Ва Украіне паабяцалі санкцыі, калі хоць адзін беларускі самалёт апынецца ў Крыме

У МЗС Украіны папярэджваюць, што Украіна ўвядзе санкцыі, калі хоць адзін самалёт беларускай авіякампаніі апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыма. Аб гэтым заявіла першы намеснік міністра замежных спраў Украіны Эміне Джапарава ў каментары Укрінформ, піша Наша Ніва.

_aeraport__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

«Мы зафіксавалі для сябе выказванні спадара Лукашэнкі аб звароце да Расіі і Пуціна з магчымым адкрыццём авіярэйсаў у акупаваны Крым. Мы будзем дзейнічаць імгненна супраць любых спробаў легітымізаваць акупацыю Крыма Расеяй, супраць любых спробаў навязаць кантакты з так званымі «ЛНР» або «ДНР». І калі хоць адзін самалёт беларускай авіякампаніі апынецца на тэрыторыі акупаванага Крыма, санкцыі будуць непазбежныя з усімі негатыўнымі наступствамі», — сказала яна.
Яна падкрэсліла, што ўся паўната адказнасці за санкцыі і абмежаванні дзяржавамі свету, у тым ліку Украіны, паветраных зносін з Беларуссю і за нязручнасці, якія адчуваюць з-за гэтага грамадзяне Беларусі, ляжыць на Лукашэнку.
Джапарава таксама адзначыла, што рашэнне абмежаваць паветраныя зносіны з Беларуссю — пытанне не палітыкі, а бяспекі.
Па яе словах, Украіна цалкам салідарная ў сваіх дзеяннях з пазіцыяй ЕС, ЗША і ўсяго дэмакратычнага свету адносна рэакцыі на дзеянні Лукашэнкі.
Нагадаем, 1 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка папрасіў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна дапамагчы беларусам трапіць у акупаваны Крым праз Расію.