Вяртанне адзінага народа

Ключавыя словы Паслання–2011 — “інавацыі і “адмарозкі.

Такое спалучэнне не з’яўляецца выпадковым.

Ключавыя словы Паслання–2011 — “інавацыі і “адмарозкі.
Такое спалучэнне не з’яўляецца выпадковым.

Стратэгія–2012, распрацаваная ў Цэнтры еўрапейскай трансфармацыі Таццянай Вадалажскай і Андрэем Ягоравым, прадугледжвае пераход “ад дыялога ўнутры дэмакратычных сіл да дыялога з рэжымам. Для такога пераходу першы дыялог, прынамсі, павінен існаваць у прыродзе. За апошнія гады я неаднаразова прыкладаў намаганні адшукаць яго ўдзельнікаў, і кожны раз яны заканчваліся нічым. Мае ж асабістыя ініцыятывы ў партыйным асяроддзі заўсёды сустракалі неразуменне. Прывяду два прыклады.
Некалькі гадоў таму я прапанаваў Партыі БНФ звярнуцца да грамадства з пасланнем. Ініцыятыва караецца. Сам унёс такую прапанову, самому давялося яго і пісаць. Удзельнічаць у папярэднім абмеркаванні тэзаў паслання ахвотнікаў не знайшлося. Зразумела, што падрыхтаваны мной дакумент не мог быць апублікаваны без сур’ёзнага рэдагавання, для чаго неабходна было арганізаваць унутрыпартыйны дыялог… Думаю, каментаваць шматкроп’е не мае сэнсу.
Другі прыклад. Яшчэ да таго, як мне ўдалося азнаёміцца са Стратэгіяй–2012, я звярнуўся да кіраўніцтва роднай партыі (АГП) з прапановай абмеркаваць задачы партыі ва ўмовах, што склаліся пасля 19 снежня. Але замест шырокага дыялога атрымаліся дзве працоўныя сустрэчы “ў цесным коле абмежаваных людзей, на якіх адбыўся абмен рэплікамі.
Пра божы дар і яечню

