Старшыню Партыі БНФ будуць судзіць за ўдзел у акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі
Судовы працэс па справе старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі, пройдзе 28 студзеня.
Судовы разбор па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні прызначаны ў судзе Шклоўскага раёна, пачатак а 10-й гадзіне.
Як паведаміў сам палітык, яму даслалі СМС і патэлефанавалі з суда Шклоўскага раёна і паведамілі, што яго чакае судовы працэс за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску 20 снежня 2019 года».Супрацоўнікі Шклоўскага РАУС палічылі, што Рыгор Кастусёў парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, калі прыняў удзел у няўзгодненай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Нягледзячы на тое, што акцыя праходзіла ў Мінску, судзіць Кастусёва вырашылі ў Шклове. Яму пагражае штраф да 30 базавых велічыняў.
Нагадаем, што 20 снежня, выступаючы падчас акцыі ў Мінску, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў:
«2020 год – год стагоддзя Слуцкага збройнага чыну. Амаль 100 гадоў таму нашы продкі ўзялі зброю і пачалі абараняць нашу незалежнасць. І мы павінны быць гатовыя да гэтага. Калі трэба – абараняць краіну са зброяй у руках. Я думаю, што ў наступным годзе нас будзе ў сотні і тысячы разоў больш. Нас будуць мільёны і мы пераможам».
У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія выйшлі ў канцы снежня выказаць сваё меркаванне супраць інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй. Больш за дзясятак чалавек атрымалі адміністрацыйныя арышты 5-15 сутак, яшчэ некалькі дзясяткаў – вялікія штрафы.
Аршанскі блогер Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў, які быў кандыдатам ад Партыі БНФ на мінулых парламенцкіх выбарах, напэўна, больш за ўсіх пацярпеў ад пераследу ўладаў – агульны тэрмін ягонага арышту па ўсіх прысудах складае 60 сутак.
Усяго за мірныя пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй ўлады аштрафавалі беларусаў больш, чым на 100 тысяч рублёў. Грамадзянская супольнасць арганізавала збор сродкаў для пацярпелых ад рэпрэсій – BY_help.
Гродзенскія актывісты стварылі свой аналаг by_help — збор дапамогі рэпрэсаваным за акцыі ў падтрымку Незалежнасці, што адбыліся ў Гародні. Падтрымаць рэпрэсаваных гродзенцаў можна на адмысловай старонцы кампаніі.
Паводле прэс-рэліза