Сакрэтны дакумент Крамля: Расія хоча захапіць Беларусь да 2030 года
Масква, відаць, плануе да 2030 года таемны захоп Беларусі. Прынамсі, пра гэта сведчыць дакумент Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, які атрымалі журналісты.

Фота: unian.net
Як распавядае нямецкае выданне «Focus.de», журналісты атрымалі доступ да ўнутранага дакумента расійскіх улад пад назвай «Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі ў Беларусі». Згодна з ім, Расія збіраецца да 2030 года акупаваць Беларусь. У расследаванні ўдзельнічаў кансорцыум журналістаў з «Süddeutsche Zeitung», «WDR», «NDR», «Yahoo News», «Delfi Eesti», цэнтра «Дасье», «Expressen», «Independent», «Frontstory», Беларускага расследавальніцкага цэнтра і «VSquare».
Дакумент датуецца летам 2021 года і змяшчае 17 старонак. У
ім пералічаны палітычныя, абаронныя, гандлёвыя і сацыяльныя мэты расійскіх улад у Беларусі. Яны падзелены на тры катэгорыі — кароткатэрміновыя (да 2022 года),
сярэднетэрміновыя (да 2025 года) і далёкатэрміновыя (2030 год).
У дакуменце разгледжана ўсё, што звязана з аб'яднаннем
краін, сцвярджаюць журналісты. Напрыклад, у ім гаворыцца, што рэформа
Канстытуцыі, якую прынялі ў Беларусі на так званым рэферэндуме ў лютым 2022 года, павінна быць завершана
ў адпаведнасці з расійскімі інтарэсамі, а законы Беларусі мусяць быць «гарманізаваны»
з законамі РФ.
Яшчэ адной мэтай з'яўляецца «забеспячэнне пераважнага ўплыву
Расійскай Федэрацыі ў галіне сацыяльнай палітыкі, гандлю, эканомікі, навукі,
адукацыі і культуры».

Акрамя гэтага, расійскія ўлады збіраюцца спрасціць працэдуру
выдачы расійскіх пашпартоў беларускім грамадзянам «з мэтай стварэння праслойкі
расійцаў, зацікаўленых у інтэграцыі, і бізнес-колаў, арыентаваных на расійскі
рынак» — такую стратэгію яны выкарыстоўвалі ў Паўднёвай Асеціі, Абхазіі,
а таксама ў акупаванай частцы Украіны. Таксама да 2030 года плануецца адкрыць у
Беларусі пункты здачы АДЭ (ЕГЭ).
Знешнія эксперты, якія па просьбе журналістаў таксама вывучылі дакумент, лічаць яго
сапраўдным. «Па сваёй знешняй форме дакумент нагадвае стандартны дакумент
расійскай бюракратыі або палітычнага кіравання», — сказаў намеснік дырэктара
Стакгольмскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў (SCEEUS) Марцін Краг.
Такое ж меркаванне выказалі прадстаўнікі заходніх
спецслужбаў, якім журналісты паказалі дакумент. «Змест дакумента абсалютна
праўдападобны і адпавядае таму, што мы таксама бачым», — пракаментаваў супрацоўнік выведкі, які не пажадаў называцца. Эксперты адзначылі, што стратэгічны дакумент варта разглядаць як частку больш буйнога плана Пуціна па стварэнні новай Вялікай Расійскай імперыі.
«Мэты Расіі ў дачыненні да Беларусі тыя ж, што і ў дачыненні да Украіны. Толькі ў Беларусі РФ разлічвае на прымус, а не на вайну. Яе канчатковай мэтай па-ранейшаму з'яўляецца масавая інкарпарацыя», — заявіў Майкл Карпентэр, амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
У матэрыяле таксама прыводзяцца словы дарадцы Святланы Ціханоўскай Франака Вячоркі, які лічыць, што «беларускі план [Масквы] — гэта план, які таксама можна ўжыць да Казахстана, Арменіі, Малдовы».