Кобрынскія замалёўкі: па слядох Рамуальда Траўгута. Частка 6
Гэтыя вандроўкі па слядох Рамуальда Траўгута ў Кобрыне даліся няпроста і занялі шмат часу. Каб вылучыць прысутнасць нашага героя ў мінуўшчыне слаўнага гораду, давялося расшукваць і дазнавацца, сустракацца з рознымі людзьмі, урэшце ўсё сабранае прааналізаваць і спраўдзіць. Мяркую, што выкладзенае — адна з мажлівых версій, якая будзе ўдакладняцца і пашырацца.
Пачатак вандроўкі 1, 2, 3, 4, 5
Для напісання артыкулу скарыстаўся публікацыямі шэрагу гісторыкаў і краязнаўцаў, у тым ліку светлай памяці Ніны Марчук, а таксама Юрыя Барысюка, Дзяніса Жыгаўца, Алеся Ільіна, Льва Казлова, Алега Карповіча, Лявона Карповіча, Змітра Матвейчыка, Ігара Мельнікава, Евы Міхалоўскай-Валкевіч, Леаніда Несцерчука, Вячаслава Шведа і Міхала Штэлмаха. За дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі выказваю шчырую падзяку кабрынчанам Алесю Меху, Віктару Пацяюку, Ірыне Сіманавай і Аляксандры Тэлеман.
Захаваўся абраз, якім Траўгут асвячаў паўстанцаў
У доме легендарнай кабрынчанкі Арыядны Тэлеман (1915-2012) захоўваецца ўнікальная святыня — друкаваная выява абраза Маці Божай Вастрабрамскай, якой у 1863 годзе Рамуальд Траўгут асвячаў Кобрынскі паўстанцкі атрад перад баямі.
Пра гісторыю з’яўлення святыні ў радавым доме распавяла дачка Арыядны Тэлеман спадарыня Аляксандра:
«Маці паходзіць з роду актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага самаўладдзя 1863-1864 гадоў, сасланых у Сібір. У міжваенны час маці са сваякамі жыла ў вёсцы Ягалкі на паўднёвы захад ад Кобрына. Падчас Другой сусветнай вайны была сувязной Арміі Краёвай. Яе байцы, з’яднаныя ўзброенай барацьбой супраць Нямеччыны і СССР, кіраваныя польскім эмігранцкім урадам у Лондане, з вялікай пашанай ставіліся да пані Арыядны і называлі яе «маткай», бо падпольшчыкі ведалі, што ў яе двары ў вёсцы Барысава на паўднёвы ўсход ад Кобрына заўжды знойдуць надзейны і бяспечны прытулак. Менавіта за падтрымку Арміі Краёвай бацькі па вайне былі сасланыя Саветамі ў Казахстан. Толькі праз восем гадоў яны вярнуліся на Бацькаўшчыну, дзе сталі адраджаць мясцовую рыма-каталіцкую парафію.
Выява абразу Маці Божай Вастрабрамскай захоўваецца ў нашай сям’і з часоў паўстання 1863-64 гадоў. Вядома, што наш продак па лініі маці прозвішчам Цывіньскі меў два маёнткі каля Луцку на Валыні. За дастаўку фуражу і харчоў атраду Рамуальда Траўгута падчас яго змагання з царскімі карнікамі на Валыні маёнткі Цывіньскага былі канфіскаваныя. А сам ён быў вымушаны з’ехаць у Каменец (сучасны раённы цэнтр на Берасцейшчыне), дзе заняўся земляробствам. Заўжды з ім быў абраз Маці Божай Вастрабрамскай — падарунак Рамуальда Траўгута за дапамогу паўстанцам. Потым святыня перахоўвалася ў сям’і маёй прабабкі Паўліны Цывіньскай-Кіскевіч, якая жыла ў Каменцы і пабралася шлюбам з ураджэнцам Францыі спадаром Кіско, што на пачатку мінулага стагоддзя прыехаў на Брэстчыну з гораду Булонь-сюр-Мэр у графстве Булонь аднаўляць знакамітую Камянецкую вежу.
