На ўгодкі Паўстання 1863 году пачаты збор сродкаў на кнігу-рэквіем
Кніга прафесара Вячаслава
Шведа будзе прысвечаная падзеям 1861-1864 гадоў на Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне
ды Беласточчыне, якія тады ўваходзілі ў Гродзенскую губерню.
Тэкст, мапы і ілюстрацыі ды манаграфіі “Рэквіем паўстанцам 1863-1864. Гродзенская губерня” ужо гатовы. Засталося — сабраць грошы на друк. Паколькі праект недзяржаўны, то і фінансы даводзіцца збіраць нефармальна — “усім мірам”. Пачатак кампаніі стартаваў 22 студзеня — на ўгодкі абвяшчэння паўстанцкага маніфесту ў 1863 годзе.
“Прыклад спадара Шведа, нажаль, не першы ў нашай краіне, калі павінна выдавацца якасная і цікавая кніга, але на гэта няма грошаў, — тлумачыць каардынатарка праекту па зборы грошаў Вольга Сямашка, — Такія кнігі мелі б выдавацца на дзяржаўным узроўні ды распаўсюджвацца па школах ды бібліятэках. Таму для мяне асабіста справа гонару падтрымаць аўтара і сабраць грошы праз дабрачынцаў і платформу Talaka.by”.
Для матывацыі патэнцыйных ахвярадаўцаў арганізатары плануюць запісаць відэазвароты 12 вядомых беларусаў, так ці інакш звязаных са спадчынай Паўстання. Першым свой відэазварот запісаў гісторык і даследчык падзеяў 1863-64 гг. Зміцер Матвейчык. У планах — запісаць Уладзіміра Арлова, Андруся Такінданга, Віталя Гуркова і іншых.
“Такая кніга зараз вельмі запатрабаваная, — кажа Зміцер Матвейчык, — Гарадзеншчына засталася тым рэгіёнам, у якім падзеі Паўстання дагэтуль недастаткова вывучаныя. Хоць менавіта гэты рэгіёны з усёй Беларусі быў “самым мяцежным”. Таму кніга Вячаслава Шведа, якая ахоплівае ўсю Гродзенскую губерню, а значыць і Гарадзеншчыну, і Берасцейшчыну, і Беласточчыну, будзе мець адназначную навуковую вагу і карысць”.
Кніга будзе распавядаць пра ўдзельнікаў гарадзенскай падпольнай арганізацыі, якая існавала ўжо напярэдадні Паўстання, распаўсюднікаў газеты “Мужыцкая праўда”, паўстанцкіх камандзіраў і шэрагоўцаў, высланых у Сібір ды закатаваных расейскім урадамі інсургентаў. Асобныя нарысы будуць прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму (лідэру “чырвоных” у паўстанцкім руху) і Віктару Старжынскаму (лідару “белых”).
“Памяць пра Паўстанне не павінна замоўчвацца, але наадварот — варта яе падтрымліваць ды прапагандаваць, — рэзюмуе Вольга Сямашка, — Тым больш, калі зараз прасоўваецца думка, маўляў, Каліноўскі ніякі не герой, але шэраговы ўдзельнік “польскага паўстання”. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму”.
Варта дадаць, што прафесар Швед ужо добра вядомы сваімі гістарычнымі працамі на тэму гісторыі Гродна, а таксама даследваннямі падзеяў 1812 году ў Беларусі, вывучэннем беларускіх масонаў і інш. Некалькі год таму ён разам з кагортай іншых вядомых навукоўцаў быў звольнены з Гарадзенскага дзярж-універсітэту па палітычных матывах, таму зараз выкладае ў Польшчы.