БагатаДата 1–7 чэрвеня
Ці ведаеце вы, чаму Ждановічы маюць такую назву? А калі шакаладка «Спартак» адзначае Дзень народзінаў? Шукайце адказы ў нашым аглядзе.
1 чэрвеня
1834. У вёсцы Астраўляны Гарадоцкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся Канстанцін Вераніцын, аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».
1954. У Мінску нарадзіўся акцёр, народны артыст Беларусі Сяргей Журавель. Выконваў ролі ў спектаклях ТЮГу, Маладзёжным і Купалаўскім тэатрах. Быў мастацкім кіраўніком тэатральнага праекта «Нікаля-тэатр». Здымаўся ў фільмах і серыялах.
2 чэрвеня
1964. У Гомелі нарадзіўся пісьменнік і адзін з самых вядомых філосафаў у сучаснай Беларусі Ігар Бабкоў.
3 чэрвеня
1859. У Маскве нарадзіўся рэвалюцыянер Пётр Румянцаў, які з восені 1895 года ў Мінску служыў памочнікам кантралёра на Лібава-Роменскай чыгунцы. Вядомы тым, што гэта на яго здымнай кватэры на Захар’еўскай вуліцы ў 1898 годзе адбыўся I з’езд РСДРП (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі) — пад выглядам святкавання імянінаў жонкі.
На 25-ю гадавіну правядзення з’езда гэты дамок зрабілі музеем. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў знішчаны, але яго аднавілі, перанёсшы туды, дзе ён стаіць цяпер, — каля праспекта Незалежнасці на беразе Свіслачы. У гонар Румянцава названа вуліца ў сталіцы.
1969. Створаны ў складзе Міністэрства лясной гаспадаркі Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік, цяпер — Нацыянальны парк «Прыпяцкі» ў падпарадкаванні Упраўлення справамі кіраўніка дзяржавы.
4 чэрвеня
1924. У Гомелі заснавана кандытарская фабрыка «Спартак». Спачатку яна называлася «Прасвет».
5 чэрвеня
1854. У горадзе Новааляксандраўскі (цяпер гэта літоўскі Зарасай), нарадзіўся беларуска-яўрэйскі жывапісец і педагог Юдаль (Іегуда) Пэн. З 1898 года пасяліўся ў Віцебску. Адкрыў там прыватную Школу малявання і жывапісу. За савецкім часам на яе грунце паўстала Віцебская народная мастацкая вучэльня. Вучань Пэна — Марк Шагал. Карціны Пэна ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску.
1919. У Вільні выйшаў першы нумар часопіса «Беларускае жыццё». Выдаваўся таксама і ў Мінску — лацініцай і кірыліцай. Рэдактарам быў Францішак Аляхновіч.
1944. У Талачыне на Віцебшчыне нарадзіўся акцёр і тэатральны рэжысёр Валерый Анісенка. Працаваў галоўным рэжысёрам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Тэатра-студыі кінаакцёра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
6 чэрвеня
1864. У Мінску нарадзіўся лекар, грамадскі дзеяч і дабрачынец Іван Здановіч. Напрыканцы ХІХ стагоддзя Здановіч на ўласныя грошы абсталяваў дзясятак ложкаў для лячэння хворых парадзіх, а затым перадаў радзільню мінскім уладам. Заснаваў вучэльню для сляпых. Цікавы факт: назва пасёлка Ждановічы каля Мінска паходзіць акурат ад прозвішча гэтага лекара.
У 1909 годзе Здановіч купіў лецішча і знайшоў непадалёк мінеральную крыніцу. У хуткім часе лекар стварыў там дом адпачынку, які з часам стаў цяперашнім санаторыем «Крыніца».
Пазней Здановіч пабудаваў каля бліжэйшай чыгуначнай лініі платформу і дамогся, каб на ёй спыняўся цягнік Мінск — Вільня. Станцыя пачала называцца «платформай Здановіча». А ўзніклы паблізу пасёлак стаў Здановічамі, пасля Другой сусветнай вайны гэтая назва пераўтварылася ў Ждановічы.
1874. У Мінску нарадзіўся расійскі рэвалюцыянер і журналіст Канстанцін Ерамееў. Першы рэдактар савецкага сатырычнага часопіса «Кракадзіл».
7 чэрвеня
1904. У Пінску нарадзіўся Аляксандр Васільеў, салдат-герой, адзін з нямногіх поўных кавалераў (трох ступеняў) Ордэна Славы падчас Другой сусветнай вайны. Адметна, што ордэн гэты — салдацкі: ім узнагароджвалі радавых і сяржантаў. У Беларусі поўнымі кавалерамі Ордэна Славы сталі 70 чалавек. Напрыклад, Аляксандр Васільеў атрымаў усе свае ордэны ў 1945-м — за праходы па мінных палях, абясшкоджванне і закладанне сотняў мінаў.