Беларус у Польшчы трапіў у бяду: сябры збіраюць грошы на дапамогу

Пра гэта паведамляе Партыя БНФ.

Зміцер Шэвель

Зміцер Шэвель

Грамадскага актывіста Зміцера Шэвеля напаткала бяда – 15 студзеня падчас знаходжання ў Торуні (Польшча) у яго здарыўся інсульт. У торуньскім шпіталі была зробленая складаная аперацыя, пасля якой пацыент знаходзіцца ў непрытомным цяжкім стане. Цяпер побач з ім знаходзіцца жонка Таццяна. Сытуацыя ўскладняецца тым, што, прыбыўшы на месца працаўладкавання, Зміцер яшчэ не займеў медычнай страхоўкі (працадаўца тлумачыў жонцы, што яшчэ не паспеў аформіць дакументы). У выніку ёсць патрэба весці юрыдычныя спрэчкі з працадаўцам, што вымагае ведання польскай мовы. За кожны дзень пабыту ў шпіталі і медычную дапамогу сям’і Змітра налічваюць вялізныя кошты, пакуль, як кажа Таццяна, гаворка ідзе пра 15 тысяч злотых.



Зміцер — сябра Партыі БНФ ды Незалежнага прафсаюза РЭП, быў звольнены з працы за грамадска-палітычную дзейнасць і вымушаны шукаць працу ў замежжы.

Дапамогу з беларускіх картак можна пералічыць на адмысловы рахунак праз платформу МОЛАМОЛА. Пераканайцеся, што ваша банкаўская картка — гэта VISA або MasterCard, яна выпушчаная беларускім банкам, тэрмін яе дзеяння яшчэ не скончыўся, і на ёй маецца неабходная сума, а таксама падлучана паслуга 3D Secure.

Збор сродкаў у Польшчы каардынуецца праз няўрадавую арганізацыю «Беларускі дом» – пералічыць грошы можна на на рахунак Беларускага Дома:
90 1090 1870 0000 0001 4217 6050
FUNDACJA “BIAŁORUSKI DOM”
Ul. Wiejska 13/3 00-480 Warszawa.
з пазнакай: “Darowizna na leczenie Zmicera Szewela”

Увага: калі перавод на замежны рахунак немагчымы праз ваш інтэрнэт-банкінг, то раім звярнуцца ў касу любога банку для ажыццяўлення банкаўскага пераказу на пазначаны вышэй польскі рахунак.

Усе атрыманыя сродкі Беларускі Дом перадасць жонцы Зміцера. Інфармацыя на беларускай і на польскай мовах дасяжная тут.

Апроч грашовай дапамогі патрэбная патрэбная юрыдычная дапамога, дапамога з перакладамі, жытло ў Торуні. Калі вы жадаеце дапамагчы беларусу ў бядзе, то звязвайцеся:
Таццяна Кошалева: +48 577805646 (ці Павал Батуеў: +48 450005125).