«Альтэрнатыва» прапануе размясціць на вуліцах Мінска шыльды з іх гістарычнымі назвамі

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Альтэрнатыва», зарэгістраванае ў Латвіі, пачынае збор подпісаў сярод жыхароў Мінска з прапановай да сталічных уладаў размясціць на цэнтральных гарадскіх вуліцах шыльды з іх гістарычнымі назвамі.



1416758728_img_3382.jpg

Прапанова тычыцца вуліц, размешчаных у раёне Нямігі, Верхняга горада, плошчы Незалежнасці, стадыёна Дынама, а таксама праспекта Незалежнасці.

Калектыўны зварот з сабранымі подпісамі будзе накіраваны ў Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама ў тапанімічную камісію пры Савеце Міністраў.

«Мы хочам, каб беларускай сталіцы стаў вяртацца гістарычны твар у тапаніміцы, вуліцы Мінска падкрэслівалі свой гістарычны дух. З дапамогай размешчаных шыльдаў для жыхароў і гасцей сталіцы будзе ясная карціна, што наш горад не заўсёды можа асацыявацца выключна з савецкай спадчынай, яго тапаніміка багатая не толькі вуліцамі Леніна, Інтэрнацыянальная, Рэвалюцыйная, Камсамольская, Ульянаўская, Герцэна, Карла Марса, а і па-сапраўднаму беларускімі назвамі — Францыска Скарыны, Койданаўская, Ляхаўская, Замкавая, Вадохрышчанская, Малая Бернардзінская, Падгорная і іншымі» — каментуе ідэю лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан.

Таксама ён адзначае, што ў некаторых гарадах Беларусі падобныя ідэі былі рэалізаваны яшчэ некалькі гадоў таму. Так у горадзе Клецк на чатырох цэнтральных вуліцах горада пад актуальнымі назвамі вуліц на шыльдах размешчаны іх гістарычныя назвы. Напрыклад, вуліца Леніна раней была Нясвіжскай, а вуліца Гагарына за сваю гісторыю мела некалькі назваў — Віленская, Замкавая, Жыдоўская, Слонімская.

«Мы не патрабуем ад беларускіх уладаў перайменавання іх любімых савецкіх вуліц, мы хочам, каб пад гэтымі назвамі былі пазначаныя іх ранейшыя найменні. Для гэтага не патрабуецца вялікіх фінансавых сродкаў, галоўнае, каб такое рашэнне было ўхвалена «наверсе», а там ужо справа за малым», — тлумачыць Алег Корбан.

Подпісы будуць збірацца актывістамі арганізацыі ў цэнтры горада на працягу месяца, паведамляе прэс-служба ГА «Альтэрнатыва».