«Барацьба за федэрацыю». Сто гадоў таму польскія войскі ўвайшлі ў Мінск

Роўна стагоддзе таму жаўнеры Юзафа Пілсудскага пасля кравапралітных баёў супраць Чырвонай Арміі ўвайшлі ў сталіцу Беларусі. Паспрабуем разабрацца, што папярэднічала тым падзеям, як горад на Свіслачы «сустрэў» польскія войскі і чаму будучая сталіца БССР не апынулася ў межах міжваеннай Польшчы.

Польскія войскі ўваходзяць у Мінск, жнівень 1919

Польскія войскі ўваходзяць у Мінск, жнівень 1919


Аднавіць ВКЛ

Яшчэ падчас Першай сусветнай вайны польскія сацыялісты на чале з Лявонам Васілеўскім выступалі за стварэнне фэдэратыўнай польска-літоўска-беларускай дзяржавы. Гэтай ідэі прытрымліваўся і Юзаф Пілсудскі, хоць на яго ціснулі паплечнікі, якія выступалі за інкарпарацыю (жорсткае далучэнне) усходніх тэрыторый былой І Рэчы Паспалітай да этнічна польскіх зямель. Начальнік польскай дзяржавы разумеў, што толькі стварэнне «санітарнага калідора» паміж Расіяй (не важна «белай», ці «чырвонай») і Польшчай дасць апошняй гарантыю захавання незалежнасці, а ў выпадку ваенных дзеянняў яшчэ і хаўруснікаў у выглядзе беларусаў, літоўцаў і, магчыма, украінцаў. Пры гэтым, галоўную ролю ў такім федэрацыйным саюзе павінна была адыгрываць Варшава. На жаль, працэс фарміравання беларускай нацыянальнай свядомасці ў гэты час знаходзіўся ў пачатковай стадыі, што давала суседзям магчымасці маніпуліраваць «беларускім пытаннем» у палітыка-вайсковых гульнях.
У той жа час у Польшчы моц набірала нацыянал-дэмакратычная партыя пад кіраўніцтвам Рамана Дмоўскага, якая выступала за ўключэнне «усходніх крэсаў» у склад польскай дзяржавы «без усялякіх саступак нацыянальным меньшасцям». Хутка пасля абвяшчэння Польшчай незалежнасці ў Міністэрстве замежных спраў быў свораны Літоўска-Беларускі дэпартамент, якім кіраваў Людвіг Каланкоўскі. Новы орган распрацоўваў план «паляпшэння» адносінаў паміж Другой Рэччу Паспалітай і яе ўсходнімі суседзямі. Хутка палякі сутыкнуліся з новай праблемай — як аб’яднаць два нацыяналізмы — беларускі і літоўскі? Тут важкую ролю адыгрывала гістарычная традыцыя Вялікага княства Літоўскага. Але «бацька Другой Рэчы Паспалітай», відавочна, не ўлічыў, што ў эпоху нацыянальных дзяржаў цяжка пабудаваць федэрацыйнае аб’яднанне, якое грунтуецца толькі на гістарычных традыцыях. Пасля заняцця Вільні ў красавіку 1919 года польскія ўлады стварылі Вайсковае ўпраўленне на тэрыторыях Літвы і Беларусі. Тады ж Юзаф Пілсудскі выпусціў знакаміты зварот «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага», у якім «начальнік» імкнуўся ўпэўніць мясцовае насельніцтва ў тым, што польскае войска — не захопнікі, а наадварот, вызваліцелі. Праўда, тэкст быў толькі на польскай і літоўскай мовах, з чаго бачна, з кім імкнуўся дамаўляцца Пілсудскі наконт будучыні тэрыторый «гістарычнай Літвы».
Праз месяц было створана Грамадзянскае ўпраўленне. У гэты час польскія палітыкі актыўна шукалі магчымасці арганізацыі перамоў з літоўцамі. Аднак Коўна патрабавала вярнуць Вільню і іншыя тэрыторыі. У гэтай сітуацыі важную ролю адыгрываў беларускі фактар. На карысць палякаў гуляла раз’яднанасць беларускіх палітычных эліт у прыватнасці, і мясцовага насельніцтва ўвогуле. Вясной і летам 1919 года польскі Галоўны Штаб актыўна вывучаў настроі насельніцтва Заходняй Беларусі і шукаў цэнтры апоры. Хутка стала зразумелым, што беларускія эліты не могуць дагаварыцца па пытанні аб будучым сваёй краіны. Адныя жадалі будаваць Беларусь у федэрацыі з Польшчай, іншыя выступалі за поўную незалежнасць, трэція рабілі стаўку на бальшавікоў. Пры гэтым ніхто з іх не меў рэальнай вайсковай сілы, якая б магла адстаяць незалежнасць і межы беларускай дзяржавы.

