Вядома імя новага Амбасадара Польшчы на Беларусі
Сёння стала вядома, хто будзе прызначаны на пасаду Амбасадара Рэспублікі
Польшча ў Беларусі. Ім будзе спадар Артур Міхальскі (Artur Michalski), былы
дырэктар Усходняга Дэпартамента МЗС.
Як паведамляе польскі партал PolskieRadio.pl, спасылаючыся на адказ на запыт у бюро прэс-сакратара Міністэрства замежных
спраў Рэспублікі Польшча, працэдура прызначэння пасла Рэспублікі Польшча ў
Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час на разглядзе. Кандыдатам на гэты пост
з'яўляецца Артур Міхальскі, былы дырэктар Усходняга Дэпартамента МЗС. На сёння
яго кандыдатура станоўча зацьверджана Камісіяй Замежных Спраў Сейма Польшчы у
якасці кандыдата на пасаду пасла ў Мінску. Рашэнне прынята на мінулым тыдні,
публічна агучана сёння. Міністэрства папярэджвае, што "працэдура
прызначэння Надзвычайных і Паўнамоцных Паслоў Польшчы складана і шматэтапна".
Да гэтага Артур Міхальскі з 11 кастрычніка 2012 года па 30 чэрвеня 2017
года працаваў Надзвычайным і Паўнамоцным
Паслом Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Малдова.
Артур Міхальскі нарадзіўся ў 1962 годзе ў Варшаве. Скончыў філасофскі факультэт
Акадэміі Каталіцкай Тэалогіі. Працаваў у каталіцка-грамадскім часопісе
"Лад", сферай яго інтарэсаў у асноўным быў рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Падчас
журналісцкай працы сачыў і апісваў працэсы дэмакратызацыі і барацьбы за
свабоду, вынікам якіх быў канец камунізму. Пісаў рэпартажы і ладзіў інтэрв’ю з
асобамі з Чэхаславакіі, Венгрыі, СССР, якія прымалі ўдзел у працэсе змен. У
выніку тых размоў і інтэрв’ю была напісана кніга: "На руінах таталітарызму
— размовы аб адраджэнні хрысціянства" (Na gruzach totalitaryzmu — rozmowy
o odradzaniu się chrześcijaństwa”).
У 1990 пачаў працу ў МЗС, працаваў як прэс-сакратар Амбасады ў Маскве.
Затым быў начальнікам расійскага аддзела ў Цэнтры Ўсходніх Даследаванняў, а
потым начальнікам расійскага аддзела ў Дэпартаменце Усходняй Еўропы МЗС.
Таксама быў прэс-сакратаром ў Амбасадзе ў Вашынгтоне. Працаваў у Дэпартаменце
Амерыкі, быў намеснікам амбасадара ў Канадзе.
Пасля завяршэння місіі ў Кішынёве працаваў дырэктарам усходняга
дэпартамента МЗС. Жанаты, мае траіх дзяцей.