На пачатку 1930-х гадоў абразом стала апекавацца мая маці. Нявеста з вялікім пасагам (90 гектараў зямлі), яна ў 1940 годзе пабралася шлюбам са Станіславам Тэлеманам. Каб у нашым краі прыдбаць сабе багацце, ён і прыехаў з Польшчы на Палессе. Пасля вяртання бацькоў з ГУЛАГу нашая сям’я жыве ў старым, амаль 300-гадовага веку, доме ў Кобрыне па вуліцы Першамайскай, які заўжды належаў мясцовай рыма-каталіцкай парафіі Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі. Маці была сапраўднай верніцай і адданай патрыёткай краю, чалавекам адважным і адкрытым, пратэставала супраць закрыцця касцёлу ў 1962-м, потым захоўвала парафіяльныя святыні і памяць пра мясцовую каталіцкую грамаду.
На пачатку 1990-х гадоў, калі ўзнаўляўся амаль цалкам разбураны за Саветамі касцёл, што быў скарыстаны пад склад сыравіны мясцовай швейнай фабрыкі, нашая сям’я не толькі выдаткавала на адраджэнне храма немалыя па тым часе грошы — 3 тысячы рублёў, — але і жытло аддала пад набажэнствы. Узгадваю, як яны ўрачыста вяліся пад парашутным шоўкам каля нашай сямейнай рэліквіі — абразу Маці Божай Вастрабрамскай, што столькі гадоў таму трымаў у сваіх руках наш нацыянальны герой Рамуальд Траўгут. Гэтыя імшы былі асабліва кранальныя і натхняльныя…
Мабыць таму і мой брат, Генрык, які з залатым медалём скончыў Кобрынскую сярэднюю школу №2, а затым факультэт псіхалогіі Маскоўскага дзяржуніверсітэту імя Міхайлы Ламаносава, урэшце абраў святарскае служэнне пасля атрымання адпаведнай духоўнай адукацыі спачатку ў Рызе (Латвія), а затым ў Драгічыне-над-Бугам (Польшча). Дарэчы, на святарства Генрыка пасвяціў першы беларускі каталіцкі кардынал, вязень сумлення Казімір Свёнтак.
Генрык Тэлеман з кардыналам Казімірам Свёнтакам на сустрэчы з Янам Паўлам II у Ватыкане (кастрычнік 1998 года)
Ксёндз Генрык выкладаў псіхалогію ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску, нёс святарскае служэнне ў парафіях вёскі Асавая Столінскага раёна, Століне і Пінску».
Імша ў храме
Пахаванне Генрыка Тэлемана каля Кобрынскага касцёла
Да Траўгута пайшла ўся маладая кобрынская шляхта
25 красавіка 1863 года Рамуальд Траўгут пад мянушкай Кракаўскі ўзначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад і кіраваў ім больш за два месяцы.
Лейтэнант сапёраў Рамуальд Траўгут з жонкай Ганнай Пікель пасля вяселля (ліпень 1852 года).
Як пісала вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка, сувязная Рамуальда Траўгута, да яго ў Кобрынскую пушчу, дзе ў лесе Цемра (зараз на паўночна-ўсходнім ускрайку Кобрынскага раёна) збіраліся касінеры, пайшла ўся маладая кобрынская шляхта разам са сваёй службай. Сярод паўстанцаў былі прадстаўнікі вядомых родаў — графаў Чапскіх і Ажароўскіх, абшарнікаў Радзевічаў, Ягмінаў, Ажэшкаў, Радавіцкіх, Бохвіцаў, Пуслоўскіх і Корсакаў.
Былі і жанчыны. Так, маці вядомай пісьменніцы Марыі Радзевіч Амелія ўратавала Рамуальда Траўгута, бо забіла казака, які гнаўся за камандзірам кобрынскіх інсургентаў, была пакараная сібірскай ссылкай, але атрымала адтэрміноўку па цяжарнасці. Загінула ў баі памешчыца Магдалена Волкава, былі сасланыя ў Сібір Ядвіга і Стэфанія Завадскія, а таксама Караліна Станішэўская.
Падпалкоўнік Рамуальд Траўгут (здымак 1862 года)
Сярэдні ўзрост чальцоў атраду са 192-х чалавек складаў усяго 23 гады, сярод касінераў было шмат 15-17-гадовых юнакоў і вельмі мала былых ваенных — Густаў і Пётр Радавіцкія, Фелікс Ягмін, Антоні Сямашка, Казімір Асоўскі і Браніслаў Парчэўскі.