Пакуль прыхільнікі дзвюх узаемавыключальных стратэгій (байкоту і дыялога) спрабавалі данесці да грамадства свае аргументы, караван рэжыму вярнуўся на пракладзеную сцежку, што мудрагеліста віхляе сярод эканамічных і сацыяльных барханаў. “Большасць і “меншасць расколатага беларускага грамадства, мяркуючы па тэксце паслання, знікла, нібы міраж, нездарма ж тэкст быў апублікаваны пад загалоўкам “Мы — единый народ!
Прызнаюся, я меркаваў, што пасля таго, як “адзіны палітык (АП) сказаў “А, афіцыйна прызнаўшы наяўнасць у беларускім грамадстве “меншасці, ён будзе змушаны сказаць і “Б. Пераход да другой літары алфавіту азначаў бы прызнанне за “меншасцю ўласных інтарэсаў. Разважаючы па дадзенай логіцы, варта было б чакаць вымаўлення наступнай літары, ад якой рукою дастаць і да прызнання за нейкай палітычнай сілай права на выказванне інтарэсаў “меншасці, частка якога, паводле разлікаў самога АП, складае 20%.
Я не настолькі наіўны, каб паверыць у магчымасць АП прызнаць прадстаўнікоў партыйнай апазіцыі ў якасці выразнікаў інтарэсаў “меншасці. Я ўсяго толькі меркаваў, што ва ўмовах імітацыйнай дэмакратыі пытанне пра такое прадстаўніцтва будзе вырашана ў імітацыйным ключы. Былі б грошы, а са знаходжаннем палітычных акцёраў праблем не паўстане. Але я памыліўся.
Наяўнасць “адзінага палітыка ў краіне азначае адсутнасць палітыкі як такой. Звернемся да тэксту паслання: “Считаю, что единение нации — в ее созидательной активности при построении сильного и процветающего государства, в сплоченности всех и каждого вокруг национальных ценностей и идеалов. Тая ж думка, але іншымі словамі: “У нас есть свои идеалы! У нас есть свои цели! Мы — единый народ!
Палітыка, з пункту гледжання азбукавых паліталагічных уяўленняў, існуе ў тым ліку і для фармавання грамадскіх ідэалаў і мэт. Без дыялога тут не абысціся, таму што сучасныя грамадствы досыць складана ўладкаваныя. Аднак “построение сильного и процветающего государства не можа выступаць у якасці канчатковай мэты палітычнага дыялога. Не варта блытаць божы дар з яечняй. Сучасная дзяржава з’яўляецца не мэтай, а ўсяго толькі сродкам. Мэта ж — асоба, нават грамадства на ролю мэты даўно ўжо не цягне.
У катэгорыях сілавога супрацьстаяння
Там, дзе дзяржава ўспрымаецца большай часткай грамадства ў якасці мэты, няма ні сучаснай дзяржавы, ні сучаснага грамадства. Любы апанент такой дзяржавы — “отморозок па вызначэнні. З лёгкай рукі АП, айчынных “отморозков, якія аб’ядналіся разам, сёння прынята называць “пятай калонай. Звернемся за тлумачэннем да Вікіпедыі: “Пятая калона — (ісп. Quinta columna) — назва агентуры генерала Франка, якая дзейнічала ў Іспанскай рэспубліцы падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. У шырокім сэнсе — любыя таемныя агенты ворага (дыверсанты, сабатажнікі, шпіёны, правакатары, тэрарысты, агенты ўплыву).
Аўтарства тэрміна “пятая калона належыць франкісцкаму генералу Эміліа Мале. Наступаючы на Мадрыд, ён перадаў па радыё зварот да насельніцтва, у якім заявіў, што апроч чатырох армейскіх калон ён мае ў самой сталіцы яшчэ пятую калону, здольную ў вырашальны момант стукнуць з тылу.
Прыхільнікам Стратэгіі–2012 неабходна памятаць, што дзяржава-мэта з унутранымі апанентамі ў дыялог не ўступае. Такую дзяржаву не варта блытаць з еўрапейскім state, пазашлюбным дзіцём Рэнесансу, рэфармацыі і асветніцтва. State нараджаўся ў пакутах і ў дыялогу (у пакутах дыялогу), на які змушаны былі пайсці супрацьлеглыя бакі пасля завяршэння рэлігійных войнаў, што спусташалі Еўропу на працягу 150 гадоў.
Дзяржава-мэта — законнае дзіцё мілітарызацыі (выбудоўванне мірнага жыцця на ваенны ўзор). На сваім класічным этапе развіцця яно патрабавала поўнага падначалення інтарэсаў асобы інтарэсам Улады, што на практыцы рэалізоўвалася ў выглядзе прыгоннага права. Беларуская кантрактная сістэма — яго сучасны аналаг. Ад іншага атрыбуту прыгоннага права — прапіскі — рэспубліка пазбавілася толькі ў студзені 2008 года. Будаўніцтва мірнага жыцця на ваенны лад немагчыма без канцэнтрацыі рэсурсаў у руках дзяржавы. Абабраўшы першапачаткова падданых да ніткі, дзяржава атрымлівае магчымасць выступіць у ролі дабрадзея, раздаючы “па справядлівасці тое, што ёй не належыць.
