Вось такое «супрацоўніцтва». Стала вядома, хто рыхтаваў план паглынання Беларусі Расіяй
План па паглынанні Беларусі Расіяй да 2030 года рыхтавалі ва Упраўленні прэзідэнта РФ па прыгранічным супрацоўніцтве. У яго распрацоўцы таксама бралі ўдзел супрацоўнікі ГРУ, Генштаба УС РФ, Службы замежнай разведкі і 5-й службы ФСБ, паведамляе цэнтр «Дасье».
Краінамі блізкага замежжа ў еўрапейскім кірункам займаецца спецыяльны аддзел Адміністрацыі прэзідэнта Расіі — Упраўленне прэзідэнта па прыгранічным супрацоўніцтве. Яно ўмешваецца ў палітыку Беларусі, Малдовы і краін Балтыі. Курыруе ведамства Дзмітрый Казак.
У 2018 годзе Дзмітрый Казак быў прызначаны спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі па развіцці гандлёва-эканамічных адносін з Малдовай. Яму прыпісвалі так званы «мемарандум Казака» — план рашэння прыднястроўскага канфлікту праз федэралізацыю, які так і не быў падпісаны ў 2003 годзе.
Кіруе ўпраўленнем прэзідэнта РФ па прыгранічным супрацоўніцтве Аляксей Філатаў. Раней ён прадстаўляў інтарэсы Крамля ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, а яшчэ курыраваў гуманітарнае і палітычнае ўзаемадзеянне з «ДНР» і «ЛНР».
Стварыць стратэгію па паглынанні Беларусі аддзелу Філатава даручылі літаральна за некалькі месяцаў да падпісання дэкрэта Саюзнай дзяржавы, які зацвердзіў тыя самыя 28 праграм па інтэграцыі. Канчатковы прадукт быў прадстаўлены Казаку восенню 2021 года. Распрацоўкай дакумента займаліся супрацоўнікі Упраўлення па прыгранічным супрацоўніцтве Сяргей Маленка і Вадзім Палішчук. Яны не простыя чыноўнікі.
Напрыклад, Сяргей Маленка быў даверанай асобай Уладзіміра Пуціна падчас прэзідэнцкіх выбараў 2012 года, будучы выканаўчым дырэктарам Цэнтра сацыяльна-кансерватыўнай палітыкі ў Прыволжскай федэральнай акрузе. Праз тры гады Маленку прызначылі кіраваць адным з дэпартаментаў ва ўпраўленні Адміністрацыі прэзідэнта па сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве з дзяржавамі — удзельнікамі СНД, рэспублікамі Абхазія і Паўднёвая Асеція. Пазней аддзел пераўтварылі ва ўпраўленне па прыгранічным супрацоўніцтве. У ім ён узначальвае дэпартамент супрацоўніцтва па інтэграцыйных праектах.
Вадзім Палішчук — старшы дарадца Маленкі. У 1980-х ён служыў у дыслакацыі 309-га Цэнтральнага радыёпеленгацыйнага вузла сувязі ГРУ, затым падаўся ў журналістыку і толькі потым — у Адміністрацыю прэзідэнта.
Яшчэ адзін стваральнік стратэгіі з Адміністрацыі прэзідэнта — Вадзім Смірноў. Ён кіруе дэпартаментам ва Упраўленні прэзідэнта па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі.
У распрацоўцы дакумента ўдзельнічалі і супрацоўнікі ГРУ. У працу быў уцягнуты начальнік беларускага кірунку Андрэй Грэшнікаў. У 2016 годзе поўны цёзка Грэшнікава працаваў першым сакратаром пасольства Расіі ў Беларусі.
Над праектам таксама папрацавалі Генштаб УС РФ, Служба знешняй разведкі і 5-я служба ФСБ, якая праславілася аперацыямі па ўмяшанні ў справы замежных краін. У СЗР беларускі кірунак курыруе Уладзімір Круглякоў, а ў ФСБ — Аляксандр Стрэльнікаў.
Суразмоўца партнёраў «Дасье» па расследаванні ўпэўнены, што змест «Стратэгічных мэтаў Расійскай Федэрацыі на беларускім кірунку» выглядае праўдападобна і дакумент варта разглядаць усур'ёз. «Гаворка ідзе аб стварэнні “Вялікай Расіі” — Саюзнай дзяржавы з Украінай і Беларуссю», — патлумачыў ён. Пуцін жа, у сваю чаргу, ніколі не рабіў сакрэту з ідэі «Вялікай Расіі».
З яго пазіцыяй згодны амбасадар ЗША ў АБСЕ Майкл Карпэнтэр.
«Мэты Расіі ў дачыненні да Беларусі тыя ж, што і ў дачыненні да Украіны, толькі ў выпадку з Беларуссю Расея абапіраецца на прымус, а не на вайну», — сказаў ён.
У размове з Yahoo News сталы прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісліца патлумачыў, што Беларусь дэ-факта ўжо з'яўляецца расійскай калоніяй, а расійскае ўварванне ва Украіну не пакінула Лукашэнку ніякіх варыянтаў.
«У Беларусі будзе больш шанцаў на дэкаланізацыю, калі Украіна выйграе вайну», — падсумаваў Кісліца.