Таму на афіцэрскія пасады Траўгут прызначыў шэраг лясных стражнікаў і павёў свой атрад на паўднёвы ўсход — у самы аддалены, лясісты і балоцісты кут Кобрынскага павету (зараз у Любяшоўскім раёне Валынскай вобласці Украіны). Ва ўрочышчы Цюцькава паўстанцы вучыліся стральбе і тактыцы бою, рыхтавалі зброю. Потым былі шматлікія сутычкі з царскімі карнікамі, бліскучыя перамогі і жорсткая параза 13 (25) траўня 1863 года ў Оўзіцкім лесе (зараз у Іванаўскім раёне Брэстчыны). Атрад згубіў забітымі ад 13 да 21 паўстанца і параненымі 5 касінераў.
Праз тыдзень у Кобрын пад канвоем прывялі параненых і палонных інсургентаў. Сярод іх былі дваране Каэтан Дабравольскі, Антоні і Станіслаў Ліпінскія, Ян Пятроўскі, Альбін Маржэцкі, Стэфан Сялюта, Люцыян Стаброўскі, Юзаф Фалькоўскі, Вікенці Хоміч, Рыгор Снягурскі, Юліян і Юзаф Гродзкія, Аляксандр Верашчака, Павел Юр’евіч, Уладзіслаў Анджыеўскі, абшарнікі Густаў Радавіцкі, Павел Шыраеў і Фелікс Ягмін, падпаручнік у адстаўцы Казімір Асоўскі, юнкер Антоні Сямашка, шляхціч Адам Дашкевіч, доктар Уладзіслаў Горніч, сяляне Павел Тарасевіч, Леон Барушка, Тэадор Вароцін і Ян Цымбашэўскі, мешчанін Антон Рудзінскі і грамадзянін Прусіі Тэафіль Гіль.
Апошні склад Народнага ўраду на чале з Рамуальдам Траўгутам скончыў жыццё на шыбеніцы ў Варшаве 5 жніўня 1864 года
Пасля гэтай паразы атрад невялікімі групамі перайшоў у Белінскія лясы (зараз у Драгічынскім раёне), куды праз гандляра Іцку Кучэрэна дастаўлялі зброю і амуніцыю. Адсюль злучэнне атрадаў Яна Ваньковіча-Лялівы і Рамуальда Траўгута пад яго кіраўніцтвам рушыла ў бок Століна. Падчас рэйду Траўгут усюды абвяшчаў вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёю, заклікаючы да барацьбы за свабоду. Аднак з кожным днём сітуацыя пагаршалася, бо не хапала харчоў і зброі, карнікі ішлі па пятах, а мясцовае насельніцтва ставілася да інсургентаў варожа. Пасля апошняга бою 12-13 ліпеня пад Калодным (зараз у Столінскім раёне), дзе паўстанцы страцілі 30 чалавек, Рамуальд Траўгут вырашыў распусціць атрад і загадаў паплечнікам паасобку прабівацца ў Белавежскую пушчу…
Пасвячэнне крыжа «Траўгут» на стоках Варшаўскай цытадэлі, дзе 5 жніўня 1864 года былі пакараныя смерцю сябры Народнага ўраду на чале з Рамуальдам Траўгутам (паштоўка з выявай 5 жніўня 1916 года).
Апроч атрада Рамуальда Траўгута, у Кобрынскім павеце падчас паўстання дзейнічалі атрады Рамана Рагінскага, Фелікса-Адама Влодэка і Казіміра Нарбута. Усяго ў паўстанні прынялі ўдзел 247 жыхароў Кобрынскага павету. Сярод іх было 173 дваранаў, абшарнікаў і шляхцічаў, 36 сялянаў, 21 чыноўнік, 5 гімназістаў, 5 гараджанаў, сацыяльны статус 7 чалавек не вызначаны.
Для параўнання: 289 сялянаў — жыхароў Кобрынскага павету — былі ўзнагароджаныя медалямі за дапамогу ўладам задушыць паўстанне.
Паводле Льва Казлова, пасля паразы паўстання экзекуцыі над інсургентамі ў Кобрыне адбываліся на полі ля гародаў па вуліцы Балоцкай (сучаснай Чырвонаармейскай) на ўчастку ад ракі Кобрынкі да ліцейкі былога Кобрынскага рамонтнага заводу. Сярод тых, каму прысудзілі шыбеніцу, былі шляхціч Фелікс Пятроўскі і селянін Фелікс Грушэўскі. Шэраг паўстанцаў, у тым ліку і Фелікс Ягмін, былі пакараныя сібірскай катаргай.