Народжаная для вайны, дзяржава-мэта і сёння здольная ацэньваць унутраныя і вонкавыя працэсы выключна ў катэгорыях сілавога супрацьстаяння. У якасці прыкладу прывяду другі абзац паслання: “Анализируя произошедшее, конец прошлого года, начало этого, приходишь к выводу, что наше молодое суверенное государство, которое проводит самостоятельную внешнюю и внутреннюю политику, хотят “нагнуть, заставить плясать под чужую дудку. Беларусь подвергается массированному давлению. Сначала политические угрозы — неприятие результатов последней президентской кампании, списки невыездных, экономические санкции. Затем раздувание ажиотажа и паники на валютном и потребительском рынках с подачи разных “тутэйшых и зарубежных “аналитиков. Потом “пляска на костях в связи с событиями на станции метро “Октябрьская.
Што ў сухой рэшце?
Створаная для вайны, дзяржава-мэта не здольная функцыянаваць ва ўмовах міру. За прыкладам далёка хадзіць не трэба, досыць успомніць сумны фінал, што напаткаў “Союз нерушимый республик свободных. Са страшнай вайны, страціўшы каля 30 мільёнаў сваіх грамадзян, ён выйшаў у статусе Вялікай дзяржавы. Ва ўмовах “халоднай вайны ён першым запусціў чалавека ў космас, але распаўся ад марных спроб выканаць чарговую харчовую праграму.
Мірныя мэты адрозніваюцца ад мэтаў вайскоўцаў. Яны вызначаюцца на падставе іншых каштоўнасцяў і дасягаюцца іншымі сродкамі. Культуролагі любяць апераваць паняццем “ментальнасць. Калі культуру разумець як пазабіялагічны пакет праграм чалавечай дзейнасці, то ментальнасць адказвае за структураванне гэтага пакету. З яе дапамогай ажыццяўляецца выбар і камбінаванне пэўных праграм у зададзеных сітуацыях (ментальнасць — гэта тое, як мы думаем, а не тое, што мы думаем).
Адсюль зразумелая праблема чалавека, які сутыкнуўся з зусім новай для сябе сітуацыяй. Вельмі часта немагчымасць абраць з “запасніка адпаведную праграму прыводзіць да млоснасці і ванітаў. Кожны, хто азнаёміўся з тэкстам паслання, хутчэй за ўсё, звярнуў увагу на наступны эмацыйны фрагмент: “Накануне президентских выборов (помните, я уже говорил) мы додемократизировались до того, что не только вас, но и меня, человека, принимающего решения в этой части, подташнивало уже. Ну уже столько было “демократии (в кавычках), что просто тошнило...
Усё правільна, ад “демократии (в кавычках), якая нечакана звалілася падчас выбарчай кампаніі на нашы непадрыхтаваныя галовы, ванітавала шмат маіх знаёмых.
 Чалавек — не кампутар, сфармаваную ў дзяцінстве і юнацтве ментальнасць перазагрузіць не надта проста. Памятаеце абвешчаную яшчэ Леніным і з поспехам рэалізаваную на практыцы Сталінам тэорыю пра ўзмацненне класавай барацьбы падчас будаўніцтва сацыялізму ў асобна ўзятай краіне? Нешта падобнае мы зараз і назіраем. Для гэтага размешчаную ў геаграфічным цэнтры Еўропы рэспубліку давялося для пачатку ператварыць у “асобна ўзятую краіну. На сённяшні дзень рашэнне гэтай задачы ў цэлым завершана, нягледзячы на тое, што “нас хотят заставить быть такими, как все вокруг нас, как они, в конце концов.
А зараз крыху статыстыкі: слова “адмарозак у пасланні 2002 года было згадана адзін раз. У тэкст паслання 2006-га яно не патрапіла, мабыць, выпадкова. Затое сёння мы назіраем колькасны скачок — шэсць згадванняў!
Сталіну “пятая калона была патрэбна для згуртавання грамадства. Ён, як адзначыў у свой час Чэрчыль, “прыняў Расію з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай. У сялянскай краіне правесці ў сціслы тэрмін індустрыяльную мадэрнізацыю было магчыма, толькі ламаючы патрыярхальнае грамадства праз калена. Сёння Беларусь мае патрэбу ў мадэрнізацыі, але гэтым разам у постіндустрыяльнай. Таму “адмарозкі ў тэксце дакладу чаргуюцца з “інавацыямі (дзевяць згадванняў), і гэта арыгінальная сумесь густа запраўлена дысцыплінай. Менавіта дысцыпліна дазволіць беларусам (“русским со знаком качества) выкараніць “расхлябанность, нерасторопность, медлительность, боязнь принятия решений, бесхозяйственность.
Што мы атрымаем у сухой дысцыплінарнай рэшце? Мы атрымаем “решительный выход страны на уровень передовых европейских держав! Адзіны народ для выканання надзвычай маштабнай працы ёсць. Раскол, што намеціўся ў канцы снежня, за першы квартал 2011 года ліквідаваны.