Вольга Кавалькова: На праймерыз ад БХД я пакуль прайграю Паўлу Севярынцу. Але я ж лепшая за яго!

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова паведаміла ў фэйсбуку, што арганізацыя папярэдне вызначыла свайго кандыдата для патэнцыйнага ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі-2020. Гэты чалавек будзе прымаць удзел у праймерыз у межах правацэнтрысцкай кааліцыі (Рух «За Свабоду», АГП і БХД).

kavalkova_1.jpg

Па выніках галасавання першае месца заняў Павел Севярынец, другое — Вольга Кавалькова.
Аднак Кавалькова не здаецца. Яна тлумачыць, што канчатковае рашэнне БХД прыме пазней, і просіць падтрымаць менавіта яе.
«Я лічу, што Павал годны чалавек, але пропаведзь і палітыка — гэта зусім розныя рэчы.
Як хрысціянка, я лічу, што задача хрысціянска-дэмакратычнай партыі — не навязваць усім сваё погляды, а служыць людзям. Упэўненая, што на аснове хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў у нашым грамадстве найбольш камфортна будзе сябе адчуваць і атэіст, і хрысціянін і чалавек іншай канфесіі. Таму што толькі хрысціянства прынесла ў гэты свет абсалютную павагу да чалавечай асобы. Хрыстос памёр не толькі за вернікаў, але і за грэшнікаў. Галоўная місія і задачы палітычнай партыі — прапанова праектаў законаў на аснове хрысціянска-дэмакратычных прынцыпаў. Пропаведзю і місіяй павінны займацца цэрквы і хрысціянскія арганізацыі. Палітыкі павінны ствараць умовы для іх вольнага існавання», — піша Кавалькова.
Напрыканцы зварота Кавалькова просіць падтрымаць яе ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты. На яе думку кампанія-2020 будзе вызначальнай для Беларусі.
Паводле Нашай Нівы