Аднаўляе працу Школа пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных
Заснавальнік і вядучы Школы гісторык-архівіст Зміцер Дрозд распавёў пра галоўныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларусы, шукаючы сваіх рэпрэсаваных сваякоў.
Ужо больш за 10 гадоў Зміцер Дрозд працуе з тэмай рэпрэсій у Беларусі. Свае даследаванні ён пачаў з гісторыі ўласнай сям'і: продкаў Змітра рэпрэсавалі па дзвюх лініях. Сваякі па дзедавай лініі, колішнія ўладальнікі маёнтка Дразды пад Мінскам, дзе цяпер размяшчаюцца элітныя катэджы беларускіх чыноўнікаў, вярнуліся на радзіму. Бабуліны продкі з Любаншчыны Мохарты аселі ў Свярдлоўску. Але апроч раскулачаных у родзе былі і расстраляныя. Пра гэтую катэгорыю людзей у Беларусі знайсці інфармацыю яшчэ складаней. Тым не менш, гісторык дамогся рэабілітацыі ўсіх членаў сваёй сям’і.
Але на гэтым даследчык не спыніўся і напрыканцы 2016 года заснаваў Школу пошука інфармацыі аб рэпрэсаваных, каб дапамагаць іншым знаходзіць сваякоў, што трапілі пад жорны савецкіх рэпрэсіяў.
— Усяго да нас звярнулася каля 50 чалавек, 20 чалавек пастаянна былі на сувязі, наведвалі вочныя лекцыі, мы дапамагалі ім пісаць заявы ў розныя інстанцыі і архівы. На жаль, большасць уперлася ў закрыты архіў КДБ, не здолела знайсці дакументы для доказаў сваяцтва з рэпрэсаваным чалавекам. Гэта, на самай справе, для Беларусі галоўная праблема — у людзей не захавалася ніякіх дакументаў, якія маглі б гэтае сваяцтва даказаць. А многія архівы, уключаючы такі важны для Беларусі, як архіў органаў ЗАГС, згарэў у Мінску ў 1944 годзе, — распавядае гісторык.
Але ў гісторыі працы Школы былі і паспяховыя прыклады, кажа Зміцер Дрозд. Яны тычацца людзей, якія не спыніліся перад першымі перашкодамі і працягвалі грукацца ў зачыненыя дзверы архіва КДБ.
— На падставе гэтага станоўчага досведу было напісана больш за 10 артыкулаў, якія трапілі ў СМІ. Школа змагла ў вялікай меры ўскалыхнуць цікавасць людзей і нават журналістаў да тэмы рэпрэсіяў — што, можа быць, найбольш значны вынік.
Сапраўдным выбухам стала стварэнне на сайце Беларускага дакументацыйнага цэнтра «Адзінай сістэмы пошуку рэпрэсаваных». Дзякуючы ёй дзясяткі людзей змаглі знайсці сваіх блізкіх. Па словах Змітра, кожны дзень гэтым пошукавікам карыстаецца больш за 200 чалавек. З моманту стварэння пошукавая сістэма апрацавала ўжо больш за 150000 запытаў з усяго свету!
У новы сезон Школа пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных уваходзіць з новымі мэтамі. Вось некаторыя з іх:
— Рост у беларускім грамадстве цікавасці, ведаў пра камуністычныя рэпрэсіі і ўсведамлення перажытай нашымі продкамі катастрофы і патэнцыяльнай магчымасці яе паўтарэння для нашых дзяцей і ўнукаў, калі гэтая чалавеканенавісніцкая ідэалогія не будзе асуджаная.
— Распаўсюд у колах дзяржаўных і архіўных чыноўнікаў, і, вядома, сярод саміх чэкістаў разумення неабходнасці і непазбежнасці поўнага адкрыцця архіваў савецкіх спецслужбаў, следчых, судовых і пракурорскіх органаў, архіваў міністэрстваў унутраных спраў і абароны і іншых, якія не маюць сакрэтнай інфармацыі.
— Бясплатная дапамога нашчадкам і сваякам рэпрэсаваных: вочныя тэарэтычныя лекцыі, завочныя, анлайн і тэлефонныя кансультацыі, напісанне заяў у архівы, дзяржаўныя структуры, інфармацыйныя цэнтры МУС Беларусі і Расіі для асабістага азнаямлення са справамі, атрымання копій дакументаў і даведак, а таксама пры неабходнасці рэабілітацыі.
— Запіс дакументальных успамінаў (відэа, аўдыя, тэкст) ахвяраў камунізму і нацызму, стварэнне відэаролікаў для захавання і распаўсюджання трагічнага досведу, асабліва важнага ў наш час — час гістарычных фальсіфікацыяў і рэваншызму злачынных чалавеканенавісніцкіх рэжымаў.
— Падрыхтоўка экспертаў, здольных весці самастойную працу, дапамагаючы людзям у пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных, вывучаць архівы камуністычных спецслужбаў і распаўсюджваць інфармацыю аб гэтых страшных злачынствах, якія не маюць тэрміну даўнасці.
— Папулярызацыя паспяховага і без адмоўных наступстваў досведу адкрытых архіваў спецслужбаў Літвы, Украіны і іншых краін.
— Знаёмства з цікавымі людзьмі, якія прайшлі свой унікальны шлях ад няўпэўненых ведаў, што ў сям'і былі рэпрэсаваныя, да азнаямлення з асабістымі справамі ў архівах КДБ і напісання артыкулаў і кніг пра трагедыю іх сям'і.
Пра актуальнасць і неабходнасць такой Школы для беларускага грамадства сведчаць лічбы: пасля абвяшчэння аб старце новага сезону толькі за адзін дзень Зміцер Дрозд атрымаў пытанні па пошуку інфармацыі аб рэпрэсаваных сваяках ад дзясятка людзей. Гэта дае спадзеў, што беларусы не жадаюць забываць пра страшныя злачынствы камуністычнага рэжыму, каб яны больш ніколі не паўтарыліся.