БагатаДата 2–7 лютага
Ад Радзівілаў да Фрунзэ, ад Гедройца да Янкоўскага. У гэты тыдзень мы адзначаем круглыя даты з дня народзінаў шматлікіх асобаў, якія пакінулі след у гісторыі краіны.
2 лютага
Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў.
1885. У сталіцы Кыргызстана Бішкеку нарадзіўся Міхаіл Фрунзэ, савецкі дзяржаўны і ваенны дзеяч. У 1916 годзе вёў таемную рэвалюцыйную дзейнасць на Заходнім фронце на тэрыторыі Беларусі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі быў начальнікам народнай міліцыі ў Мінску. У яго гонар з 1926 па 1991 гады Бішкек называўся Фрунзэ, а ў сталіцы Беларусі ёсць вуліца яго імя.
1970. У расійскім Ханты-Мансійску нарадзіўся біятланіст Яўген Рэдзькін. Быў сцяганосцам зборнай Беларусі на зімовай Алімпіядзе–1994 — прычым адзіным сцяганосцам нашай краіны на Алімпіядах, які нёс бел-чырвона-белае палотнішча. А двума гадамі раней ён сенсацыйна выйграў алімпійскі залаты медаль у гонцы на 20 кіламетраў у складзе Аб’яднанай каманды СНД.
3 лютага
1950. У Вільні нарадзілася актрыса Тамара Міронава. Служыла ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча, затым у сталічным тэатры «Дзе-Я?», пазней і да гэтага часу — у Купалаўскім тэатры. Цяпер занятая ў спектаклях «Паўлінка», «Вечар», «Людзі на балоце», «Дзве душы» і ў свежапрэм’ерным «Шляхціц Завальня».
4 лютага
Сусветны дзень барацьбы з ракавымі захворваннямі.
1515. У Нясвіжы нарадзіўся Мікалай Радзівіл Чорны — палітычны, ваенны, культурны і рэлігійны дзеяч Вялікага княства Літоўскага. Чорны — мянушка з-за колеру барады (у яго быў яшчэ стрыечны брат-цёзка Мікалай Радзівіл, толькі Руды — па той самай прыкмеце).
Канцлер ВКЛ, выступаў за яго суверэннасць у хаўрусе з Польшчай. Першым сярод магнатаў прыняў Рэфармацыю, прапагандаваў кальвінізм. Спрыяў шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары з вялікім князем ВКЛ і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам (гісторыя «Чорнай панны Нясвіжу»). У выніку гэтага шлюбу Чорны ўзвысіўся: акурат і стаў канцлерам ВКЛ, а Радзівілы — самым уплывовым родам.
5 лютага
1930. У Адэсе, што ва Украіне, нарадзіўся беларускі акцёр тэатра і кіно, народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі. З 1995 па 2010 гады — старшыня кінафестывалю «Лістапад». Служыў акцёрам у Тэатры імя Максіма Горкага ў Мінску.
Здымаўся ў фільмах «Чырвонае лісце», «Служылі два таварышы», «Я, Францыск Скарына», «Руіны страляюць», «Корцік», «Валодзя вялікі, Валодзя маленькі», «Казка пра Зорнага хлопчыка», «Надзейны чалавек», «Пракляты ўтульны дом».
6 лютага
1895. У сяле Расказава Тамбоўскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі навуковец, неўрапатолаг і фізіятэрапеўт Даніла Маркаў. У другой палове 1940-х гадоў — дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытуту фізіятэрапіі і неўралогіі, у 1954–1976 гадах — галоўны неўрапатолаг Міністэрства аховы здароўя БССР.
7 лютага
1750. На Браслаўшчыне нарадзіўся ваенны дзеяч ВКЛ, генерал-маёр Рамуальд Гедройц. Сябра Найвышэйшай Літоўскай Рады — часовага рэвалюцыйнага ўраду ВКЛ падчас паўстання 1794 года Тадэвуша Касцюшкі.
У расійска-французскую вайну ў 1812 годзе падтрымаў Напалеона, зладзіў паспалітае рушанне супраць маскоўскіх войскаў. Трапіў у палон, быў высланы ў Архангельск, праз два гады пераехаў у Варшаву, дзе і памёр.
1935. У вёсцы Валоўшчына Мінскага раёна нарадзіўся дзяржаўны дзеяч БССР Станіслаў Лукашэвіч. У 1977–1980 гадах працаваў старшынёй Мінскага гарвыканкаму.