Злучаныя Штаты асудзілі арганізацыю нелегальнай міграцыі з Беларусі
У ЗША асуджаюць арганізацыю рэжымам Лукашэнкі патокаў нелегальных мігрантаў праз межы Беларусі. Гэта заявіў памочнік амерыканскага прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван падчас тэлефоннай размовы з прэм'ер-міністрам Літвы Інгрыдай Шыманіце. Падрабязнасці размовы прыводзіць прэс-служба Белага Дома.
Саліван таксама сказаў, што ў Вашынгтоне ўдзячныя Вільні «за прынцыповую замежную палітыку Літвы ў падтрымцы дэмакратыі і правоў
чалавека, у тым ліку ў Беларусі».
З пачатку года на літоўска-беларускай мяжы былі затрыманыя
больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі. Гэта ў 50 разоў
больш, чым за ўвесь 2020 год. Вільні прыйшлося ўвесці надзвычайнае становішча.
З пачатку жніўня літоўская пагранслужба перастала затрымліваць нелегальных
мігрантаў, а стала разгортваць іх назад у Беларусь. Аналагічная сітуацыя
склалася і на межах Латвіі і Польшчы з Беларуссю. У гэтых краінах таксама
ўведзена надзвычайнае становішча на межах.
8 верасня прадстаўніцтва ЕС у Беларусі аб'явіла дэмарш
беларускаму МЗС «у сувязі з незаконнымі пераходамі мяжы з боку Беларусі ў
Еўрапейскі саюз» і настойліва папрасіла «ўлады Беларусі спыніць гэтую
практыку». У беларускім МЗС з абвінавачваннямі не згодныя.
Канцлер Германіі Ангела Меркель у гэтыя выхадныя зноў
назвала крызіс з мігрантамі на мяжы «гібрыднай атакай» з боку
Беларусі і заклікала афіцыйны Мінск «адумацца».
Паводле «Еўрарадыё».