«Вагнер» для ўнутранага карыстання

Гісторыя з чальцамі ПВК «Вагнер», якія былі затрыманыя ў Беларусі, выглядае на пастановачны сюжэт вельмі дрэннага дэтэктыва. Дзірак у ёй — як у справе «Белага Легіёну». Разбярэм яе па пунктах.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява

Як вызначыць «баевіка»?

Першае. Удзень 29 ліпеня БелТА паведаміла, што ў Беларусі затрымалі «32 баевіка замежнай прыватнай ваеннай кампаніі. Акрамя таго, яшчэ адзін чалавек быў знойдзены і затрыманы на поўдні краіны». Пасля высветлілася, што гэта былі чальцы знанай расійскай ПВК «Вагнер», у іх не было зброі, але яны хадзілі групай у камуфляжных строях — але гэта было «пасля».

Што найперш бянтэжыць у гэтай сітуацыі? Персанальна мяне — слова «баевікі». З чаго дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва адразу, з першага сказу загалоўка накінула на людзей цэтлік? З чаго ўвогуле яны ўзялі, што гэта былі «баевікі»? Толькі таму, што людзі ходзяць у камуфляжы?

У мяне ў пад’ездзе сусед па жыцці апранаецца ў стылі «мілітары». Але ён — прамысловы альпініст. Нядаўна яго моду пераняў яшчэ адзін сусед — кіроўца грузавіка. Ці магу я цяпер сказаць, што ў мяне ў пад’ездзе база баевікоў?

Форма адзення — яшчэ не прыкмета таго, што гэтыя людзі — «баевікі».

Другое. Паводле паведамлення БелТА са спасылкай на неназваныя «праваахоўныя органы», сілавікамі «была атрыманая інфармацыя аб прыбыцці на тэрыторыю Беларусі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі». Між тым, было паказана, што Следчы камітэт у дачыненні да «турыстаў» праводзіць «праверку».

Калі СК «праводзіць праверку» (заўважце — не расследаванне, а проста праверку), адкуль БелТА ўзяла, што група прыбыла менавіта «для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі»? Зразумела, што нашым дзяржаўным СМІ невядомае такое паняцце, як «прэзумпцыя невінаватасці», і яны ўжо не раз не грэбавалі беспадстаўнымі абвінавачваннямі. Але, калі я чую пра «дэстабілізацыю абстаноўкі», я ўвесь час узгадваю «тэрарыста, які ўзарваў метро» Канавалава. На судзе ён тлумачыў свае матывы адной фразай, паўтараў яе, як заведзены: «з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі». І нават не мог патлумачыць, што ён разумее пад «дэстабілізацыяй абстаноўкі».

Шмат хто не верыць у вінаватасць Канавалава менавіта з-за гэтага. Людзі так не размаўляюць.

Канешне, цяпер і сілавікі кажуць: нібыта затрыманыя прызнаюцца, што прыехалі сюды рабіць «рэвалюцыю». Але пры гэтым у іх не было выяўлена ані зброі, ані падобных рэчаў. Дзіўная падрыхтоўка да «рэвалюцыі», ці не так?

Трэцяе. Нядаўна ў інтэрнэт трапілі тэлефоны і асабістыя даныя дзяржаўнага прапагандыста Мукавозчыка. Ён моцна абураўся з гэтай нагоды. Дзяржаўныя СМІ зрабілі тое ж самае — без суда і следства выклалі у адкрыты доступ імёны-прозвішчы ўсіх 33-х затрыманых.

Паўтаруся: Следчы камітэт праводзіць «праверку». Невядома, ці заведзеная на затрыманых крымінальная справа, у якім працэсуальным статусе яны знаходзяцца, ці прад’яўленае ім увогуле нейкае абвінавачванне. А можа, беларускія следчыя ўвогуле адпусцяць расіян з прабачэннямі — бо пакуль беларускім заканадаўствам не забараняецца апранаць «мілітары» і перасоўвацца групамі. Але дзяржаўныя СМІ ўжо апрылюднілі персанальныя даныя гэтых людзей. Ці этычна гэта? Ці справядліва?

