З затрыманым гендырэктарам "Уралкалія" сёння павінны сустрэцца расійскія дыпламаты

Прадстаўнікі пасольства РФ у Беларусі разлічваюць сёння сустрэцца з затрыманым у Мінску генеральным дырэктарам кампаніі "Уралкалій" Уладзіславам Баўмгертнерам, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар расійскага дыппрадстаўніцтва Уладзімір Марчукоў.



baumgertner_245.jpg

"МЗС Беларусі сёння будзе звязвацца са следчымі органамі і будзе вызначаны час сустрэчы. Я думаю, у другой палове дня сустрэча адбудзецца", — сказаў Марчукоў
Паводле яго слоў, у Мінск рэйсам з Масквы збіраліся прыляцець маці Баўмгертнера і яго адвакат. "Магчыма, яны ўжо прыляцелі, таму што меркавалася, што яны прыбудуць ранішнім рэйсам", — адзначыў прадстаўнік пасольства. 
Як паведамлялася раней, Міністэрства замежных спраў Беларусі 26 жніўня атрымала ноту пасольства Расіі ў сувязі з затрыманнем Уладзіслава Баўмгертнера. У ноце ўтрымліваецца просьба аб прадастаўленні доступу консульскіх супрацоўнікаў пасольства да затрыманага. "Гэтая нота перанакіравана ў Следчы камітэт. Консульскі доступ будзе ажыццёўлены ў адпаведнасці з дзейнымі пагадненнямі", — расказаў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных. 
Аб затрыманні Уладзіслава Баўмгертнера паведаміў 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі. У дачыненні да гендырэктара "Уралкалія", які з'яўляецца старшынёй назіральнага савета ЗАТ "Беларуская калійная кампанія", а таксама члена назіральнага савета ЗАТ "БКК" Алега Пятрова, першага намесніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка гендырэктара па фінансах Ігара Яўстратава, начальніка фрахтовага аддзела Дзмітрыя Самойлава і іншых асоб распачаты справы па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Падставай для гэтага сталі матэрыялы аб учыненні імі яўных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, што пацягнула нанясенне істотнага ўрону дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ "Беларуськалій" і ЗАТ "БКК".
Учора высветлілася, што Баўмгертнер знаходзіўся у Беларусі па запрашэнні кіраўніка беларускага ўрада. Начальнік упраўлення па сувязях з грамадскасцю "Уралкалія" Аляксандр Бабінскі паведаміў, што акрамя Уладзіслава Баўмгертнера ў Мінск запрашаліся старшыня савета дырэктараў "Уралкалія" Аляксандр Валошын і акцыянер кампаніі Сулейман Керымаў. Беларускі бок прапаноўваў разгледзець пытанні, звязаныя з працай ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК). Валошын і Керымаў прыехаць на сустрэчу не змаглі. 
Затрыманне Баўмгертнера, якое адбылося ўжо пасля перамоў, ва "Уралкаліі" расцэньваюць як "грубую правакацыю", заявіў Бабінскі.

Марына Носава, БелаПАН