Прысудамі ваенна-палявога суда ў Кобрыне за ўдзел у паўстанні былі сасланыя ўглыб імперыі дзясяткі памешчыкаў, у якіх канфіскавалі і выставілі на абавязковы продаж маёнткі, у тым ліку Антопаль (зараз у Драгічынскім раёне) графа Казіміра Ажароўскага, Хараўшчызну (зараз у Пружанскім раёне) і Малышы Юзафа Жардзецкага. Хлевішча (зараз у Драгічынскім раёне) Віктара Віславуха, Дзівін Паўла Ягміна, Ляпёсы Сямёна Гутоўскага, Навасёлкі Клеафаса Мыслоўскага, Людвінава (зараз у Драгічынскім раёне) Пятра Ажэшкі, Стрэльню (зараз у Іванаўскім раёне) Аляксандра Сулкоўскага, Дзераўну (зараз у Драгічынскім раёне) Стэфаніі Завадзкай, Адамава (зараз у Драгічынскім раёне) Кастуся Крашэўскага, Паўлапаль (зараз у Маларыцкім раёне) Браніслава Кайшэўскага, Жукаўцы Рафаіла і Бернарда Івашкевічаў, Патрыкі Адама Радавіцкага, Вінцэ (зараз у Пружанскім раёне) Бенедыкта Даноўскага, Косічы (зараз у Брэсцкім раёне) Мікалая Боржыма, Кашылава (зараз у Брэсцкім раёне) Караліны Станішэўскай, Дзеткавічы (зараз у Драгічынскім раёне) Густава Радавіцкага, Рачкі (зараз у Пружанскім раёне) Апалінарыя Радавіцкага.
Пасля таго, як хворы і стомлены Рамуальд Траўгут, хаваючыся ад жандараў, троху падлячыўся і адпачыў у Заказелі і Людвінаве (зараз у Драгічынскім раёне), Эліза Ажэшка ў сваім вазку пад выглядам хворага на тыфус кузэна вывезла камандзіра кобрынскіх паўстанцаў на мяжу з Царствам Польскім. У Варшаве Рамуальд Траўгут атрымаў званне генерала, выправіўся ў Парыж на перамовы пра падтрымку паўстання, затым прыняў пасаду дыктатара пад мянушкай Міхал Чарнецкі. Менавіта на гэтай пасадзе наш герой зацвердзіў Кастуся Каліноўскага кіраўніком паўстання ў Літве.
Краем параднёныя
У цэнтры старой часткі Гарадскіх каталіцка-праваслаўных могілак Кобрына каля лініі Палескай чыгункі на вуліцы Нікольскай знаходзіцца сямейнае пахаванне Касцюшкаў-Сехнавецкіх — прадстаўнікоў старадаўняга беларускага шляхецкага роду гербу «Pox-III», які паходзіў з маёнтку Сяхновічы Кобрынскага павету (зараз у Жабінкаўскім раёне Брэстчыны).
Радавое пахаванне Касцюшкаў-Сехнавецкіх з магілай Антаніны – другой жонкі Рамуальда Траўгута
На скрайняй справа пліце пахавання пазначана, што пад ёю ляжыць Антаніна Касцюшкава-Траўгутава-Міцкевічава, якая пайшла ў лепшы свет 6 кастрычніка 1906 года. Антаніна — другая жонка Рамуальда Траўгута, траюрадная пляменніца Тадэвуша Касцюшкі — нацыянальнага героя Беларусі, Польшы і ЗША, ганаровага грамадзяніна Францыі, кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 года «за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду».
Рамуальд і Антаніна пабраліся шлюбам 13 чэрвеня 1860 года ў доме на вуліцы Клапоцын у Кобрыне (сучасная вуліца Піянерская) праз паўгода пасля смерці першай жонкі нашага героя ў снежні 1859 года. Той год і пачатак наступнага былі, бадай, найцяжэйшымі ў жыцці Рамуальда Траўгута. Адзін за адным адышлі ў вечнасць яго самыя блізкія і любыя – спачатку бабуля Юстына Блоцкая з Шуйскіх, якая з маленства замяняла яму памерлую маці, выхоўвала ў свайго ўнука пачуццё патрыятызму, цвёрдую веру і набожнасць, затым маленькая дачушка Юстына, каханая жоначка Ганна і адзіны сынок Конрад…
Былая вуліца Клапоцын у Кобрыне (сучасная Піянерская)
А калі ў лютым 1860 года памёр хросны бацька, брат бабулі Юстыны Віталіс Шуйскі, які валодаў маёнткам Востраў у Кобрынскім павеце (зараз вёска Астроўе ў Маларыцкім раёне), падпалкоўнік сапёраў расійскай арміі, удавец Рамуальд Траўгут выехаў у Кобрын для вырашэння сваіх асабістых справаў, у тым ліку спадчыны і выхаду ў адстаўку, бо апроч яго не было каму клапаціцца пра выхаванне дачок — Ганны (1853 г.н.) і Алаізы (1857 г.н.).
