Беларусь і Еўрасаюз працягваюць працу над пагадненнем аб палягчэнні візавага рэжыму

Раней прадстаўнікі Латвіі, якая старшынюе ў ЕС у першым паўгоддзі 2015 года, заявілі аб тым, што латвійскі бок спадзяецца на парафіраванне гэтага пагаднення да канца свайго старшынства.



belarus_es658.jpg

"Перамовы блізкія да завяршэння, але па-ранейшаму ёсць шэраг тэхнічных момантаў, якія маюць патрэбу ва ўзгадненні, — сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. —... Праца працягваецца. Пакуль ніякіх часовых рамак я б не ставіў. Мы заўсёды казалі пра тое, што прывязка да якіх-небудзь дат — не самы добры арыенцір. Нам важна якасна вырашыць усе пытанні ўзаемапрымальным чынам".


Нагадаем, 22 траўня пасля саміту Усходняга партнёрства ў Рызе кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей заявіў журналістам, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі не было парафіравана ў рамках форуму не па віне Беларусі. "Мы працавалі з Еўрасаюзам над пытаннем заключэння пагадненняў, — сказаў ён. — ... Гэта была ініцыятыва нашага прэзідэнта. Было праведзена некалькі кансультацый. Мы дастаткова паспяхова прасунуліся па пытаннях заключэння гэтых пагадненняў. І магу сказаць, што фактычна мы знаходзімся блізка да фінальнай стадыі".

Па словах Макея, беларускі бок па просьбе еўрапейскіх партнёраў нават пачаў працэдуру ўнутранага ўзгаднення гэтых дакументаў для таго, каб праверыць, наколькі яны адпавядаюць нацыянальным інтарэсам. "Але на нейкім этапе нашы партнёры знайшлі нейкія тэхнічныя зачэпкі, якія не дазволілі нам выйсці на парафіраванне гэтых пагадненняў на гэтым саміце, — адзначыў Макей. — Таму мы працягваем працу над імі, дамовіліся, што эксперты будуць сустракацца. Паверце, гэта абсалютна не па нашай віне".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН