ЗША не адмаўляюць, што санкцыі супраць Беларусі могуць быць адноўленыя

У выпадку пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Злучаныя Штаты могуць аднавіць санкцыі супраць беларускіх уладаў.



18.jpeg

"Змякчэнне санкцый адбылося ў адказ на вызваленне палітвязняў. Па сканчэнні шасці месяцаў ЗША ўважліва будуць ацэньваць сітуацыю цалкам і ў сукупнасці ўсе фактары. Рашэнне будзе прымацца на аснове гэтага аналізу", - сказала намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк падчас сустрэчы з журналістамі, паведамляе БелаПАН.
 

Яна таксама падкрэсліла, што існуе магчымасць для паляпшэння і нармалізацыі адносін паміж Беларуссю і ЗША. Вызваленне і змякчэнне санкцый яна назвала "ўзаемнымі пазітыўнымі крокамі". Чыноўнік Дзярждэпартамента выказала надзею, што рух у гэтым кірунку працягнецца.
 

У сваю чаргу намеснік памочніка дзяржсакратара па дэмакратыі, правах чалавека і працы Роберт Бершчынскі адзначыў, што ЗША гатовыя да далейшых пазітыўных крокаў, але калі сітуацыя з правамі чалавека і дэмакратыяй у Беларусі пагоршыцца, дзеянне санкцый можа аднавіцца ў поўнай меры.