Аднак знаёмства і шлюб з Антанінай Касцюшка змянілі да лепшага жыццё Рамуальда Траўгута — жонка чула і пяшчотна апекавалася ягонымі дачушкамі, нарадзіла яму сына Рамана. Сям’я пераехала ў Востраў, дзе адстаўны вайсковы інжынер прысвяціў сябе родным, дому і навуцы. У сваім маёнтку Рамуальд Траўгут шчасліва жыў з сям’ёй амаль год да той пары, пакуль ад запалення лёгкіх не памёр ягоны двухгадовы сынок Раман.
Каля радавога склепу Пашкевічаў быў пахаваны Раман Траўгут
Хлопчык быў пахаваны каля фамільнага склепу Пашкевічаў на старых каталіцкіх могілках Кобрына між касцёлам Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі і Свята-Петра-Паўлаўскай царквой (на сучаснай вуліцы Першамайскай). Пра гэта сведчыць надпіс на мармуровай пліце-надмагіллі, што захавалася. За Саветамі гэтую пліту разбілі мясцовыя вандалы дзеля свінцу, якім быў заліты тэкст з імёнамі памерлых. Пасля адраджэння касцёлу асноўную частку пліты замацавалі на паўночнай сцяне храма, а адбітыя два фрагменты надмагілля знайшоў і перадаў каталіцкай грамадзе мясцовы краязнаўца…
Надмагілле Рамана Траўгута з адбітымі часткамі
У Востраве Траўгут даў згоду ўзначаліць Кобрынскі паўстанцкі атрад, адсюль пайшоў у змаганне за волю і незалежнасць краю. Пасля таго, як 5 жніўня 1864 года ён быў пакараны смерцю на шыбеніцы, ягоны маёнтак Востраў канфіскавалі і распрадалі. Удава з дочкамі пераехала ў Кобрын на вуліцу Клапоцын. Праз восем гадоў Антаніна пабралася шлюбам з пляменнікам Адама Міцкевіча Францішкам, які разам з бацькам дапамагаў паўстанню. Сям’я пасялілася ў былой кобрынскай сядзібе расійскага фельдмаршала Аляксандра Суворава (на сучаснай вуліцы ягонага імя,у міжваенны час называлася Траўгутава), якую прыдбаў родны брат Адама Міцкевіча, былы прафесар права Харкаўскага і Кіеўскага ўніверсітэтаў Аляксандр Міцкевіч.
Адзін з пакояў гэтай сядзібы Антаніна прысвяціла памяці свайго першага мужа Рамуальда Траўгута. Сярод ягоных асабістых рэчаў і іншых памятак там захоўваліся апошнія лісты нашага героя з-пад шыбеніцы. У развітальным лісце ад 27 чэрвеня 1864 года з камеры смяротнікаў Траўгут называе жонку «мой Скарб найдаражэйшы» і піша ёй, што «адзіным суцяшэннем» для сябе лічыць наступнае: «Бог, хоць пра шчасце нашае часовае памятае, перш за ўсё мае на мэце нашае вечнае шчасце, для якога нас стварыў і прызначыў…».
У гэтай сядзібе Антаніна Касцюшка-Траўгутава-Міцкевічава зрабіла мемарыяльны пакой Рамуальда Траўгута
Далей ён просіць Антаніну выхоўваць дачок, каб маглі «расці ў ласцы ў Бога і ў людзей», каб былі сумленнымі і грунтоўна адукаванымі, каб гадаваліся ў пашане да пачцівасці і здаровага сэнсу, у замілаванні да чысціні і парадку, што, на яго думку, павінна быць адлюстраваннем маральнага парадку і чысціні душы.
Былая вуліца Траўгутава ў Кобрыне (сучасная імя Аляксандра Суворава)
Знаёмства з жыццяпісамі нашага героя і Тадэвуша Касцюшкі наводзіць на думку, што апошні быў узорам для Рамуальда Траўгута. Насамрэч, з расповедаў бабулі Юстыны, яе ўнук з маленства дазнаўся пра лёс свайго земляка. Хлопчык асабліва ганарыўся тым, што ягоны дзед, капітан пяхоты Якуб Траўгут, у паўстанні 1794 года атрымаў асабістую падзяку ад Касцюшкі. Можа таму і сам Рамуальд Траўгут стаў ваенным інжынерам.
