І неўзабаве яны былі перакінутыя на Заходні фронт, наступаць у напрамку Беларусі. Вясной 1943 года эскадрылля «Нармандыя» прыступіла да першых баявых вылетаў. Французскія знішчальнікі сталі суправаджаць пікіруючыя бамбавікі Пе-2, што наносілі ўдары па нямецкіх войсках у раёне Смаленска і Віцебска. У красавіку 1943 года французы збілі два нямецкія «Фокеры». Але ўжо ў наступным баі, выправіўшыся ў «свабоднае паляванне», страцілі трох сваіх таварышаў. Згодна са спецыяльным загадам камандавання Вермахта, лётчыкі «Нармандыі» ў выпадку палону разглядаліся як «злачынцы» і падлягалі расстрэлу, а іх сем’і — зняволенню ў канцлагер.
Савецкае камандаванне вельмі ўстрывожылася стратамі сярод французаў. І перакінула «Нармандыю» ад бамбавікоў у 303-ю авіяцыйную дывізію, замацаваўшы яе за 18-м гвардзейскім знішчальным палком.
У гэтым палку служыў капітан Васіль Сярогін. У баі ён адрозніваўся нязменнай адвагай, а ў вольны час — вясёлым характарам і прыхільнасцю да спеваў. Відавочна, гэта асабліва імпанавала жыццялюбным пілотам з сонечнай Францыі. Таму сумесныя вечарынкі ў вольныя ад баявой працы гадзіны былі не рэдкасцю. Выпадак, паказаны ў фільме «Нармандыя—Нёман» (1960), сапраўды меў месца — французскім пілотам вельмі спадабалася выкананая Сярогіным песня пра Таццяну. Пасля чаго яны так і сталі называць яго — «капітан Таццяна».
«Нармандыя» ў беларускім небе
Улетку 1943 года «Нармандыя» была пераўтвораная ў полк і ваявала на Курскай дузе. З баявога вылету не вярнуўся другі камандзір эскадрыллі маёр Жан Цюлян. У чэрвені 1943-га лейтэнант Альбер Марсэль збіў нямецкі самалёт-разведчык «Фокевульф-189» («Рама»), што лятаў на вялікіх вышынях і прадстаўляў цяжкую і небяспечную мэту для знішчальнікаў.
Пасля Курскай бітвы эскадрылля «Нармандыя» прымала ўдзел у баях на подступах да Беларусі. Асабліва цяжкія паветраныя сутычкі разгарнуліся пад Ельняй. З 12 пілотаў, якія прыбылі ў эскадрыллю ў складзе 2-й групы папаўнення, 8 чалавек загінулі ўжо летам-восенню 1943 года. 13 кастрычніка ля Горак быў збіты самалёт Марыса Бона, які прыбыў у «Нармандыю» з Мадагаскара. Марыс Бон стаў першым французскім лётчыкам, які загінуў на беларускай зямлі. Ён быў пахаваны сялянамі ў брацкай магіле каля вёскі Стэфанава Магілёўскай вобласці.
Вельмі часта французы неслі страты з-за свайго індывідуалізму і несуцішнага тэмпераменту — нібы сярэднявечныя рыцары, яны лёгка пакідалі шэрагі ў пагоні за праціўнікам. Савецкае камандаванне доўга не магло прывучыць іх дзейнічаць калектыўна. Але ў сваёй адчайнай манеры весці бой французскія пілоты збівалі і шмат нямецкіх самалётаў.
У кастрычніку 1943 года французскія лётчыкі разам з 18-м гвардзейскім знішчальным палком прыкрывалі Войска Польскае, што наступала на фашыстаў у раёне беларускага мястэчка Леніна. Незадоўга да гэтага кіраўнік французскай ваеннай місіі Альбер Мірлес прысутнічаў на прысязе 1-й польскай дывізіі Тадэвуша Касцюшкі, і ў яго гонар палякі, пасля выканання «Шчэ Польска не згінела...», заспявалі «Марсельезу».
У небе над Леніна шэсць савецкіх і столькі ж французскіх самалётаў сутыкнуліся з паўсотняй нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў і знішчальнікаў. Французы закруцілі з нямецкім прыкрыццём смяротную «карусель». А савецкія «Які» тым часам пачалі метадычна расстрэльваць варожыя «юнкерсы». Шэсць нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў былі знішчаныя, два з іх — «капітанам Таццянай», Васілём Сярогіным.
У гэты час было вырашана замяніць усіх французскіх механікаў на савецкіх. Чаму? Існуе версія, што французскі тэхнічны персанал трымалі на галодным пайку і прымушалі днём і ноччу працаваць на марозе. Адзін раз французскія механікі нават з’елі ката, які жыў у лётнай сталовай. У іншы раз, калі французы нарвалі дзьмухаўцоў і пачалі есці з іх салату, спалоханыя буфетчыцы вырашылі, што няшчасныя замежнікі з’ехалі з глузду, і выклікалі лекара.