Чацвёртае. Згодна з паведамленнямі, пэўны час затрыманыя пражывалі ў гатэлі «Звязда». Карцінка, паказаная па тэлебачанні нібыта з «камер відэаназірання гатэля», што зафіксавала групу чальцоў ПВК «Вагнер», знятая ў іншым месцы — а менавіта ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB). У гэтым цэнтры таксама ёсць гатэль, але кадры знятыя на першым паверсе гэтага цэнтру — там, дзе знаходзяцца канферэнц-залы і розныя аўдыторыі для перамоў. Па здымках бачна, што чальцы «Вагнера» рухаюцца ў напрамку малой канферэнц-залы.


116443030_10222741546425617_6160406536821218993_o.jpg

ІВВ — знанае для беларускіх журналістаў месца, там праходзіць шмат розных канферэнцый і сходаў: у прыватнасці, з’езды беларусаў свету, фестываль беларускай рэкламы «Ad’nak», сход дэпутатаў Вярхоўных Саветаў 12 і 13 скліканняў. Ідэнтыфікаваць яго на кадрах ТБ вельмі проста.

Пытанне: навошта спатрэбілася «пастаноўка»? Мажліва, таму, што гатэль «Звязда» — стары будынак савецкіх часоў, і больш нагадвае інтэрнат. І там, напэўна, кепска з сістэмамі назірання. Але, хлусня ў адным выклікае недавер да ўсёй гісторыі.

Ну і, урэшце, пятае. Лукашэнка неаднаразова казаў, што не дапусціць, каб па вуліцах беларускіх гарадоў хадзілі «тэрарысты са зброяй». Але чальцы ПВК «Вагнер» бесперашкодна апынуліся на тых жа вуліцах беларускіх гарадоў. Чаму іх не затрымалі на мяжы? Чаму яны чатыры дні свабодна гулялі па Мінску і ваколіцах? Як Лукашэнка, які абяцаў гэтага не дапусціць, дапусціў?

Ёсць яшчэ шмат пытанняў — усіх не пералічыш.


Не — свабодзе сходаў

На наступны дзень, раніцай 30 ліпеня, у Цэнтрвыбаркам былі запрошаныя ўсе кандыдаты ў прэзідэнты. Прычым, зранку, у 8.55. Безумоўна, размова не магла не ісці пра «баевікоў».

Напрамак размовы яшчэ напярэдадні пазначыў дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў. Па яго словах, краіне будуць прынятыя захады «...па ўзмацненні кантролю за допускам у месцы правядзення мерапрыемстваў, забеспячэнні бяспекі, праверкі людзей. Таму што па арганізацыйнай структуры ў затрыманых людзей выразна прасочваюцца пэўныя кірункі — снайперы, падрыўнікі, айцішнікі. З улікам гэтага будзе прадпрыняты шэраг мер арганізацыйнага характару па пытаннях забеспячэння бяспекі», — заявіў Раўкоў.

Святлана Ціханоўская ля ЦВК. Фота Арцёма Лявы

Святлана Ціханоўская ля ЦВК. Фота Арцёма Лявы

І вось тут сапраўды прасочваецца ўяўная сувязь з мітынгамі Святланы Ціханоўскай. Апошнім часам яны б’юць усе рэкорды па наведвальнасці: тысячы чалавек у райцэнтрах, дзясяткі тысяч, у абласных гарадах. На вечар 30 ліпеня быў запланаваны вялікі мітынг у Мінску на Бангалоры. Прынамсі, за мэту ставіцца прысутнасць на ім 75 тысяч чалавек.

Відавочна, што затрыманне чальцоў ПВК «Вагнер» скарыстана менавіта для таго, каб узмацніць кантроль за правядзеннем такіх мерапрыемстваў, абмежаваць іх наведвальнасць, збіць хвалю падтрымкі Ціханоўскай. Бо падобныя мерапрыемствы за тыдзень да галасавання ўяўна паказваюць, за каго народ. І будзе складана пераканаць каго-небудзь, што Лукашэнка набірае 80% у першым туры.

Гэта пацвердзілі і самі кандыдаты ў прэзідэнты па выхадзе з ЦВК. Паводле іх словаў, іх папярэдзілі пра магчымыя «правакацыі» на масавых мерапрыемствах і давялі, што ад сёння на масавых мерапрыемствах будуць устаноўлены рамкі-металашукальнікі і загароды. Імаверна, усім удзельнікам перадвыбарчых мерапрыемстваў прыйдзецца праходзіць праз дагляд асабістых рэчаў.