Пасля задушэння паўстання 1863-64 гадоў на ўчастку паміж ракой Кобрынкай і ліцейкай Кобрынскага рамонтнага заводу адбываліся экзекуцыі
Касцюшка і Траўгут лічылі народ адзінай сілай кожнай краіны, з павагай ставіліся да ўсіх людзей незалежна ад іх паходжання і сацыяльнага стану, расавай, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці. На іхняе меркаванне, паўстанцкае войска павінна не толькі змагацца за нацыянальнае вызваленне, але і бараніць народныя інтарэсы. Касцюшка і Траўгут сыходзіліся ў тым, што нацыі, якая змагаецца за сваю незалежнасць, неабходна верыць у свае сілы. Калі ж нацыя не мае гэтай веры, калі яна не прыкладае ўласных намаганняў да захавання свайго існавання, а спадзяецца на падтрымку ці ласку чужынцаў, то можна смела казаць, што не будзе мець такая нацыя ні шчасця, ні гонару, ні славы.
Муры і краты Кобрынскага астрогу таксама памятаюць увязненных касінераў
Супраць бальшавікоў і нацыстаў
Гісторыя 83 пяхотнага палка імя Рамуальда Траўгута пачынаецца ў 1918 годзе падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі, калі ў складзе Рускай арміі адмірала Аляксандра Калчака з аўстра-вянгерскіх і нямецкіх ваеннапалонных, што лічылі сябе палякамі, быў створаны 2 стралковы полк 5 польскай Сібірскай дывізіі. Гэты полк змагаўся з чырвонымі, пасля паразы пад Краснаярскам у 1920 годзе праз Манчжурыю эвакуяваўся ў Польшчу, увайшоў у склад Сібірскай брыгады польскага войска і змагаўся супраць бальшавікоў у савецка-польскай вайне 1919-21 гадоў.
Свята-Аляксандра-Неўскі сабор у Кобрыне ўзведзены за кошт кантрыбуцыі з удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў
Затым полк атрымаў новы нумар, атабарыўся ў Кобрыне і стаў тэрытарыяльнай вайсковай часткай, што фарміравалася з жыхароў краю, у тым ліку і беларусаў. Сярод афіцэраў палку былі балахоўцы, якія ваявалі ў добраахвотніцкіх атрадах польскай арміі генерала Станіслава Булак-Балаховіча ў 1920 годзе. Напярэдадні Другой сусветнай вайны 83 полк быў перадыслакаваны на рубеж ракі Варты, а замест яго ў горадзе з навабранцаў сфарміравалі рэзервовую вайсковую частку пад старым нумарам. Менавіта навабранцы разам са сваімі баявымі сябрамі з 79, 82 і 84 пяхотных палкоў, сапёрных частак, артдывізіёну і народнага апалчэння склалі дывізію «Кобрынь», што змагалася за горад у верасні 1939-га.
Нагрудны знак «Для цябе, Польшча, і для тваёй славы» вайскоўцаў 83 палка палескіх стралкоў імя Рамуальда Траўгута
На 83 полк была ўскладзена задача бараніць пераправы праз Канал каралевы Боны, 2 батальён палка пры падтрымцы 100-мм гаўбіц высоўваўся на захад ад Кобрына па шашы на Брэст. Два дні полк вёў бязлітасныя баі за горад, часам пераходзячы ў контратакі і выбіваючы нацыстаў з іх пазіцый. У сваім дзённіку адзін з нямецкіх салдатаў, што ўдзельнічалі ў бітве за Кобрын, напісаў: «З нас, бадай што, няма ніводнага, хто б ні аддаў належнае мужнасці і адвазе праціўніка, які бараніў гэты горад». Пра выключную стойкасць яго абаронцаў сведчаць і словы выбітнага нямецкага генерала-танкіста Гейнца Гудэрыяна пра тое, што яго часткам давялося весці цяжкія баі пад Кобрынам.
Сярод загінулых яго абаронцаў было шмат апалчэнцаў у цывільным. У гарадскім парку ляжалі абгарэлыя парэшткі вайскоўцаў з карабінамі побач. Пры спробе нацыстаў увайсці ў сядзібу гаспадара маёнтка Губерня Тадэвуша Зялінскага, дзе знаходзіўся лазарэт, пан Тадэвуш пачаў адстрэльвацца з паляўнічай стрэльбы, забіў афіцэра, але сам загінуў і быў пахаваны пад ліпай побач з сядзібай.