Але справа была нават не ў тым, што механікі, у адрозненне ад баявых пілотаў, лічыліся тылавымі службоўцамі і атрымлівалі менш забеспячэння. Галоўнае было ў нязвыклай ежы і ў халодным клімаце. Плюс, не ўсе французы адрозніваліся дысцыплінай. Адзін з механікаў, злоўлены ў самаволцы ў мясцовай дзяўчыны, пры гэтым роў: «Таварышы! Французскія буржуі агаварылі камуніста!» Адзін раз група механікаў, разгортваючы хвост самалёта на «рулежку», своечасова не адпусцілі апярэнне і ўзляцела ў паветра разам з «Якам». На шчасце, яны ўпалі ў балота і абышліся лёгкім спалохам.
А Чырвоная Армія рыхтавалася да наступу. 28 траўня самалёт камандзіра эскадрыллі «Шэрбур» Марсэль Лефеўр, які здзейсніў разведвальны палёт над Віцебскам, атрымаў пашкоджанні. Марсэль дацягнуў да аэрадрома і змог пасадзіць самалёт, але з кабіны вываліўся, ахоплены полымем. Нягледзячы на тое, што мужны лётчык быў дастаўлены да лепшых лекараў у Маскву, выратаваць яго жыццё не ўдалося. Пасмяротна старшаму лейтэнанту Марсэлю Лефеўру было нададзена званне Героя Савецкага Саюза.
23 чэрвеня пачалася аперацыя «Баграціён» па вызваленні Беларусі. Толькі за адзін дзень, 26 чэрвеня, «Нармандыя» здзейсніла 73 баявыя вылеты — збіла 8 нямецкіх самалётаў і страціла аднаго пілота. 30 чэрвеня лейтэнант Бруна дэ Цьеры дэ Фальтан, са шляхецкай сям’і, быў падбіты і вымушаны быў пайсці на аварыйную пасадку. Затым ён разам з механікам Сяргеем Астахавым на навучальным двухмесным «Як-7» зноў вярнуўся да падбітага самалёта, але адрамантаваць яго не ўдалося. На зваротным шляху яны зноў былі збітыя, і здзейснілі пасадку на савецкіх пазіцыях у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці. Смяротна параненыя дэ Фальтан і Астахаў памерлі на руках салдат-артылерыстаў.
У баі над Барысавам знік без вестак пілот Жак Гастон. Падчас баёў за Беларусь адбыўся яшчэ адзін поўны трагізму выпадак, пасля паказаны ў фільме «Нармандыя—Нёман». Пры пералёце на новы аэрадром Марыс дэ Сейн вёз у грузавым адсеку «Як-9» свайго механіка Уладзіміра Белазуба. Але здарылася аварыя, і ад пароў бензіну ў кабіне пілот аслеп. Тым не менш француз адмовіўся выканаць каманду — пакінуць асуджаны на крах самалёт, паколькі ў савецкага механіка парашуту не было. Да апошняга французскі арыстакрат спрабаваў выратаваць савецкага селяніна, пакуль самалёт не разбіўся. Дэ Сейн і Белазубы былі пахаваныя ў адной магіле. Капітан Марыс дэ Сейн удзельнічаў у паветраных баях над Віцебскам, Оршай, Барысавам і Мінскам.
3 ліпеня быў вызвалены Мінск. 24 жніўня ў полк «Нармандыя» прыйшла вестка аб вызваленні саюзнікамі Парыжа. Уся 1-я паветраная армія і ўсе войскі на гэтым участку 3-га Беларускага фронту ўсю ноч святкавалі гэтую перамогу, асвятляючы мясцовасць залпамі салютаў.
Далей французскіх лётчыкаў чакалі цяжкія баі ў Прыбалтыцы. Менавіта «Нармандыя—Нёман» у кастрычніку 1944 года, першая з усёй французскай арміі, уступіла на нямецкую зямлю — ва Усходняй Прусіі. Тут быў збіты Канстанцін Фельдзер, які, пасля прызямлення з парашутам, трапіў у нямецкі канцлагер…
28 лістапада 1944 года палку было нададзена ганаровае найменне «Нёманскі». З таго часу ён і стаў называцца — «Нармандыя—Нёман».
Французы карысталіся вялікім поспехам у нашых жанчын. У Марсэля Альбера, будучага Героя Савецкага Саюза, быў раман з Нінай Гарчаковай са штаба 301-й авіядывізіі. Але калі француз пачаў збірацца дадому ў адпачынак, нічога не кажучы цяжарнай сяброўцы пра яе далейшы лёс, яна вырашыла, што яе кідаюць. І застрэлілася. Гэты эпізод павінен быў увайсці ў фільм «Нармандыя—Нёман», але з-за пратэстаў ветэранаў палка быў выкраслены. Толькі адзін пілот, Аляксандр Ларан, павёз з сабой у Францыю «савецкую» жонку.
12 красавіка 1945 года «Нармандыя—Нёман» збіла свой апошні самалёт. Пілот Жорж Анры ў паветраным паядынку перамог знакамітага нямецкага аса Гюнтэра Шака з 51-й знішчальнай эскадры «Мельдэрс», на рахунку якога было 174 самалёты саюзнікаў. Але па вяртанні на аэрадром Анры быў забіты аскепкам нямецкага снарада. 30 красавіка ў полк вярнуўся неверагодна ўдачлівы Канстанцін Фельдзер, які здолеў збегчы з нацысцкага канцлагера.