Узяць Мінск

Між тым, пакуль варшаўскія палітыкі разважалі над будучыняй Беларусі, польска-бальшавіцкі фронт падыйшоў да Вілейкі і Маладзечна. Перад Войскам Польскім ляжаў горад на Свіслачы. Аднак знешнія фактары не давалі палякам магчымасць адразу захапіць беларускую сталіцу. Па-першае, існавала небяспека вайны з Германіяй, па-другое, у гэты час у Галіцыі ішлі жорсткія баі. У ліпені 1919 года польскі Літоўска-Беларускі фронт складаўся з больш чым 43 тысячы жаўнераў, 56 гармат, 400 кулямётаў і 10 самалётаў. Хутка ў Беларусь былі перакінутыя дадатковыя часці Войска Польскага. Польская выведка праз сваіх зафрантавых агентаў ведала, што бальшавікам прыходзілася агаляць свой фронт у сувязі з тым, што на тэрыторыі Расіі адбываліся баі супраць «белых». Дзякуючы дзейнасці польскіх выведнікаў польскі штаб дакладна «разумеў» месца дыслакацыі 52-й дывізіі Чырвонай Арміі, якая абараняла горад на Свіслачы.
План наступу на Мінск распрацоўваў камандуючы Літоўска-Беларускім фронтам Войска Польскага, генерал Станіслаў Шэптыцкі. Першапачаткова планавалася распачаць наступ 22 ліпеня 1919 года, аднак з-за спазнення некаторых польскіх часцей ад гэтай ідэі прыйшлося адмовіцца. 3 жніўня 1919 года на вакзал у Маладзечна прыбылі першыя эшалоны вялікапольскіх войскаў. Паводле плана Шэптыцкага ў выніку імгненнага ўдару польскія войскі павінны былі атачыць праціўніка, разбіць яго і ўвайсці ў сталіцу Беларусі. 1-я Вялікапольская дывізія і 2-я дывізія пяхоты легіёнаў павінны былі наступаць уздоўж чыгункі Маладзечна-Мінск. 2-я літоўска-беларуская брыгада павінна была наступаць на Мір-Нясвіж і Слуцк. 3-я брыгада мела загад рухацца на Ішкольдзь. У сваю чаргу, 1-я брыгада павінна была змагацца супраць бальшавікоў у накірунку Баранавічы-Мінск. У задачу польскіх кавалерыйскіх часцей уваходзіла прасоўванне ў глыб тэрыторыі Беларусі на Палессі.

Ад Заслаўя да Віленскага вакзала

5 жніўня 1919 года бальшавікі выдалі дэрэктыву аб ўзмацненні абароны Мінска. У прыватнасці, чырвонаармейцы павінны былі арганізаваць пазіцыі ў раёне Радашковічы-Ракаў. Аднак гэта іх не ўратавала. У той жа дзень пачаўся польскі наступ. Галоўны ўдар наносіўся з раёна Маладзечна на Паперню. Пасля жорсткіх баёў ў раёне вёскі Дворышча польскім войскам удалося фарсіраваць раку Цна і наблізіцца да Мінска. 7-8 жніўня 1919 года часці Войска Польскага фарсіравалі раку Пліса. Пасля жорсткага бою і захопу бальшавіцкіх пазіцый падраздзяленні вялікапольскай дывізіі увайшлі ў Заслаўе, а 15-ты вялікапольскі ўланскі полк пад камандаваннем Уладзіслава Андэрса распачаў наступ на Смалявічы.