Адразу пасля баёў за горад кобрынскі ксёндз Ян Вольскі склаў спісы загінулых абаронцаў горада, а мясцовая моладзь пахавала сваіх землякоў у брацкія, групавыя і адзіночныя акопныя магілы. Спіс Яна Вольскага перахавала Арыядна Тэлеман, а яго копію мне перадала кобрынская краязнаўца Ірына Сіманава. Натуральна, у спісе шмат асобаў з беларускімі прозвішчамі.
Узгадвае Арыядна Тэлеман
У сітуацыі, калі Чырвоная Армія ў ноч на 17 верасня перайшла савецка-польскую мяжу, абаронцы Кобрына вымушаныя былі пакінуць свой родны горад.
Каля кобрынскага касцёлу Спачыну Найсвяцейшай Панны Марыі перапахаваныя парэшткі 62 грамадзянаў II Рэчы Паспалітай — ахвяраў Другой сусветнай вайны, у асноўным — мясцовых жыхароў. Сярод іх — забітыя польскія дзяржаўныя службоўцы і палеглыя ў баях за Кобрын 17-18 верасня 1939-га жаўнеры і афіцэры Войска Польскага з 83 пяхотнага палка імя Рамуальда Траўгута.
Гэты спіс абаронцаў Кобрына, загінулых на полі бою 17-18 верасня 1939-га, склаў ксёндз мясцовага касцёлу Ян Вольскі і напярэдадні свайго расстрэлу перадаў Арыядне Тэлеман.
Знойдзеныя парэшткі былі ўрачыста перапахаваныя каля касцёла пасля раскопак, што ў 2008 годзе пад кіраўніцтвам прадстаўніка Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, прафесара археалогіі Торуньскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка Анджэя Колы правялі вайскоўцы 52-га асобнага пошуковага батальёну Міністэрства абароны Беларусі.
Магіла ксяндзоў Яна Вольскага і Станіслава Грабельнага, забітых нацыстамі 15 кастрычніка 1942-га за хрышчэнне мясцовых габрэяў дзеля іх ратавання ад Халакосту
Паводле асабістых жэтонаў вайскоўцаў і спісу загінулых за горад, што склаў ксёндз Ян Вольскі, былі ідэнтыфікаваныя парэшткі шэрагу абаронцаў гораду — салдатаў Станіслава Матыкі і Людвіка Ліпы, капрала Эварыста Зайкоўскага і афіцэра запасу Тадэвуша Зялінскага.
Перапахаванне было праведзена пасля эксгумацыі і ідэнтыфікацыі парэшткаў 13-ці грамадзянаў II Рэчы Паспалітай, пахаваных кобрынцамі на старых каталіцкіх могілках ля Петрапаўлаўскай царквы, а таксама знойдзеных у рове ля могілак вёскі Падзяменне Гарадзецкага сельсавета Кобрынскага раёна. Прычым у апошнім месцы сярод парэшткаў 42-х польскіх вайскоўцаў і цывільных асобаў узростам ад 20 да 55 гадоў былі выяўленыя астанкі трох жанчын. Яны сталі ахвярамі злачынных дзеянняў пад Кобрынам так званага «атрада самаабароны» Савы Дранюка, які цягам некалькіх тыдняў рабаваў і забіваў польскіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў дзяржаўнай паліцыі і мірнае насельніцтва.
Ля касцёла спачываюць палеглыя і забітыя ў верасні 1939-га, у тым ліку Людвік Ліпа, Станіслаў Матыка, Эварыст Зайкоўскі і Тадэвуш Зялінскі (у спісе яны, адпаведна, пад нумарамі 17, 19, 14 і 37).
Разам з тым, археолагі так і не знайшлі парэшткі многіх палеглых у баі вайскоўцаў 83 пяхотнага палка імя Рамуальда Траўгута. Гаворка ідзе пра салдат і афіцэраў, хто, па высновах Ніны Марчук, дагэтуль ляжаць у брацкай магіле, арыентырам якой з’яўляюцца тры старыя дрэвы каля танцпляцоўкі ў гарадскім парку, у закінутых акопных магілах каля Каналу каралевы Боны і пад шашой Мінск-Брэст ля вёскі Буховічы. У апошнім выпадку вядзецца пра месца забойства каля 10-ці афіцэраў штабу.