9 траўня на ўсходнепрускім аэрадроме Альтхоў пілоты «Нармандыі» даведаліся аб капітуляцыі Германіі.
Віконт Савецкага Саюза
У чэрвені 1945 года полк пачаў вяртацца ў Францыю. Вылецелі на сваіх баявых «Яках», якія савецкае камандаванне падаравала французам. У пералёце іх суправаджаў Васіль Сярогін. На ўрачыстым абедзе ў гонар палка «Нармандыя—Нёман» яго пасадзілі насупраць Шарля дэ Голя, на крэсле з шыльдачкай «Капітан Таццяна».
Савецкі ўрад спісаў пазыкі за заробкі і забеспячэнне французскіх пілотаў і механікаў. Сем’ям усіх загінулых пілотаў была выплачаная кампенсацыя. А іх было нямала — 42 адважныя французы аддалі свае жыцці ў жорсткіх баях на Усходнім фронце. Амаль палова ўсяго асабовага складу палка «Нармандыя—Нёман» загінула «за нашу і вашу свабоду». Чацвёра «нармандцаў» атрымалі Залатую Зорку Героя. Сярод іх быў Ралан дэ ла Пуап: відавочна, першы віконт — Герой Савецкага Саюза.
А вось капітану Васілю Сярогіну гэтую ўзнагароду далі не адразу, хоць ён і быў да яе прадстаўлены. Нейкі высокі начальнік на вечарыне па-хамску павёў сябе з дзяўчатамі з аэрадромнага абслугоўвання, Сярогін заступіўся — у выніку яго ўзнагароджанне не зацвердзілі. У 1947 годзе Сярогін звярнуўся з просьбай разгледзець гэтую справу асабіста да Васіля Сталіна, сына ўсёмагутнага генеральнага сакратара. 23 лютага 1948-га з’явіўся Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета аб прысваенні Сярогіну гэтай вышэйшай узнагароды.
У 1958 годзе Васіль Сярогін выйшаў у запас у званні палкоўніка, стаў працаваць у Гомелі на фабрыцы «Труд» — простым загадчыкам склада. Пасяліўся побач з працай, на вуліцы Партовай, адбудаванай толькі да пачатку 1960-х гадоў на месцы пасляваенных руін. Стаў прататыпам героя і кансультантам кінафільма «Нармандыя—Нёман». Галоўным жа кансультантам выступаў сын паплечніка бацькі Махно Ігар Эйхенбаум, які ўзначальваў асацыяцыю ветэранаў палка.
«Капітана Таццяну» ў 1968 годзе на навагодняй праграме па ТБ чамусьці назвалі «Сяргеевым». Васіль Сярогін палічыў, што гэта зрабілі наўмысна, каб не згадваць пра яго аднафамільца, лётчыка Уладзіміра Сярогіна, у палёце з якім загінуў Юрый Гагарын. З тых часоў «капітан Таццяна» стаў адмаўляцца выступаць на тэлебачанні, і з-за гэтага, як кажуць, не трапіў у кнігу Герояў Савецкага Саюза Беларусі. Праблемы сталі пераследаваць і яго сям’ю. У героя памерла жонка, а затым і сын — ліквідатар аварыі на ЧАЭС. Потым з жыцця пайшлі яшчэ два сыны. У 1990-х у Гомелі ўнук героя, які служыў у АМАПе, загінуў у перастрэлцы з кілерам.
Васіль Сярогін памёр у жніўні 1996 года. Мэру Парыжа, ганаровым грамадзянінам якога з’яўляўся «капітан Таццяна», паведамілі пра яго смерць занадта позна. Узнагароды героя на пахаванні не неслі — яны зніклі. Ліхія 90-я гады апынуліся горшымі за вайну...
* * *
Што да палка «Нармандыя—Нёман», то, у адрозненне ад многіх іншых французскіх авіяцыйных частак, гэты славуты полк пасля вайны не быў расфармаваны. Пачынаючы з тых жа 1990-х гадоў эскадрыллі «Нармандыя—Нёман» давялося яшчэ паваяваць. «Нармандыя» пабывала ў Руандзе, Югаславіі, Кот-д’Івуары, Чадзе, Судане, ЦАР, Малі. У 2009 годзе эскадрылля была пераведзеная «ў спячы рэжым». Але ў 2011 годзе полк «Нармандыя—Нёман» быў зноў адноўлены.
Улетку 2018 года француз Жонас Берта здзейсніў велапрабег у гонар палка «Нармандыя—Нёман». Былы вайсковец Замежнага легіёну стартаваў у горадзе Мон-дэ-Марсан, дзе зараз стаіць «Нармандыя—Нёман», і праз Брэст заехаў у Беларусь. Жонас Берта лічыць, што вельмі важна захаваць памяць пра гераічны шлях гэтага палка. І пра беларуска-французскае баявое братэрства, што стала складовай часткай барацьбы ўсіх народаў супраць нацысцкага варварства.