БагатаДата 19–25 кастрычніка
Першымі рэйсавымі аўтобусамі ў Мінску былі «Рэно», «Фіяты» і «Форды». А яшчэ на гэтым тыдні адзначаецца Дзень млынароў. Вы ведалі пра такое свята? Больш цікавостак — у традыцыйным аглядзе.
19 кастрычніка
1909. У вёсцы Іванкава Калужскай вобласці Расіі нарадзіўся беларускі сцэнарыст і перакладчык Міхась Блісцінаў. Напісаў сцэнар мастацкага фільма «Строгая жанчына». Пераклаў на беларускую мову «Пятра Першага» Аляксея Талстога і «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага.
20 кастрычніка
Міжнародны дзень кухараў, а таксама авіядыспетчараў і барацьбы з астэапарозам.
2004. Была забіта беларуская журналістка Вераніка Чаркасава. Працавала на БТ, затым у незалежнай прэсе. Забітая ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Следства распрацоўвала бытавую версію забойства, падазраючы сваякоў. Журналісцкая супольнасць меркавала, што яго мог учыніць кілер пасля таго, як журналістка сабрала інфармацыю пра датычнасць беларускага «Інфабанку» да незаконнага гандлю зброяй з Іракам.
21 кастрычніка
1914. У эстонскім горадзе Валга нарадзіўся каталіцкі дзеяч Казімір Свёнтак. Падчас Першай сусветнай вайны яго сям’я была ў эвакуацыі і апынулася ў Беларусі. Свёнтак вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, у 1939 годзе быў пасвечаны ў святары і пачаў службу ў Пружанах. Быў сасланы ў лагер, вярнуўся ў Беларусь у 1954-м. У 1994 годзе першым у Беларусі атрымаў ад Папы Рымскага сан кардынала.
1919. У Мінску пачала выходзіць газета «Беларусь». Выходзіла штодня. Пазіцыянавалася як палітычына-эканамічнае і літаратурнае выданне. Тут друкаваліся Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Уладзіслаў Галубок. Газета выступала за незалежнасць Беларусі. Спыніла існаванне ўлетку 1920 года праз прыход у Мінск бальшавікоў.
22 кастрычніка
Міжнародны дзень людзей, якія заікаюцца.
1919. У Пружанах на Брэстчыне нарадзілася Раіса Жук-Грышкевіч (у дзявоцтве — Жукоўская), дзяячка беларускай эміграцыі. З 1949 года жыла ў Канадзе, дзе скончыла ўніверсітэт, стала лекаркай-дантысткай.
Выйшла замуж за беларуса з падобным да свайго прозвішчам — Вінцэнта Жука-Грышкевіча, старшыню Рады БНР у 1971–1982 гадах. Раіса Жук-Грышкевіч кіравала Задзіночаннем беларускіх жанчын Канады, узначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады.
23 кастрычніка
1909. У вёсцы Вялікае Сяло Шаркаўшчынскага раёна нарадзіўся вайсковы і грамадскі дзеяч Міхась Зуй. Падчас Другой сусветнай вайны кіраваў Беларускай народнай Самапомаччу ў мястэчку Германавічы, затым — Шаркаўшчынскім паветам. Удзельнічаў у ваеннай школе-батальёне «Дальвіц», пасля раззбраення якога ў Чэхіі апынуўся ў савецкай арміі. Адтуль дэзерціраваў, здолеў перабрацца ў Аўстралію. Быў прэзідэнтам Беларускай цэнтральнай рады — арганізацыі, створанай за нямецкай акупацыяй як мясцовая адміністрацыя і якая затым фармальна існавала на эміграцыі.
1924. У Мінску пачалі ездзіць рэйсавыя аўтобусы. Савецкіх тады яшчэ не было, а таму па сталіцы БССР курсіравалі «Форды», «Фіяты», «Рэно».
24 кастрычніка
Дзень Арганізацыі аб’яднаных нацыяў.
1994. Памёр беларускі пісьменнік, перакладчык і кінасцэнарыст Анатоль Вялюгін. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за паэму «Вецер з Волгі». Па яго сцэнарах былі зняты мастацкія фільмы «Рэха ў пушчы» і «Глядзіце на траву», а таксама больш за 40 дакументальных стужак.
25 кастрычніка
Дзень млынароў у Беларусі.
1884. У вёсцы Наройкі (цяпер Падляшскае ваяводства Польшчы) нарадзіўся беларускі археолаг і гісторык Сяргей Дубінскі. Выдаў першую «Бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін». У 1930 годзе арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але вызвалены. Пераехаў у Ленінград, працаваў у Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Зноў арыштаваны ў 1937-м і расстраляны.