Кобрыну трэба ўшанаваць свайго героя
Галоўны клопат Рамуальда Траўгута быў пра тое, каб наблізіць час Свабоды ад бяспраўя, цемрашальства, хлусні, галечы і гвалту.
Таму, на маё меркаванне, мы шмат чым абавязаны нашаму герою. Гаворка ідзе, між іншым, пра заснаванне штогадовай Кобрынскай краязнаўчай прэміі імя Рамуальда Траўгута за найбольш выбітныя дасягненні ў справе вяртання культурна-гістарычнай спадчыны краю, правядзенне штогадовых Траўгутавых чытанняў па выніках апошніх даследаванняў мінулага Кобрыншчыны і Траўгутавага мастацкага пленэру з запрашэннем беларускіх і замежных мастакоў, літаратараў і музыкаў.
У гэтай частцы гарадскога парку імя Аляксандра Суворава ля танцавальнай пляцоўкі знаходзіцца брацкая магіла абаронцаў Кобрына ў 1939-м.
Наспеў час вяртаць імя Рамуальда Траўгута ў гарадскую тапаграфію, працягваць даследаванне ўдзелу кобрынцаў у нацыянальна-вызвольных паўстаннях канца XVIII – XIX стагоддзяў, падрыхтаваць тэматычныя маршруты па памятных мясцінах Рамуальда Траўгута, увесці ў візуальнае афармленне гораду выявы нашага героя і яго паплечнікаў, пазначыць мемарыяльнымі шыльдамі месцы, звязаныя са знаходжаннем Рамуальда Траўгута ў Кобрыне, урэшце на гарадской плошчы Свабоды стварыць мемарыял «Абаронцам Свабоды».
Гаворка вядзецца пра ўшанаванне памяці выбітных асобаў — абаронцаў Свабоды, чый лёс непасрэдна звязаны з Кобрыншчынай, у тым ліку ўкраінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, брата Адама Міцкевіча, беларускага юрыста Аляксандра Міцкевіча, беларускага музыкі і мастака Напалеона Орды, беларускіх польскамоўных пісьменніц Элізы Ажэшка і Марыі Радзевіч, аднаго з айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Пятра Крачэўскага, першага прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана, рускага паэта Аляксандра Твардоўскага, кіраўнікоў і ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794 і 1863-64 гадоў, у тым ліку Тадэвуша Касцюшкі, Рамуальда Траўгута, Фларыяна Ажэшкі, Густава Радавіцкага, Фелікса Ягміна і Уладзіслава Малахоўскага.
У горадзе шмат помнікаў расійскаму генералісімусу, аднак ніводнага — Рамуальду Траўгуту і яго паплечнікам
Для Кобрына вельмі важны такі мемарыял, бо ён у нейкай ступені можа стаць альтэрнатывай неапраўданаму ўшанаванню ў беларускім месцы памяці расійскага вайскаводцы Аляксандра Суворава, які кіраваў задушэннем нацыянальна-вызвольнага паўстання на чале з Касцюшкам, за што ад Кацярыны II атрымаў чын фельдмаршала і маёнтак Кобрынскі ключ. І на пачатку XXI стагоддзя ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь Кобрын з большага атаясамліваецца з жыццём і дзейнасцю Суворава, імем якога названая адзіная пешаходная вуліца горада, старадаўні парк і ваенна-гістарычны музей. Палкаводцу прысвечаны экспазіцыі ягонай сядзібы і музея. Апроч таго, у Кобрыне ўзведзены тры бронзавыя пластычныя кампазіцыі генералісімусу. Празмернае пакланенне горада Сувораву, уведзенае ў Расійскай імперыі і працягнутае за Саветамі, прыніжае нацыянальную годнасць беларусаў і сёння выглядае недарэчным.
Але Рамуальда Траўгута і яго баявых сяброў памятаем мы і гэты край, рака Мухавец, старасвецкі парк і самае старое дрэва горада — 600-гадовы дуб
Няхай мемарыялы Сувораву стаяць на зямлі Беларусі, як напамін пра нашае трагічнае і няпростае мінулае. Аднак, найперш, места павінны ўпрыгожваць помнікі тым людзям, якія ўславілі яго, а часам ішлі на пагібель дзеля светлай будучыні суайчыннікаў. Такі падыход будзе зразумелым як гараджанам, так і гасцям горада.
Фота аўтара і з адкрытых крыніц