Пахаванні польскіх жаўнераў у Радашковічах

Пахаванні польскіх жаўнераў у Радашковічах

Асаблівая роля ў штурме сталіцы БССР адводзілася польскаму штурмавому батальёну пад камандаваннем паручніка Аляксандра Ставажа. Гэтае падраздзяленне, пасля фарсіравання Цны, павінна было наступаць у накірунку Паперня-Цнянка-Мінск. Па разліках польскай выведкі ў горадзе на Свіслачы было каля трох тысяч чырвонаармейцаў, 7 браневікоў і бронецягнік.
Група польскіх войскаў, якая наступала ў раёне Мір-Нясвіж, натыкнулася на жорсткі супраціў чырвонаармейцаў. Аднак 10 жніўня палякі ўсё ж прабіліся да Слуцка. Польскія часці, якія наступалі з боку Баранавічаў, захапілі мост ля Стоўбцаў, што дазволіла паскорыць рух на Мінск. Польскія войскі пад камандаваннем Эдварда Рыдз-Сміглы захапілі Вілейку і працягвалі рухацца на усход. Сітуацыя для бальшавікоў была катастрафічнай.


Узгаданы польскі ўдарны батальён (8 афіцэраў і 32 радавых), які павінен быў першым увайсці ў Мінск, быў узмоцнены кулямётамі, пяхотнікам раздалі па 15 ручных гранат і па 40 патронаў да вінтовак. Напярэдадні атакі камандаванне батальёна падрабязна вывучыла план Мінска, які даставілі агенты Польскай вайсковай арганізацыі. Паводле плана тры калонны польскіх жаўнераў з баямі павінны былі ўвайсці ў горад і адрэзаць шашу на Бабруйск, каб не даць магчымасць бальшавікам адступіць з горада. 8 жніўня 1919 года ў 5 гадзін раніцы палякі пайшлі ў наступ. Аднак бальшавікі сустрэлі ворага агнём браневіка. Польскія жаўнеры закідалі бронемашыну гранатамі і рушылі наперад. Польскі наступ падтрымлівала артылерыя. На вуліцы Аляксандраўскай палякаў абстралялі бальшавіцкія кулямёты і прымусілі наступаючых заняць абарону. Час ад часу чырвонаармейцы атакавалі палякаў з дапамогай браневікоў. Польскія пяхотнікі падарвалі адну з бронемашын, прарваліся на вуліцу Губернатарскую і працягвалі наступ у бок чыгуначнага вакзала. Убачыўшы адзін з пасажырскіх цягнікоў, які адыходзіў у бок Барысава, польскія жаўнеры пачалі кідаць у яго гранаты.

Адозва Пілсудскага да жыхароў былога ВКЛ

Адозва Пілсудскага да жыхароў былога ВКЛ

Раздаліся выбухі, але цягнік не спыніўся ў здолеў вырвацца з горада. Аказалася, што на ім збег на усход штаб 17-й стралковай дывізіі РСЧА, супрацоўнікі мінскай «ВЧК» і іншыя прадстаўнікі бальшавіцкай вертыкалі. Хутка быў захоплены Віленскі вакзал, дзе польскімі трафеямі сталі 8 паравозаў і 90 вагонаў. У 12-30 8 жніўня 1919 года Мінск быў канчаткова заняты польскімі войскамі. У польскі палон трапіла вялікая колькасць чырвонаармейцаў. Варта адзначыць, што бальшавіцкі бок, не гледзячы на адсутнасць пісьменнага камандавання, спрабаваў арганізаваць эфектыўную абарону, чым даў магчымасць эвакуіравацца з горада штабам і адміністрацыі. Пры гэтым трэба ўлічваць, што палякам дапамагалі падпольшчыкі з Польскай вайсковай арганізацыі.

