Гісторык Ігар Кузняцоў: заява кіраўніка краіны наконт беларускага катынскага спіса супярэчыць афіцыйным дадзеным айчыннай гістарыяграфіі

Заява кіраўніка краіны наконт беларускага катынскага спіса не адпавядае афіцыйным дадзеным айчыннай гістарыяграфіі. Пра гэта 5 студзеня ў Мінску на пасяджэнні дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь заявіў вядомы айчынны гісторык Ігар Кузняцоў.



265c2b6a26807154013753637b68d01d.jpg

Заява кіраўніка краіны наконт беларускага катынскага спіса не адпавядае афіцыйным дадзеным айчыннай гістарыяграфіі. Пра гэта 5 студзеня ў Мінску на пасяджэнні дыскусійнага кінаклубу “Невядомая Беларусь заявіў вядомы айчынны гісторык Ігар Кузняцоў.
Ён нагадаў, што Катынскае злачынства  — гэта расстрэлы 1940 года ў Расіі і на Украіне: у Катыні (у наваколлі Смаленска), каля Харкава і Цвяры; а таксама ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны афіцэраў польскай арміі, якія трапілі ў палон пад час так званага вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў заходнія рэгіёны Беларусі і Украіны ў верасні 1939 года. "З 22 тысяч ахвяраў катынскага злачынства — 7 305 чалавек па афіцыйнай статыстыцы былі пакараныя смерцю ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Прычым ў 1994 годзе служба бяспекі Украіны перадала польскаму боку спіс на 3 435 прозвішчы афіцэраў польскай арміі, расстраляных у турмах Заходняй Украіны. Такім чынам, у беларускім спісе павінна быць не менш за 3 870 прозвішчаў ахвяраў злачынстваў НКУС. Аднак гэтай афіцыйнай статыстыцы нельга поўнасцю давяраць. Так, у рашэнні палітбюро ЦК УКП (б) ад 5 сакавіка 1940 года гаварылася пра 11 тысяч афіцэраў польскай арміі, якія знаходзіліся ў турмах заходніх абласцей Беларусі і Украіны і падлягалі расстрэлу. У дакладной запісцы наркама ўнутраных спраў СССР Лаўрэнцыя Берыі, падрыхтаванай да пасяджэння палітбюро ад 5 сакавіка 1940 года, называецца лічба 18 750 чалавек, што падлягаюць расстрэлу, аднак у дакладной запісцы старшыні КДБ СССР Аляксандра Шэлепіна першаму сакратару ЦК КПСС Мікіту Хрушчову ў 1959 годзе называецца іншая лічба — толькі 7 305 пакараных смерцю. Зыходзячы з таго, што НКУС даручыў расстраляць у турмах заходніх абласцей Беларусі і Украіны 11 тысяч афіцэраў польскай арміі, беларускі спіс налічвае не менш за 3 870 ахвяраў. Рэальная ж іх колькасць значна большая, паколькі ў межах гэтай аперацыі праводзіліся і расстрэлы цывільных асоб польскай нацыянальнасці, — падкрэсліў гісторык.
Ён нагадаў, што на прэсавай канферэнцыі 4 лістапада 2010 года, у адказе на пытанне карэспандэнта Польскага радыё пра лёс беларускага спіса, галава беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка перасцярог: многія дакументы былі вывезеныя ў Маскву, а таксама паведаміў, што асабіста зоймецца гэтай справай і будзе размаўляць пра яе з кіраўніком беларускага КДБ.
Праз год, на прэсавай канферэнцыі 23 снежня 2011 года, на аналагічнае пытанне Лукашэнка ўдакладніў: "Мы паднялі ўсе архівы, і не толькі КДБ — усіх дзяржаўных структур. У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана, расстраляна не было. У нас аказаліся толькі перасыльныя пункты. Палякі, якія праходзілі праз іх, канцэнтраваліся, па-мойму, у асноўным у Расіі і, магчыма, ва Украіне (…) Ніводнага польскага грамадзяніна не было расстраляна, знішчана на беларускай зямлі ў тыя часы".
Са свайго боку Кузняцоў прывёў дакументы ад красавіка 1940 года: за подпісам Лаўрэнцыя Берыі аб этапаванні ў Мінск трох тысячаў афіцэраў польскай арміі з Баранавіч, Брэста, Гродна і Вілейкі, а таксама за подпісам наркама шляхоў зносін Лазара Кагановіча аб выдзяленні чыгуначных саставаў для дастаўкі гэтых ваеннапалонных у пункт прызначэння. Дакументы пра іх расстрэлы ў сталіцы Беларусі, на думку гісторыка, будзе цяжка знайсці, паколькі, напэўна, яны ўжо знішчаны. “Аднак архіўныя дакументы Федэральнай службы бяспекі Расіі пацвярджаюць факт пакарання смерцю афіцэраў польскай арміі ў Мінску, на тэрыторыі і ў ваколіцах якога знойдзены 12 месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў  сталінскага тэрору, — падкрэсліў гісторык.
 На яго думку, гэтыя смяротныя пакаранні, мабыць, праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына каля Трасцянца. Акрамя таго, паводле яго слоў, у 1937–1938 гадах у Беларусі органамі НКУС была сфабрыкавана справа так званай “Польская арганізацыі вайсковай. “Па справаздачных дадзеных НКУС БССР па справе пра гэтую міфічную арганізацыю было арыштавана не менш за 40 тысяч чалавек, у асноўным палякаў па нацыянальнасці. З іх не менш за 24 тысячы чалавек былі расстраляныя. Падчас “вызваленчага паходу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ў верасні 1939 года ў баях з чырвонаармейцамі  загінулі больш за 300 афіцэраў польскай арміі. Пазней некалькі тысяч ваеннаслужачых польскай арміі былі расстраляныя па прысудзе ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР і ваенных трыбуналаў. Апошнія расстрэлы некалькіх соцень афіцэраў польскай арміі, што знаходзіліся ў савецкім палоне з восені 1939 года, адбыліся напярэдадні акупацыі Беларусі нацыстамі — з 23 па 26 чэрвеня 1941 года ў наваколлях Глыбокага і Оршы. Прыведзеныя факты цалкам абвяргаюць розныя інсінуацыі што да пытання беларускага спіса, — адзначыў гісторык.  
Паводле яго слоў, заява Лукашэнкі “ўскалыхнула польскую грамадскасць. Так, згодна з паведамленнямі польскай прэсы, прафесар Войцэх Мацерскі заявіў: "Гэта не толькі падман, але і бязмежная крывадушнасць. Лукашэнка выкарыстоўвае польскую трагедыю ў гульні з Масквой. Калі ён лаяўся з Крамлём, то намякаў, што аддасць палякам спіс. Зараз жа, калі ён дамовіўся з Масквой, зноў забыўся на гэты спіс". А польскі гісторык Збігнеў Сямашка назваў заявы беларускага прэзідэнта "поўнай лухтой". Паводле яго слоў, з савецкіх дакументаў вядома пра расстрэл палякаў у Беларусі, таму што мінскі НКУС атрымаў з Масквы расстрэльныя загады.