«Галоўнай умовай для вяртання ў Беларусь з'яўляецца змена рэжыму»

Беларусы, якія з’ехалі за мяжу, пераважна не вераць «камісіі па вяртанні збеглых». Большасць з гэтых «збеглых» ужо адаптавалася ў іншых краінах і вяртацца не збіраецца — прынамсі, пакуль на радзіме існуе рэжым Лукашэнкі, а Беларусь з’яўляецца саўдзельніцай у вайне.

_szkola___adukacyja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo.jpg


«Салідарнасць» пагутарыла з некалькімі беларусамі, якія з’ехалі за мяжу пасля 2020 года, каб даведацца, пры якіх умовах яны хочуць вяртацца ў Беларусь.


«Ад пераезду набыў больш, чым страціў»

Аляксею (імя зменена па просьбе героя), яшчэ нядаўна жыхару Баранавічаў, 37 гадоў. З Беларусі мужчына вымушаны быў з'ехаць у студзені 2021 года, пасля ператрусу ў яго кватэры. У Варшаве мужчына падаўся на міжнародную абарону і пасля станоўчага адказу адкрыў свой бізнес у сферы будаўніцтва.

— Першы год пасля пераезду вельмі цягнула дадому, а цяпер вяртацца не хачу, нават калі ўлада зменіцца. Але мне хацелася б мець магчымасць прыязджаць у Беларусь, галоўнай умовай для гэтага з'яўляецца змена рэжыму.

У будучыні хацелася б схадзіць на судовыя працэсы ў дачыненні да супрацоўнікаў сілавых органаў, якія збівалі людзей. У 2020 годзе я быў валанцёрам і бачыў, як некаторыя з іх хваліліся сваімі «заслугамі».

Аляксей падкрэслівае: створанай Лукашэнкам камісіі ён не верыць і адпраўляць туды запыт не збіраецца. Па словах Аляксея, пасля пераезду на яго «выходзілі супрацоўнікі міліцыі», прапаноўвалі супрацоўніцтва — распавядаць, як паводзяць сябе актывісты апазіцыі ў Варшаве. Узамен гэтай інфармацыі мужчыну абяцалі «не чапаць у Беларусі», але ён адмовіўся.

— Як бы хто ні хацеў вярнуцца, на радзіме, з вялікай доляй верагоднасці, гэтых людзей прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Сярод маіх работнікаў у будаўнічай фірме быў чалавек, які перыядычна ездзіў з Польшчы ў Беларусь. Там ён камусьці сказаў, што працуе са мной, праз што яго адвезлі ў КДБ і сем гадзін дапытвалі.

Аляксей дзеліцца, што ад пераезду ў Варшаву больш набыў, чым страціў:

— Калі я пачынаў свой бізнес у сферы будаўніцтва ў Беларусі, а гэта быў 2005-2006 год, усё было вельмі нядрэнна: працавалі некалькі брыгад, мы нармальна зараблялі. Затым з кожным годам ішоў у нуль, не развіваўся.

Тут я бачу перспектывы для працы: свабодная канкурэнцыя, няма кумаўства.


«Не думаю, што бізнес-клімат у Беларусі зменіцца ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі»

Мікіту з Мінска 29 гадоў, цяпер мужчына жыве ў Барселоне і працуе ў сферы IT. Першы раз ён з'ехаў з Беларусі ў пачатку 2021 года — пасля затрымання сябра па крымінальнай справе. Тады мужчына жыў ва Украіне некалькі месяцаў, але, калі зразумеў, што яму нічога не пагражае дома, вярнуўся ў Мінск.

— У лютым мінулага года мы з жонкай з'ехалі ў адпачынак, дзе сустрэлі навіну пра пачатак вайны Расіі супраць Украіны. Тады мы вырашылі не вяртацца ў Беларусь.

Праз год у эміграцыі мужчына прызнаецца, што больш за ўсё сумуе па сябрах і сваяках, якія засталіся ў Беларусі. Знайсці новае кола зносін у іншай краіне — няпроста.

Пры гэтым Мікіта адзначае, што ў Барселоне вялікая рускамоўная дыяспара: усе дапамагаюць адзін аднаму парадамі, таму адаптавацца няцяжка.

Галоўнай умовай свайго вяртання ў Беларусь суразмоўца называе заканчэнне вайны ва Украіне і змену рэжымаў у Расіі і Беларусі. Пры гэтым, прызнаецца ён, не хацеў бы вяртацца на радзіму назаўжды.

— Я заўважыў, што вялікая колькасць кампаній у Беларусі пачалі закрывацца. На мой погляд, перадумоў, па якіх людзі пачалі б зноў інвеставаць у нашу краіну, няма. Таму перспектыў, каб знайсці добрую працу ў Беларусі ў бліжэйшы час не бачу. Гэта будзе доўгі працэс. Не думаю, што бізнес-клімат у Беларусі зменіцца ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg


«Мы хочам вярнуцца ў Беларусь, але спачатку — вызваленне палітычных зняволеных і сыход Лукашэнкі»

Аліна і Аляксандр (імёны зменены па просьбе герояў) пераехалі з Гродна ў Вільню. У Беларусі ў мужа і жонкі засталася кватэра і хутар, якія яны набылі не так даўно.

— Вядома, мы б хацелі вярнуцца дадому. Хоць бы мець магчымасць прыязджаць. Пакуль што жыццё ў Вільні складваецца добра, але гэта дзякуючы беларусам, якія таксама былі вымушаны эміграваць, — дзеліцца Аляксандр. — Больш за ўсё я сумую па хаце, асабліва летам. Тут не так шмат месцаў на прыродзе, куды можна паехаць, зняць домік, да таго ж гэта вельмі дорага.

Галоўнай умовай вяртання ў Беларусь Аляксандр называе вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Яго жонка дадае: і сыход Лукашэнкі.


«Прыязджаю ў Беларусь і думаю: хутчэй бы адсюль з'ехаць»

Андрэю (імя зменена па просьбе героя) 29 гадоў, ён з Мінска, але цяпер жыве ў Варшаве. Мужчына не пераехаў у Польшчу на сталае жыхарства, але таксама захацеў падзяліцца сваёй гісторыяй.

— Я перыядычна з'язджаю з Беларусі, потым вяртаюся назад — гэта звязана з працай у сферы турызму. З-за палітычнай абстаноўкі ў нашай краіне мне не хочацца там знаходзіцца вялікую колькасць часу. Пры вяртанні ёсць рызыка, што ў нейкі момант можна атрымаць позву, а потым быць адпраўленым на вайну, а мне гэтага не хочацца. Калі б у мяне была магчымасць працаваць аддалена, то дакладна не заставаўся б у Беларусі. Краіна зачыняецца ад усіх, у крамах скарачаецца выбар прадуктаў.

Цяпер мужчына навучаецца праграмаванню, паколькі сферу турызму лічыць «рызыковай» у Беларусі на гэты момант. А яшчэ ў 2020 годзе ён быў асуджаны паводле адміністрацыйнага артыкула за ўдзел у мітынгу, і цяпер, калі знаходзіцца ў Беларусі, яго не пакідае пачуццё страху: «Вяртацца на радзіму, калі б не фактар асцярогі за сваю бяспеку, было б лягчэй».

Пераклад «НЧ»