Пяць галоўных зменаў у Крымінальны кодэкс, якія прапануе дзяржава

Hацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі апублікаваў праект зменаў у Крымінальны кодэкс. Дакумент падрыхтаваны Саветам міністраў і ўнесены на разгляд у парламент. Пэўныя яго нормы яшчэ могуць быць скарэктаваныя.

codex.jpg

«Наша Ніва» адабрала пяць галоўных зменаў у заканадаўства, прадугледжаных праектам.

«Дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі»

…будзе нарэшце дэкрыміналізаваная. Абсурдная норма, па якой многія маладафронтаўцы атрымалі рэальныя тэрміны, будзе пераведзена з крымінальнага кодэкса ў адміністратыўны.
Гэта была адна з настойлівых просьбаў Еўрасаюза.
Максімальнае пакаранне будзе складаць 50 базавых велічыняў, але калі прызнаеш віну — усяго 0,5 базавай.

Змякчэнне наркатычных артыкулаў

Як і анансавалася, адказнасць за распаўсюд наркотыкаў можа быць зменшаная, але не надта моцна. Раней за гэта саджалі ад 5 да 8 гадоў, будуць — ад 3 да 8 гадоў. За дзейнасць у складзе групы было ад 8 да 15 гадоў, будзе — ад 6 да 15 гадоў. Калі раней прадугледжвалася магчымасць канфіскацыі маёмасці, то цяпер будуць абмяжоўвацца буйнымі штрафамі.

Здрада дзяржаве

Раней любога здрадніка маглі пасадзіць на 7-15 гадоў. Цяпер вайскоўцы і службоўцы вынесены ў асобную катэгорыі. Іх у выпадку здрады чакае 10-20 гадоў зняволення.

Давядзенне да самагубства

Раней пад гэту трактоўку трапляла жорсткае абыходжанне альбо сістэматычнае прыніжэнне гонару. Цяпер прапануецца значна пашырыць фармулёўку. Пад давядзеннем да самагубства будуць разумець пагрозы гвалту да ахвяры ці яго блізкіх, паклёп альбо разгалошванне сакрэтных звестак, калі яны прывялі да трагедыі.
Апроч таго, дадаецца новы артыкул «Прапаганда самагубства», выкліканы патрэбамі часу. Стваральнікі адпаведных суполак у сацсетках змогуць быць пакаранымі абмежаваннем свабоды на тэрмін да двух гадоў. Калі ж да іх «парадаў» нехта прыслухаўся, то можа свяціць рэальны турэмны тэрмін да 5-6 гадоў.

Следчыя дзеянні без панятых

Прадугледжваецца магчымасць праводзіць следчыя дзеянні без ўдзелу панятых. Але абавязковая ўмова — няспыннае вядзенне аўдыя- і відэазапісу.
* * *
Кожнаму ахвотнаму прапануецца пакідаць свае прапановы па ўдасканаленні зменаў у Крымінальны кодэкс.