Але самі мерапрыемствы не забароненыя, і ў гэтым рэчышчы цікава будзе паглядзець на сённяшні мітынг Ціханоўскай. Беларусы ўжо ператварылі чэргі ў палітычны перформанс. І пытанне, наколькі далёка зацягнецца чарга?

Дарэчы, ні для каго не сакрэт (і для ўкраінскай прэсы таксама), што ў беларускіх санаторыях часцяком праходзілі рэабілітацыю і лекаванне чальцы незаконных узброеных фармаванняў з ЛНР/ДНР. Пра гэта пісалася шмат. І — да гэтага часу — ніякай увагі беларускіх праваахоўзнікаў яны не выклікалі.. Але цяпер, калі ў Беларусі прэзідэнцкая кампанія…

Я не выключаю, што нехта «на самым версе» ласкава папрасіў «вагнераўцаў» згуляць яшчэ адну ролю — ролю «баевікоў у Беларусі». З тым, каб з гэтай нагоды абмежаваць агітацыю апанентаў Лукашэнкі і ў чарговы раз прыціснуць свабоду сходаў. А потым гэтых «баевікоў» праводзяць да мяжы, папрояць у іх прабачэння, падзякуюць, і, мажлава, заплацяць — бо, ізноў жа, з матэрыялаў айчынных сілавікоў пакуль невядома, што чальцы гэтай ПВК у Беларусі парушылі. Факт групавога перабывання ў краіне ў строях «мілітары» — не злачынства.


Паважаныя расіяне!

Карыстаючыся выпадкам, я хачу звярнуцца да ўсіх расіянаў, якія прыязджаюць у нашую краіну на адпачынак. Як вы ведаеце з паведамленняў беларускіх дзяржаўных СМІ, група так званых «баевікоў» «звярнула на сябе ўвагу нехарактэрным для расійскіх турыстаў паводзінамі і аднастайнай адзеннем ў стылі "мілітары". Спіртнога не ўжывалі, забаўляльных устаноў не наведвалі, трымаліся адасоблена, імкнучыся не прыцягваць да сябе ўвагі. Яны невялікімі групамі ўважліва вывучылі тэрыторыю і асяроддзе санаторыя».

Таму, каб не сапсаваць адпачынак трапленнем у беларускае КДБ, паводзьце сябе «характэрна для расійскіх турыстаў». Пачынайце жлукціць гарэлку адразу на мяжы з Сінявокай. Наладзьце ў санаторыях і гатэлях парачку дэбошаў. Крый вас Божа любавацца прыгажосцю сапраўды цудоўнай беларускай прыроды, а тым больш узяць экскурсію ў Белавежскую пушчу — лепш напівайцеся да зялёных чарцей і крычыце знакамітае «Тагіл!» Менавіта так выглядае стандартны, — а значыць, і бяспечны, — расійскі турыст па версіі беларускіх сілавікоў.


tagilrulit.jpg

Нават не думайце ўзяць квіткі ў Оперны тэатр альбо ў Нацыянальны мастацкі музей. Інакш нашыя «тэатралы і мастацтвазнаўцы» рана раніцай пакладуць вас тварам у падлогу, зашчэпяць кайданкі і запытаюцца: «А чаго вы паводзіце сябе так нехарактэрна? Можа, паспрачаемся пра ролю Шагала ў сусветным мастацтве крыху больш шчыльна, у камеры «Амерыканкі»? Заадно і паглядзіце знутры на найвялікшую гістарычную славутасць Беларусі — там у свой час перабыло багата знакамітых творчых людзей: пісьменнікаў, паэтаў, драматургаў…»

Я разумею, што засінячыць вы можаце і дома, і для гэтага не трэба ехаць у Беларусь. Вы прыязджаеце да нас не за гэтым, я ўпэўнены. Але гэтага, падаецца, не разумеюць беларускія праваахоўнікі. Таму, выбачайце, нават калі вы ўвогуле спіртнога не ўжываеце, усё ж вам варта апраўдваць імідж «стандартнага расійскага турыста». Для вашай жа бяспекі…