«Выключна для ўнутранага карыстання»

У рэдакцыю трапіў даклад Палітычнага дэпартамента Еўрапарламента, прысвечаны цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. Прапануем кароткі аналіз дакумента, які, як пазначана на вокладцы, прызначаны выключна для ўнутранага выкарыстання. 



7d2954a4a5b45fea79d7e09039ffeeec.jpg

На самай справе, нічога архісенсацыйнага ў тэксце «Беларусь: Жалезны мост паміж ЕС і Расіяй» (аўтар Паскаль Дэ Міко) няма. Большасць фактаў, лічбаў, працэсаў, схемаў і структур, апісаных у дакладзе, вядомая беларускай аўдыторыі. Тым не менш знаёмства з працай Дэ Міко будзе карысным, паколькі як мінімум дазваляе лепш зразумець, як бачаць у Брусэлі стан краіны, айчынных палітычных актораў, сцэнары развіцця сітуацыі, у тым ліку ў кантэксце блізкіх прэзідэнцкіх выбараў.

18-старонкавы дакумент складаецца з 6 частак. У першай аўтары ставяць перад сабой пытанне, адказ на якое па-сутнасці шукаюць на працягу наступных старонак. Пытанне гучыць так: «Ці сапраўды нешта мяняецца ў апошняй дыктатуры Еўропы?» Кажучы простай мовай, еўрааналітыкаў турбуе, ці можна трактаваць дыстанцыяванне Мінску ад агрэсіўнага курсу Крамлю ва Украіне як крок, які, у сваю чаргу, таксама можа паўплываць на ўнутраную палітыку рэжыму?

Такая пастаноўка пытання выглядае трошкі забаўнай, з улікам памераў прысутнага ў рапарце блоку, прысвечанага наступствам Плошчы 2010 года. Еўрапалітыкі, падаецца, дасюль не адышлі ад шоку, які выклікала тагачасная зачыстка. Акрамя таго, яны не могуць прабачыць сабе, што Мінск перад самым хапуном развёў іх на крэдыт. Увогуле, як гаворыцца ў дакла­дзе, пасля 2010-га спатрэбілася тры гады, каб тыя ж міжнародныя фінструктуры аднавілі з Беларуссю нейкі дыялог.

Нават без успамінаў пра трагічныя падзеі 2010-га, зроблены на старонках дакладу экскурс у розныя галіны беларускага жыцця яскрава даводзіць: геапалітычныя зігзагі АГЛ слаба адбіліся на ўнутрыпалітычных трэндах. Частка дакладу, якая тычыцца грамадзянскіх правоў і свабод, багатая на звыклыя словы пра арышты, фальсіфікацыі, забароны, стварэнне прававой базы для крыміналізацыі СМІ, спробы кантролю інтэрнэту. Праўда, часам ёсць нешта новае. Напрыклад, уразіў замежнікаў хапун падчас Чэмпіянату свету па хакею — 104 адміністратыўныя справы і 28 фактычна прэвентыўных арыштаў.

Дарэчы, у дакладзе звяртаецца ўвага на цікавую і малавядомую з’яву. Калі верыць Паскалю Дэ Міко і яго калегам, зараз у Мінюсте адбываецца імклівая рэгістрацыя падкантрольных уладзе фіктыўных няўрадавых арганізацый. Гэта можна разглядаць як падрыхтоўку глебы да імпарту вопыту Азербайджана, дзе, паводле статыстыкі, існуе вялікая колькасць грамадзянскіх праектаў, якія пры бліжэйшым аналізе аказваюцца інтэграванымі ў дзяржструкутры.

Адзіным дасягненнем беларускай супольнасці, агучаным у дакладзе, ёсць удзел яе прадстаўнікоў у працы грамадскай секцыі камісіі, якая займаецца Балонскім працэсам.

Татальны негатыў, што пануе ў раздзелах, якія апісваюць грамадска-палітычнае жыццё Беларусі, не кампенсуецца і аналізам эканомікі. Калі верыць дакладу, у 2011 годзе наша гаспадарка ўвогуле стаяла на мяжы калапсу, ад чаго яе выратаваў толькі аператыўны расійскі крэдыт. Праўда, з 2013-га нашу стабільнасць зноў пачало ліхаманіць, індыкатарам чаго стала скарачэнне ЗВР удвая літаральна за два гады. Паводле рапарту, выхад з рэцэсіі прытармозіць імплементацыя нормаў Еўразійскага эканамічнага саюза, якая ў тым ліку негатыўна паўплывае на гандаль з ЕС. У любым выпадку, апакаліпсічных сцэнараў для беларускай эканомікі аўтары дакументу не разглядаюць. Па іх падліках, у гэтым годзе Масква рознымі шляхамі ўкачае ў нашу эканоміку каля мільярда долараў, што дазволіць краіне неяк пратрымацца і далей.

Адносіны па лініі Мінск—Масква ў працы Паскаля Дэ Міко — адна з самых значных тэмаў. Тыя, хто пісаў даклад, так і не могуць даць ім канчатковую ацэнку з улікам абсалютна супярэчлівай фактуры. З аднаго боку, асуджэнне Мінскам анексіі Крыму і прыняцце закону супраць «зялёных чалавечкаў». З другога боку, санкцыя беларускай улады на размяшчэнне ў краіне ў наступным годзе новай авіябазы РФ. Тым не менш, перамагае думка, што беларуская афіцыйная эліта напужаная імперскімі амбіцыямі ў Крамлі. Маючы ў дадатак патрэбу ў крэдытах, кіраўніцтва дзяржавы будзе імкнуцца адбудаваць сталы інстытут дыялогу з Захадам.

Рэзюмэ дакладу: каб падтрымаць гэтыя імкненні, надаць ім імпульс, Еўропа павінна пашы­рыць супрацоўніцтва ў рамках таго ж Усходняга партнёрства. Аднак пры гэтым палітычнай адлігі ў адносінах з РБ, калі сыходзіць з высноў аўтараў дакладу, пакуль не намячаецца. Тут, безумоўна, прынцыповым застаецца наяўнасць палітвязняў і часткова адсутнасць усялякай апазіцыі ў парламенце.

Нарэшце, што тычыцца хуткіх прэзідэнцкіх выбараў. У дакладзе Дэ Міко пра іх згадваюць літаральна пару разоў, і тое мімаходзь. Апатыя да выбараў можа сведчыць як і пра адсутнасць у Брусэлі ілюзій наконт іх вынікаў, так і пра нежаданне дражніць Маскву сваёй негалоснай падтрымкай нейкіх кандыдатаў. Аўтары дакладу дапускаюць, што Масква можа павялічыць ціск на Лукашэнку з-за ўзятай Пуціным стратэгіі — умешвацца ў справы ўсіх краін былога СССР. Хаця, на думку аўтараў тэксту, гэта яшчэ не горшы варыянт. У дакуменце не выключаюць, што ў выніку эскалацыі канфлікту ва Украіне на тэатры вайсковых дзеянняў можа паўстаць яшчэ і беларускі фронт.