Што на мяжы? У Польшчу спрабавалі трапіць 249 мігрантаў, у Латвію — 19
За мінулыя суткі на беларускай мяжы польскія, латвійскія і літоўскія службы прадухілілі больш за 280 спроб незаконнага ўезду ў краіны.
Як паведамляе польская памежная служба, за мінулы панядзелак памежнікі зафіксавалі на мяжы 249 спроб незаконнага перасячэння з боку Беларусі. Затрымана 12 нелегалаў, астатнія спробы былі спыненыя.
Латвійскія памежнікі не пусцілі ў краіну 19 чалавек, паведаміла
парталу«Delfi» прадстаўніца памежнай службы Іаланта Бабішка. Усяго,
паведамляе выданне, з 10 жніўня не змаглі незаконна перасячы дзяржаўную мяжу
1151 чалавек.
Дзяржаўная памежная служба Літвы паведамляе, што на працягу
апошняга дня памежнікі не прапусцілі каля дваццаці мігрантаў з Беларусі.
Ведамства паведамляе, што службовую зброю і спецыяльныя меры
або фізічны прымус літоўскія памежнікі і салдаты, якія дапамагаюць ім у ахове мяжы, не ўжывалі. Памежны кантроль на літоўскім баку ажыццяўляецца ва ўзмоцненым
рэжыме.
Нагадаем, пасля рэзкага росту колькасці нелегальных
мігрантаў з беларускага боку Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэнне не
ўпускаць іх на сваю тэрыторыю. Людзей разварочваюць на мяжы і адпраўляюць назад
у Беларусь.