Пілсудскі ў Мінску



juzaf_pilsudski_na_vakzale_u_minsku__1919_h._logo.jpg

Юзаф Пілсудскі на вакзале ў Мінску
Хутка быў прызначаны вайсковы камендант горада. Ім стаў палкоўнік Войска Польскага Здзіслаў Раабе. Ужо 9 жніўня ў Мінск з штабам Літоўска-Беларускай дывізіі прыбыў генерал Станіслаў Шэптыцкі. Ля Ратушы яго сустракалі шэрагі жаўнераў-велькапалян. 10 жніўня ў горадзе на Свіслачы адбыўся польскі парад. Хутка Мінск наведаў і Юзаф Пілсудскі. «Выглядаем з акна, і сапраўды ля гатэля стаць вялікая машына. Выбегаем з пакоя і ў калідоры, на лесвіцы сустракаем Каменданта (Ю. Пілсудскага), запыленага і стомленага, але весёлага і задаволенага тым, што Мінск узяты [...] Камендант выдае загад – адрэзаць шляхі адыходу бальшавікоў на Барысаў і Бабруйск», — узгадваў у ўспамінах польскі генерал Складкоўскі. Ужо 9 жніўня 1919 года Пілсудскі выехаў у Вільню, а адтуль у Варшаву. 19 верасня 1919 года «начальнік польскай дзяржавы» ізноў наведаў горад на Свіслачы і выказаўся, што «лёс гэтай краіны (Беларусі) ляжыць у руках яе жыхароў».

Цэнтр аб’яднання Беларусі

Польскія войскі знаходзіліся ў Мінску амаль год. 4 ліпеня 1920 года Заходні фронт Чырвонай Арміі пад камандаваннем Міхаіла Тухачэўскага перайшоў у наступленне і ўжо 11 ліпеня 1920 года заняў Мінск. Потым быў жнівенскі «Цуд над Віслай», калі Войска Польскае разбіла бальшавікоў у баях пад польскай сталіцай і вяртанне польскіх жаўнераў у Беларусь. 12 кастрычніка 1920 года жаўнеры Мінск ізноў аказаўся ў польскіх руках. У Латвіі ў гэты час ужо адбываліся польска-бальшавіцкія перамовы па справе заключэння міру. 12 кастрычніка 1920 года была падпісана прэлімінарная мірная дамова, якая ўвайшла ў сілу 18 кастрычніка. Пры гэтым польскія войскі адыші на захад, за дэмаркацыйную линию. 18 сакавіка 1921 года паміж Другой Рэччу Паспалітай і бальшавіцкай Расяй была падпісана канчавая мірная дамова, якая вызначыла польска-бальшавіцкую мяжу і замацавала падзел Беларусі на дзве часткі. Рыжская дамова канчаткова пахавала ідэі федэрлізма, якіх прытрымліваўся Юзаф Пілсудскі. Кіраўнік бальшавіцкай дэлегацыі ў Рызе Адольф Ёфэ быў гатовы пагадзіцца на ўваход у склад Польшчы…Мінска. Аднак, супраць гэтага выступіў член польскай дэлегацыі Станіслаў Грабскі, які быў праціўнікам федэраліцкай палітікі. Лявон Васіеўскі, у сваю чаргу, падкрэсліваў, што, «калі ўжо немагчыма пазбегнуць небяспечнага для Польшчы ўплыву савецкай Украіны на ўкраінскую меньшасць у Малапольшчы, то трэба пазбегнуць утварэння антыпольскай савецка-беларускай кавальні на поўначы». Аднак яго погляд у Рызе быў не папулярным.

Парад польскіх войскаў у Мінску

Парад польскіх войскаў у Мінску

У міжваенны час Мінск (да вайны горад называўся Менск) стаў сапраўдным цэнтрам беларускага жыцця. Разам з тым, гэты чыннік актыўна выкарыстоўвалі бальшавікі ў сваёй дзейсці супраць суседняй Польшчы. Улады Другой Рэчы Папалітай зрабілі шмат памылак у сваёй нацыянальнай палітыцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Гэта паўплывала на тое, што значная частка жыхароў Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў разглядалі Мінск, як цэнтр аб’яднання Беларусі. Як вядома, у верасні 1939 года горад на Свіслачы ім і стаў.